Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сяргей Панізьнік. ЗГУКІ РОДНАГА ПРЫДЗВІННЯ

Сяргей Панізьнік. ЗГУКІ РОДНАГА ПРЫДЗВІННЯ

8 лютага 2023, 21:41 Мова 48
Сяргей Панізьнік. ЗГУКІ  РОДНАГА  ПРЫДЗВІННЯ

Пра духоўную веліч землякоў, скарбы  маўлення  на міёрска-дзісненскім мацерыку, запісаныя ад насельнікаў Лявонпальскага сельсавета…

 

Узнятыя з Прыдзвіння фальклорныя аруды –

напетыя Ядзвінняй, навітыя Марутай…

 

Прыняў я запаветы ад Вольгі, ад Альжбеты…

Хто слых свой не губляе – Радзіму-Песню мае!

 

На слыху  замова мамы Ганны Панізьнік з вёскі Бабышкі:

– Маладзік малады, твой ражок залаты!

Дай, Божа, табе на пастаянне, а мне – на дарогу.

Табе злота карона, а мне – шчасця і здароўя!

 

На слыху бабулькі Альжбеты Панізьнік з вёскі Бабышкі:

– Ды ўстаньце, буйныя ветры на дварэ,

Ды разнясіце траўку-мураўку зялёну,

Ды паламайце яловы дошкі на крошкі,

Ды падыміце маю мамульку на ножкі!

(Мамулька Сцепаніда пражыла сотню гадоў, заха-ваўшы ўніяцкую веру.)

 

Трапілася чарвяку на вяку.

Чалавек сабакі не баіцца, але звягі не любіць.

Праўды на ногаць, а маны  па локаць.

Дзе была ніўка, там пожанька стала.

За дурной галавой і нагам неўпакой.

 

ПРОДКАЎ векавое адчуванне – наша далеч, наша вышыня:

Мудрасці і ў Слове многа: дабрынёй надзелена.

Наша творчая дарога – золатам засцелена.

Будзь зямлёй святою, Баць-каў-шчы-на!

Сем дарожак з дому, дадому – адна.

 

Парады з іскрынак маўлення:

– Не думай, як думаецца, а думай, як давядзецца.

– Без прыгляду толькі мурашы плодзяцца.

– Не кайся, рана ўстаўшы, маладым жаніўшыся.

– Проці ночы сам сабе не вер.

– Прычыну і канём не аб’едзеш.

– Вольнаму – воля, багатаму – рай.

– З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны.

– Узнесціся  не ўпасці, вярнуцца не прапасці; і нельга мову скрасці: яна ў крыві гарыць.

– Хай нашу  Айчыну Любоўю, вялікай Любоўю завуць.

– Хай жа не сівеюць нашыя галовы – залатую помняць сенажаць!

*

Тулюся да свячы, 

каб на мяне глядзелі

і продкі па мячы,

і продкі па кудзелі.

 

*

Калі шанцуе,

то й Халімон танцуе.

 

*

Каб не клін, ды каб не мох,

то і плотнік бы здох.

 

*

Кій на кій мо й завадзіць, абед на абед – не!

 

*

Кожная зязюля пра сваё кукуе.

 

*

Шлях не зблудзім – не збэйдзіцца час.

 

*

Едзьце, сваты, дамоў, не гудзьце нашых двароў.

Нашы двары загудзіце – самі ў лесе заблудзіце.

 

*

– Ой, сват ты мой сват! Не бяры мяне за зад,

а бяры за перад: шчупака злаўлю я ў нерат…

 

*

Чорт па левай руцэ ідзець, анёл – па правай.

 

*

– Надаеў: стукну, то кумеллю пакоцішся ў магазін за хлебам…

(У літоўскай мове  kumele – кабыла, жарабок.)

 

*

– А мой прайдзісвет даў лататы – і толькі яго відзелі…

(Даць лататы – збегчы, уцячы. У літоўскай мове  latati – выклічнік азначэння хуткага бегу.)

 

*

– Ды вы хоць намітусь лажыцеся, абы ціха было ў хаце…

(Намітусь, умітусь – нагамі да ног, галовамі ў розныя канцы ложка.)

 

На слыху Ядзвінні і яе мужа Андрыяна Кісляка:

Чалавек прапаў – і сабакі не брахалі.

Нядотыкі святкаваць – радню не прызнаваць; гультаіцца.

Лезлі на лес – пярэчылі нам.

Не тачыце лЯсы – не рабіце абы што.

І на свой след не ўспусціла б…

З калена выламалі чутку – прыдумалі.

Як каню дзёрнуць – пра невялікі груз.

Як рукамі развесці – пра невялікі надзел.

І ад яйка адалье, умелец такі.

Жыць – не мяшок шыць.

Хвінду-хвінду, узяўшы пінду.

 

Чорт мазуту гоніць…

(Сексуальныя згадкі пра паходку і юрлівасць)

 

Старога вучыць – што мёртвага лягчыць.

Ранняя птушка цярэбіць  зубкі, а позняя – вочкі.

З печы ў боты скокнуць – зрабіць удала.

Жаронцамі церці – віхляць клубамі.

 

ЧЫН-ЧЫНАРОМ !

 

Пад Крыжом – чын-чынаром!

Кожны стане Званаром!

Праз Дзвіну-Рубон і Волту ёсць паром!

Мы ўсе прымаўкі збяром!

 

А на пешага Арла і Сарока з колам!

– Ля цябе яна была? Цэлы!

Я – з прыколам: не люблю быць голым.

 

– На сум цябе што навяло?

Наўкруг – пагода!

– А каб вайны ў нас не было… 

Народу шкода.

 

Гроб. Уквечанае вечка.

Ціха думае чарга:

“Хто цяпер ён: Богу свечка,

а ці чорту качарга?”

 

– Да паўдня я з ім балакаў…

– Ну а вынік?

– Чорт наплакаў…

 

Для службы Айчыне свой шлях выбірай: 

“Вольнаму – воля!  Багатаму – рай!”

 

Не за тое мы галелі, што пілі і многа елі,

Праўды, Веры мала мелі…

Але мы не акалелі:

узнялі нас каруселі-

мудрых прымавак займелі.

 

– У лагодзе мы жылі,

ў гумар наш не верыцца:

“Мужа толькі пахвалі,

то й дамоў ня вернецца”.

Гута-гута- гута-та!

Выйшла кошка за ката:

– А за катом добра жыць –

не надабя штаны шыць!

 

Варажэя кажа ў верадзе:

” Шчасьце, мілачка, наперадзе, –

будзеш мець усладу!”

Муж цыганкі не зняверыўся,

паглядзеў, нібы прымерыўся:

– Тваё шчасьце – так, наперадзе,

а сагнешся – ззаду!

 

– Ад Слова роднага мы зноў пачнем

дужэць і выяўляць, хто глух і нем.

 

– Не вер ні чорту, ні Мамоне!

Ты знойдзеш сілу – у гармоне.

А злыдзень будзе – у палоне,

бо смела знішчыш беззаконне.

(Мамона – бог багацця, сімвал пажады, хцівасці.)

 

– Думалася: узлячу

і не плачам адплачу

валацугу-багачу…

А папала ў заглуш.

Эх, звёў мяне замуж:

сыраваткі хачу…

(Зацяжарыла.)

 

– Ішоў я, ішоў я апаўночы з карчмы.

Нашоў я, нашоў я салаўя ў карчы.

Салавей шчабеча, усю праўдачку кажа:

з кім мая мілая спатанькі ляжа..

 

– А хто гол, як той сакол?

Мой мужык нібыта кол –

без мяне пачаў паход:

скрыжніцай змяў ледаход…

 

– Лынды біць, гультаіцца

я не ўмею, чаіца…

А хто вечарам спаймае –

здольнасьці мае спазнае…

 

– Чужое ем – і глух, і нем…

А калі маё ядуць, –

у мяне слёзы цякуць…

 

Бацька ў Бабышках пра посную вячэру гаварыў так:

– Яглы – гэта калі няеўшы спаць ляглі…

(Слова яглы  стала вядомым мне, калі ў пражскай краме прачытаў : Jahly /націск на першым складзе/. Проса – ежа нясытная.)

 

– З’ездзіў, як цар пад Рыгу! – пацвельваўся мой бацька Сцяпан, калі сусед сабраўся было ў дарогу, а вярнуўся без дабытку. Цару не пашэньціла, а гэта ці не Івану Грознаму ў гады Лівонскай вайны. Прымаўка ўзнікла на гістарычнй Дзісеншыне, па якой цар вяртаўся з няўдалага паходу.

                                      *   *   *

 

Бадзяк палявы, чабарок паўзучы, сонцацвет заравы, дабраполь гаючы,

Сонцагляд-малачай, трава-ключ, сардэчнік, святаяннік, гарчай, зубнік, меч, урэчнік, мацярдушка, метлужок і браткі, і дзядкі…

– Чай-гарбата не вадзіца.

Толькі трэба, мае госці, кожнай зёлцы пакланіцца.

(Знаходкі ў зельніку цёткі Ядзвінні з роду Панізьнікаў.)

 

Мяне мой Мацярык натхняе.

Прырода тых укараняе,

з кім сцежка Нацыі здружыла. 

МАЛОЙ РАДЗІМЫ НЕ БЫВАЕ  !

 

Любоў не спажыва – Крэсіва!

Не насалода, не…

Гэта надзея ўваскрэсне – 

Прапрарадзіма ўва мне.

Гэта ратунак: голаў

не схіліцца на Крыжы.

Любоў – невылечны голад

няўтомнай нашай душы.

 

Дадатак да прыдзвінскіх згадак ад мамак і татак. Гэта:

“Сват свацці сплёў лапці з тоўстых лык,

і сам стаіць надуўшыся, як індык”.  

 

А я напоўнены сотнямі песняў гадавога цыклу, якія захаваны на дысках. Гэта на ручніку-абярэгу Белавус Параскі з-пад Дзісны – знак з эпохі неаліту. Памяць продкаў высвечваецца і на вышыўцы Ядзвінні Кісляк: там узор з эпохі арыяў…

А намаўлялі мяне і рэчка Волта (далёкая родзічка пражскай Влтавы, румынскай ракі Олт, львоўскай Полт-вы, ручай Лебядзінец між вёскамі Дубавое, Ліпава, Ясёва… А таксама насельнікі вёскі Латышы, мястэчка Лявонпаль – былой рэзідэнцыі графа Лапацінскага. У маўленні – рэха крывіцка-балцкага мацерыка. Каля маёй сядзібы расла не вярба, а жульвіца, бацька насіў не куртку, а шварку…

Перайшло, мінула,

Што калісь жыло.

Ў курганах заснула,

Зеллем зарасло.        

(Янка Купала “З мінулых дзён”. 1909 г.)

А чутно:

– Вам золатам дарога пасцелена!

– Не трубіць у кулак! (Не жыць у галечы.)

– Проці ночы сам сабе не вер…

– Каб і сцены не чулі…  (Пра патаемныя размовы.)

– І ад яйка адалье!  (Падманіць.)

– І зноў “алА-алА…” (Пра пустыя размовы.)

– Трон закончыўся… (Мінулася ўдача.)

– І зноў палез на лес… (Асмеліўся пярэчыць.)

– Лахі пад пахі – і вон з хаты!

– Даў не па конях, а па аглоблях…

– Папраў казе хвост! (Здзеклівая парада.)

– Толькі курыца ад сябе грабе…

– Пакідайце слова на дабрыдзень! (Парада маёй мамы.)

– Чын-чынаром! (Як найлепш. Так, як трэба.)

– Толькі тэртус ідзе! (Неўгамон.)

– Каціся ты кубарам! (З галавы на ногі.)

– Хто мяняіць, па тым хамут гуляіць.

– Дунай вады вылілі, а галоўку не вымылі.

– На ціхога вецер навеіць, а радзівый сам набяжыць.

– Яго і ў мяшку не зловіш!

– Была благая пуга, ды й тая абарвалася. (Пра страчанага мужа.)

– На  Сонца пальцам не паказвай!

– Бог ведае – хто што робіць і хто як абедае.

– Хопіць лЯсы тачыць! (Хопіць балбатаць.)

– Памяняем баш на баш! (Баш – галава па-татарску.)

– Даць падабінкі. (Пераўзыйсці.)

– Адкінуць пархі. (Сканаць.)

– На цырлах ходзіць! (Важнічае, фанабэрыцца.)

– Гамэрня сабралася! (Натоўп.)

– Радзіўся ў роўную пару! (У спрыяльны час.)

– Дайце падабінкі! (Дайце магчымасць перамагчы.)

– Не тут гукана сто разоў… (Пра неспадзяванае  няшча-сце.)

– Пра воўка памоўка, а мядзведзь з-пад налуску ды за гуску. (З-пад прыкрыцця.)

– Соль табе ў вочы, галавешка ў зубы, клубок нітак паміж лытак, пад хвост памяло, каб аж дух заняло.

 

Слова – для сустрэч кадзіла.

Будзем вольна дзеіць, ветла,

каб з Айчынаю прыветнай

Сонца па зямлі хадзіла.

 

Не замежная, а заможная,

прыналежная – не парожняя,

не сумежная – падарожная,

непарушная Мова, услужная!

Як нявестачка, яна пожнямі

з гаваркімі ідзе падарожнымі.

Насцярожаную, упрыгожаную

і харошанькую даў нам Божанька!

 

Сяргей Панізьнік.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4719
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Цікавая сустрэча з беларускім пісьменнікам
Выданні

Цікавая сустрэча з беларускім пісьменнікам

3 сакавіка 2020, 20:3315
Памёр прафесар Ян Чыквін
Культура

Памёр прафесар Ян Чыквін

29 лістапада 2022, 13:5615
Далучайцеся да нас