12 лютага споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння беларускага філолага, фалькларыста, літаратуразнаўца, краязнаўца, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксея Ненадаўца. Аляксей Ненадавец нарадзіўся 12 лютага 1958 года ў вёсцы Чухава Пінскага раёна. У 1975 годзе скончыў Чухаўскую сярэднюю школу, паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, поўны курс якога па спецыяльнасці “Філолаг-выкладчык” завяршыў у 1980 годзе. Пасля размеркавання Аляксей Ненадавец застаўся асістэнтам на кафедры рускай літаратуры. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, адкуль яго прызвалі на службу ў армію.
Служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе, бываў у камандзіроўках у Афганістане. Вясною 1982 года Аляксей Ненадавец дэмабілізаваўся і аднавіўся ў аспірантуры, якую паспяхова закончыў у 1985 годзе. Кандыдацкую дысертацыю Аляксей Ненадавец абараніў у 1985 годзе па тэме “Дакастрычніцкая творчасць Якуба Коласа і фальклор”. З 1985 па 1989 гады працаваў асістэнтам, а затым і дацэнтам кафедры рускай літаратуры ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. З лютага 1989 года – дактарант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы АН БССР. З 1992 года Аляксей Міхайлавіч працаваў на пасадзе старшага навуковага, а потым вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута імя К. Крапівы. У 1995 годзе Аляксей Ненадавец абараніў доктарскую дысертацыю “Праблема этнічнага архетыпу ў беларускім фальклоры”. У 2000 годзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры “Дзяржаўныя і замежныя мовы” Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. На працягу сваёй дзейнасці бесперапынна займаецца даследаваннем беларускай міфалогіі і фальклору беларусаў, узаемасувяззю літаратуры з народнай творчасцю, міфалогіяй і фальклорам, краязнаўствам. Аўтар больш за 720 навуковых і навукова-папулярных публікацый у айчынным і замежным друку. Сваю фантастычную працаздольнасць сам Аляксей Міхайлавіч тлумачыць проста: “Вандроўкі па родным краі, фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі для мяне не толькі творчая праца, але і цудоўны адпачынак”. Найбольш значныя навуковыя працы даследчыка: “Пакланіцеся дубу” (1993); “Святло таямнічага вогнішча” (1993); “Каму пакланяліся продкі” (1996); “За смугою міфа” (1999); “Чорт у легендах і паданнях беларусаў” (1999); “Сілаю слова: Чорная і белая магія” (2002). Аляксей Ненадавец запісаў, апрацаваў і ўклаў зборнікі назваў населеных пунктаў розных рэгіёнаў Беларусі паводле легенд і паданняў. Аўтар артыкулаў пра фальклор Калінкавіцкага і Брагінскага раёнаў, апублікаваных у кнігах серыі “Памяць” (2002, 2003). Акрамя таго, Аляксей Ненадавец напісаў гістарычныя працы: “Крэпасць на Бярэзіне” (1993), “Тэадор Нарбут” (1996), “Летапіс горада на Бярэзіне (1387-1917)” (1998).
Асабліва плённа працуе этнограф і фалькларыст у апошні час. Кола яго інтарэсаў самае разнастайнае: ад крапатлівага збірання такога цікавага жанру, як праклён, да гістарычна-дакументальных даследаванняў. Найбольш значныя манаграфіі аўтара з’явіліся з друку нядаўна. А гэта – “Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца” (2015), “Бацькоўская хата” (2015), “Цячэ рэчанька” (2016), “Нашы спеўныя землякі” (2017), “Сіла праклённага слова” (2017), “Легенды старых млыноў” (2018) і іншыя.
Паводле СМІ.