8 лютага, у чарговую гадавіну з дня нараджэння заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая, у Доме паэта па вуліцы Замкавай адкрылася новая экспазіцыя – “А пачнём мы казку так…” На два з паловай месяцы яна стала месцам прыцягнення для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, кутком казак у Доме-музеі паэта.
Дзень нараджэння Валянціна Таўлая традыцыйна адзначае калектыў Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. У мінулым годзе да гэтай даты была прымеркавана выстава “Вераб’іная праСТОра” (яна ж была прымеркавана і да 100-годдзя з дня напісання першага верша Валянціна Таўлая “Верабейкі”, які паэт напісаў у васьмігадовым узросце ў Лідзе). На гэты раз музейшчыкі зноў звярнуліся да дзяцінства паэта.
– Вядома, што Валянцін рана асірацеў (яго мамы не стала, калі хлопчыку было шэсць годзікаў), – расказвае куратар Дома Валянціна Таўлая, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. – Гадавала яго і брата Сашу бабуля Аўдоцця – маці бацькі Паўла Дзям’янавіча. Унук-паэт пісаў пра яе так: “Гэта – звычайная вясковая жанчына. Даволі доўгае прабыванне ў гарадах не адбілася ні на яе мове, ні на вопратцы, ні на звычаях і абыходжанні. Зусім непісьменная. Бясконца працавітая і цярплівая. Невычарпальная крыніца народных казак”. Па вечарах яна расказвала Валю і яго малодшаму брату Сашу казкі. Вось ад каго Валянцін Таўлай пераняў народную мудрасць! І гэтую павагу да фальклору, любоў да роднай зямлі, роднай мовы ён пранёс праз усё жыццё. У паэтычным багажы Валянціна Таўлая ёсць і вершы для дзяцей (напрыклад, “Бабуля і ўнучка”). Адзін з вершаў ён прысвяціў сваёй сястрычцы Ніне. Называецца гэты верш “Дзяўчынка-свінка” (чарнавая назва – “Я Ніночку-малышу гэткі вершык напішу”).
У падрыхтоўцы экспазіцыі “А пачнём мы казку так…”, як і ў падрыхтоўцы леташняй выставы “Вераб’іная праСТОра”, работнікам Дома Валянціна Таўлая дапамаглі вучні Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. Малюнкі, створаныя па матывах беларускіх народных казак, сталі асновай экспазіцыі. У выставачнай зале таксама прадстаўлены кнігі беларускіх народных казак, асобныя прадметы, якія згадваюцца ў іх і якія амаль выйшлі з ужытку. Экспазіцыя “А пачнём мы казку так…” будзе дзейнічаць да канца красавіка і стане цікавай і пазнавальнай для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
А першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі ў мінулую сераду выхаванцы ясляў-садка № 9 і іх выха-вальніцы. Наведаўшы выставачную залу Дома Валянціна Таўлая, яны быццам пабывалі ў свеце беларускіх народных казак і даведаліся шмат новага з аповедаў работніцы Дома-музея Ганны Драб (яна выступіла ў ролі казачніцы) і яго куратара Алеся Хітруна.
Дзеці паслухалі казкі пра тое, як з’явіліся буслы, чаму барсук і ліса жывуць у норах, пра Алёнку-Крапіўніцу, пеўня і некаторыя іншыя, убачылі сярод экспанатаў атрыбуты Бабы-Ягі: мятлу, ступу і кошык з зёлкамі. Але галоўным героем экспазіцыі стаў хлеб, пра які складзена многа казак. Ёсць тут і прадметы сялянскага побыту, і нават меч, скрыпка, дудка – усё гэта згадваецца ў казках. Дзякуючы экспанатам казкі быццам ажылі, дзеці маглі дакрануцца да іх.
На заканчэнне дашкаляты паглядзелі і паслухалі відэааповеды казак “Як курачка пеўніка ратавала”, “Курка Рабушка”, а на памяць аб наведванні экспазіцыі атрымалі карцінкі-размалёўкі на тэму беларускіх народных казак.
Аляксей КРУПОВІЧ.