Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Каб мова беларуская гучала…

Каб мова беларуская гучала…

7 сакавіка 2023, 08:55 Мова 81
Каб мова беларуская гучала…

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”. Мерапрыемства, якія прайшлі ў бібліятэках сістэмы, праводзіліся з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і выхавання павагі да гісторыі і спадчыны свайго народа.

Родная мова – гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, яго розум і вопыт. Кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, павінен ведаць беларускую мову, бо гэта – наша галоўнае нацыянальнае багацце і адрозненне. Таму да 21 лютага, калі міжнародная супольнасць адзначае Сусветны дзень роднай мовы, супрацоўнікі бібліятэк Лідчыны разам са сваімі чытачамі і наведвальнікамі з асаблівым гонарам і пачуццём размаўлялі па-беларуску пра сваю родную мову.

У Міжнародны дзень роднай мовы ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №2” прайшло мерапрыемства “Родная мова – ты матчына мова!” у выглядзе гульні “Поле цудаў”. Галоўная  мэта гульні – далучэнне дзяцей да багацця беларускай мовы, выхаванне з маленства думкі, што ў чалавека ёсць толькі адна мова і назва ёй – беларуская. Рознабаковыя заданні дапамаглі прайсціся па старонках мінулага, зазірнуць у беларускую хатку, дзе даведаліся пра адзенне і побыт беларусаў, адчулі смак беларускай мовы разам са знаёмствам са стравамі беларускай кухні.

У філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” прайшоў літаратурны дыялог “Я – беларус, і я шчаслівы, што мову маці мне дала”. Дзеці ласкавымі словамі называлі нашу мову, паслухалі вершы пра Радзіму, беларусаў, мову, пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, паказалі сябе знаўцамі беларускіх загадак і паспрабавалі стаць перакладчыкамі.

Філіял “Інтэграваная бібліятэка агр. Бердаўка” запрасіў гасцей на гадзіну роднай мовы “Вы слухайце родную мову, як пявуча льецца і гучыць”. На працягу мерапрыемства бібліятэкар імкнулася паказаць усю прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы, распавяла аб тым, які шлях давялося прайсці беларускай мове, каб стаць  адной з самых прыгажэйшых моў свету. Дзеці з цікавасцю прынялі ўдзел у гульні “Прачытай верш”, у імпрэзе  “Размаўляй са мной па-беларуску”, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі.

Паэтычная хваля “З родным словам круглы год” у аграгарадку Дворышча закранула шматлікіх жыхароў мястэчка. У дзень роднай мовы наведвальнікі філіяла “Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча” атрымалі кнігі беларускіх пісьменнікаў на роднай мове на сваіх працоўных месцах, каб затым, сваім прыкладам, заахвочваць сваіх дзяцей  і родных да чытання на беларускай мове.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка агр. Крупава” быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры пад назвай “Ад зерня – колас, ад слова – мова”. Наведваючы бібліятэку, чытачы атрымалі магчымасць звярнуцца да беларускага слова, пачытаць уголас літаратурныя творы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.

У  філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3” прйшла гадзіна роднай мовы “Русскай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзельнікам мерапрыемства былі прапанаваны  конкурсы: “Мова родная – народная”, “Перакладзі”, “Прыказкі і прымаўкі”, загадкі “Загадкі-рыфмаванкі” і гульня “Размаўляем па-беларуску”. Напрыканцы сустрэчы дзеці прынялі ўдзел у дыктоўцы.

Філіял “Інтэграваная бібліятэка в. Мінойты” запрасіў гасцей на гадзіну мовазнаўства “Каб мова беларуская гучала”. У час мерапрыемства прысутныя звярнуліся да гісторыі і культуры роднай мовы, прыгадалі, што родная мова – генетычны код любой нацыі, які патрэбна любіць, шанаваць і берагчы. Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы прысутным дапамагло напісанне 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі, для якой быў абраны тэкст “І гэты дзень настаў”, прысвечаны ваеннай тэме. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікам гадзіны мовазнаўства былі дадзены парады, як пачаць размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці, бо трэба размаўляць на роднай мове, каб яна не адышла ў нябыт і ў забыццё.

21 лютага ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” адбыўся куфар ведаў “Роднай мовы гук чароўны”. Удзельнікі сустрэчы прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх конкурсах, віктарынах, гульнях: “Адкажы на бліцапытанне”, “Перакладзі словы на рускую мову”, “Адгадай загадкі-жарты”. З мэтай папулярызацыі беларускай мовы прысутныя прынялі ўдзел у 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Кожны з удзельнікаў быў уважлівы, імкнуўся як мага лепш напісаць, разам з тым адчуў, што “слова беларускае – жывое, гаваркое, музычнае, напеўнае, непаўторнае”.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В.Таўлая” была праведзена літаратурная гасцёўня “Сэрцам роднага слова краніся”. На свята роднай мовы завіталі людзі розных прафесій і ўзросту, шмат было людзей, якія скончылі школу сорак і больш гадоў таму.  Для прысутных у гэтым годзе была прапанавана дыктоўка “Лідскі замак”, з напісаннем якой усе справіліся выдатна.

Тым жа днём у чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы сабраліся супрацоўнікі бібліятэкі і чытачы для напісання 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі да Міжнароднага дня роднай мовы. Тэкст дыктоўкі меў назву “Да 700-годдзя заснавання Ліды” і прысвячаўся знамянальнай даце (юбілею г. Ліды) і падрабязнаму знаёмству з біяграфіяй заснавальніка горада – князя Гедыміна.

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №1” прайшоў урок беларусазнаўства “Як даўні скарб, як спадчына, нам даравана мова матчына”. На мерапрыемстве ў выкананні вядоўцаў прагучалі вершы пра родную мову. Падчас свята дзеці пашырылі свой слоўнікавы запас і праявілі творчыя здольнасці. Яны прынялі ўдзел у гульні, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў на беларускую мову, разгадвалі загадкі і рэбусы. Дзеці паспаборнічалі ў конкурсе скорагаворак, падбіралі розным прадметам беларускія назвы. Свята запомнілася ўсім. Кожны ўдзельнік мерапрыемства зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў ёй – гісторыя народа.

Вядома, што мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж носьбітамі, паміж мінулым, сапраўдным і будучыняй. Таму мы будзем і далей імкнуцца папулярызаваць роднае слова, у гэтым з задавальненнем і ахвотай дапамогуць бібліятэкі Лідскага краю.

Кацярына Сандакова,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага

маркетынгу ДУК “Лідская раённая

бібліятэка імя Янкі Купалы”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2215
Вырай «Вурая»
Грамадства

Вырай «Вурая»

9 лістапада 2018, 09:2215
Далучайцеся да нас