65 гадоў Лявону Баршчэўскаму. Унікальнаму беларусу, які ведае ці не ўсе мовы свету – і ці не з усіх моваў свету перакладае творы паэзіі і прозы. Гэта найперш ягонымі высілкамі (і высілкамі выдаўца Змітра Коласа) створана кніжная серыя “Паэты планеты”, у якой выйшла ўжо 100 (!) кніг перакладзенай на беларускую мову сусветнай паэзіі…
Гэта ён, як дэпутат, змагаўся за незалежнасць Беларусі ў Вярхоўным Са-веце, гэта ён, як палітык, ачольваў Беларускі Народны Фронт і, як літаратар, Беларускі ПЭН-цэнтр, гэта ён, як кандыдат філалагічных навук, выкладаў у Беларускім ліцэі, гэта ён уздымае сёння ўзровень беларускай перакладніцкай школы… і ўрэшце гэта ён спявае ў застоллі па заяўках сяброў хоць ангельскія, хоць нямецкія, хоць кітайскія, хоць іспанскія, хоць грузінскія, хоць маўрытанскія, хоць няведама якія песні…
Лявон Баршчэўскі нарадзіўся 4 сакавіка 1958 года ў Полацку. У 1975 годзе паступіў у Менскі педагагічны інстытут замежных моваў на спецыяльнасць “Нямецкая і ангельская мовы”. Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моваў у роднай школе № 10 Полацка, потым у Наваполацкім політэхнічным інстытуце (цяпер – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт). У 1987 годзе скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце замежных моваў, атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук. У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Менску клуб маладых перакладчыкаў “Бабілён”.
Перакладчык і ўкладальнік зборнікаў лірыкі Бертольда Брэхта, Нікалаўса Ленаў, Сапфо, Ф. Петраркі, Ф. Гёльдэрліна, Я. Вырхліцкага, К. Кавафіса, Анакрэёна, Ду Фу, Г. Экелёфа, Э. Кітэльсэна, Архілёха, Бабура, С. Стэйнара, Назіма Хікмета, аль-Бухтуры, М. Цвятаевай, Нэлі Закс, Р. Кэмпбала, Сальваторэ Квазімада, М. К. Сарбеўскага, Г. Лоўсана; зборнікаў выбранай прозы Г. Бёля (дзе змешчаны м. інш. яго пераклад рамана “Більярд а палове дзясятай”), Ф. Кафкі (улучна з яго раманамі “Працэс”, “Замак”, “Зніклы”, выбранымі апавяданнямі). Пераклаў трагедыі Эсхіла “Прыкуты Праметэй”, “Персы”, Сафокла “Эдып-цар”, Эўрыпіда “Мядэя”, камедыі Арыстафана “Жабы”, “Люсістрата”, Менандра “Адлюднік”, драму Фрыдрыха Шылера “Дон-Карлас”, раманы Ёгана Вольфганга фон Гётэ “Пакуты маладога Вяртэра”, Кнута Гамсуна “Голад”, аповесці Г. Мастоўскай-Радзівіл “Здань у Малым Замку”, Астрыд Ліндгрэн “Усе нашы дзеці з Булербю”, Яраслава Івашкевіча “Панны з Вілька”, паэмы Эдгара Алана По (“Тамерлан”), Хаіма Нахмана Бяліка (“У горадзе разні”), К. І. Галчынскага (“Баль у Саламона”), Ч. Мілаша (“Маральны трактат”, “Паэтычны трактат”), трактат Імануіла Канта “Пралегамены да любой будучай мэтафізікі”, п’есы Станіслава Выспянскага (“Вяселле” і “Варшавянка”), Сэм’юэла Бэкета (“Ня-я”), Фрыдрыха Дуранмата (“Партрэт планеты”), Вацлава Гаўла (“Свята ў садзе”), С. Мрожака (“Танга”), кнігі нямецкіх гісторыкаў Р. Лінднера (“Гісторыкі і ўлада”) і Б. К’яры (“Штодзённасць за лініяй фронту”), паасобныя паэтычныя творы і прозу Г. Апалінэра, апавяданні К. Гамсуна, Ю. Боргана, Б. Шульца, эсэ А. Міхніка, вершы, урыўкі з паэмаў Анакрэонта, Катула, Вяргілія, Авідыя, Б. дэ Борна, П. Відаля, Дантэ Аліг’еры, П. дэ Рансара, Л. ды Камойнша, Я. Каханоўскага, Нікаля Буалё, Дж. Мілтана, Ю. Бакі, Гётэ, Адама Нарушэвіча, Ф. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча, Г. Гайнэ, Дж. Леапардзі, Дж. Кітса, М. Эмінеску, В. фон Хайдэнстама, С. Обстфельдара, Х. Н. Бяліка, Х. Р. Хіменаса, Г. Ахтэрберга, Я. Э. Волда, Ю. Чаховіча, Фернанду Пясоа, Нэлі Закс, Я. Бжэхвы, Г. Граса, Т. Транстрэмера, Б. Акуджавы, Т. Вянцлавы, Р. Кемпбала і інш., лібрэта оперы “Чужое каханне наступстваў не бачыць” Ф. У. Радзівіл.
Баршчэўскі – аўтар кніг папулярных нарысаў “Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі раманты-зму” (2003) і “Беларуская літаратура і свет” (2006; разам з П. Васючэнкам і М. Тычынам). Аўтар больш за 30 артыкулаў і навуковы кансультант 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі” (1996-2004), а таксама шматлікіх артыкулаў па методыцы выкладаньня літаратуры ў сярэдняй школе і ва ўстановах новага тыпу. Вядомы таксама як публіцыст: яго шматлікія артыкулы, інтэрвію публікаваліся ў незалежнай пэрыёдыцы ў Беларусі і па-за яе межамі. Суаўтар публікацыі “Справаздача аб стане незалежнай культуры ў Беларусі”, прэзентаванай на сустрэчы кіраўнікоў ведамстваў культуры краінаў Еўразвязу ў Любліне (2011). У 2014 годзе ў кракаўскім архіве (аддзел рукапісаў Бібліятэкі князёў Чартарыскіх) знайшоў рукапісы невядомых твораў беларускамоўнай літаратуры першай трэці ХІХ стагодзьдзя “Wiersz Ruski o Religii i Obyczaynosci” і “Jasno czerwony raczek po obloku skacze…”.
Баршчэўскі быў рэдактарам серыі “Biblioteka bialoruska”, якая пачала выходзіць у 2006 годзе ва Уроцлаве ў выдавецтве Калегіюма Усходняй Еўропы. Рэдактар серыі “ЕўраГраматыкі” (з 2008). Ён уклаў 27-моўны “Еўраслоўнік” (2008), “Літоўска-беларускі, беларуска-літоўскі слоўнік” (2021), “Кароткі падручны беларуска-ангельскі слоўнік” (2023), з’яўляецца адным з укладальнікаў і рэдактараў “Нямецка-беларускага слоўніка” (2006) і “Беларуска-нямецкага слоўніка” (2010). Аўтар “Кароткай граматыкі польскай мовы” (2008), “Беларуска-польскага размоўніка-даведніка” (2011); адзін з аўтараў “Кароткай граматыкі латышскай мовы” (2008), “Кароткай граматыкі нідэрландскай мовы” (2009), “Кароткай граматыкі нямецкай мовы” (2012). Укладальнік хрэстаматыяў для сярэдняй школы “Літаратура народаў свету” (т. 1 і 2, 1995) і “Літаратура народаў свету: ХХ стагоддзе” (1999; разам зь Е.Лявонавай).
Лявон Баршчэўскі працаваў намеснікам дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, які быў афіцыйна зачынены ўладамі ў 2003 годзе. Уганараваны Дыпломам Таварыства беларускай школы “Беларускі настаўнік 2009 года” і медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі (2019). Лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (1997).
У 1990-1995 гадах Баршчэўскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання, уваходзіў у склад парламенцкай апазіцыі БНФ. Быў сябрам камісіі ў пытаннях адукацыі, культуры і захавання гістарычнай спадчыны, а таксама сябрам камісіі ў міжнародных справах і замежнаэканамічнай дзейнасці. Быў суаўтарам канцэпцыяў прынятых у 1990-1992 гадах законаў “Аб грамадзянстве”, “Аб адукацыі”, “Аб рэферэндуме” і інш. У красавіку 1992 года на 9-й сесіі ад імя Апазіцыі БНФ прадстаўляў распрацаваны адмыслоўцамі праект закона “Аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю”, які не быў прыняты бальшынёй Савета.
З 1995 года – намеснік старшыні Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, у 1996-1999 гг. – выконваў абавязкі старшыні партыі пасля эміграцыі Зянона Пазьняка. Пасля расколу партыі ў 1999-2001 гг. быў дарадцам старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі.
На 10 з’ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 года Лявон Баршчэўскі абраны старшынём партыі. У верасні 2009 году зышоў з пасады старшыні, на якой яго, па выніках з’езду партыі, замяніў Аляксей Янукевіч. У 2011 годзе разам з групай паплечнікаў выйшаў з Партыі БНФ.
Вікіпедыя.
Лявон Баршчэўскі быў сталым і актыўным сябрам ТБМ, пастаянным сябрам Рады ТБМ. Ад імя былых сяброў ТБМ шчыра віншуем спадара Лявона з днём нараджэння і зычым плёну ў працы на карысць Беларусі.