У ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ЗІМЫ
За ноч завеі замялі
Струпы ад стратаў і здабыткаў,
І,
аркуш на стале нібыта,
Бялее прышласць прад вачмі.
Ступіўшы на яе цалік,
Ужо не маюся вярнуцца,
Туды, дзе за спіной кладуцца
Сляды радкамі ў чыставік.
Узважваю памер і крок,
Каб ззаду не гулі папрокі,
Калі мой цень растане ў змроку,
А снег збяжыць вадою ў лог.
Не здолею бо памяняць
Тады
змест,
сэнс,
верашабудову,
Як і пражытую
нанова
Не выйдзе сцежку пратаптаць.
СНЕЖАНЬ. ДОСВІТАК. ТУМАН
Яшчэ няпэўна на зямлі
Усталяваў уладу снежань,
Таму аблокі прыляглі
На бель у вугалі праплешын.
Што сняць вандроўныя яны
У свой кароткі адпачынак? –
Мо поўнагрудыя сады?
Ці квецень першую галінак?
Прысады цішай абнялі,
Як ні крычы – не дагукацца,
Бо самі ведаюць, калі
Дадому трэба выпраўляцца.
Бакі баляць, ім доўга спаць,
І ледзьве зоймецца світанак,
Адгэтуль плыўка паляцяць,
Курэючы ўгару … туманам.
СОНЦА СЫХОДЗІЦЬ…
Снежачы ў вочы прахам
Зможаных аблачын,
Сонца ідзе на захад –
Сонца ідзе на спачын.
Промняў расплёўшы косы,
Лёду пачуўшы звон,
Сонца ідзе з нябёсаў,
Сонца сыходзіць на скон.
Гасне на даляглядзе
Золку рудая кроў –
Сонца ідзе з бязладдзя,
Сонца ідзе ў заціш сноў.
Страціўшы рэшткі ймпэту,
Ледзьве трымае крок,
Сонца ідзе са свету,
Сонца сыходзіць у змрок.
Паннай у зрэб’і маўкліва,
Вырачанай – пад меч,
Сонца ідзе ў магілу,
Сонца ідзе ад нас прэч.
Жорсткае скерца будзе
Творца давеку граць –
Сонца памерці мусіць,
Каб на Каляды паўстаць.
ЗНІКЛЫ Ў СНЕГАПАДЗЕ
Я назіраю снегапад,
Як неба нетаропка піша
Увечары пастэллю цішу
І як не вернецца назад
Той, што маўкліва прэч сышоў –
Адно зяхнулі пашчай дзверы –
Хай снег не растае на веях,
Абы не ўдзельнічаць у шоў.
У беспаветраны прасцяг
З усмешкай прамільгнуў ён ценем
Між тымі, што яго хацелі
На прасцірадлах і пляцах.
Дарма высочвалі віжы –
На ўсім абшары чалавечым
У твары снег сцябаў карцеччу
Ды пераховываў сляды.
А следчым сівер расказаў
Пра зніклага нязменны выбар –
Ён прыйдзе блазнаваць і хібіць
Тады, калі захоча сам.
Яго ля крамы я сустрэў,
Глынуў нагбом, паціснуў руку,
І ён паскардзіўся са скрухай,
Што снег трапляе за каўнер…
ПЫТАННІ
(на свята Тры Каралі)
Чатыры вершнікі Апакаліпсіса,
Тры каралі каля неўмаляці –
Два міфічныя сюжэты,
Згадваныя ў адной кнізе.
Праз што зрэдчас турбуюць пытанні –
Хто з’явіцца ўрэшце па нас?
Праводзяць у Вечнасць
Альбо выправяць у небыццё?
ЧУЖЫНЕЦ
Уначы лес снегам запарушыла,
Хвоі, як павапнаваныя, стаяць,
Паміж іх вятры блукаюць душамі
Тых, каму ўжо непатрэбна паміраць.
Пазнаю беспамылкова кожнага,
Ад узрушанасці мову заняло,
Моўчкі пойдзем успамінаў пожняю,
За сабой не пакідаючы слядоў.
Каб мяне ніхто не здолеў высачыць,
Плечы ўхутаў у бяздонную смугу.
Сэрца вонкі пагражае выскачыць,
Бо ў засветнае прыстанішча іду.
Там спакой і небасхіл раззораны,
І таварышаў збярэцца грамада.
З імі гэтулькі недагаворана!
Ды бывае, што змястоўней немата.
Па чарзе мяняемся паглядамі.
А так хочацца пра многае спытаць!
Ззяюць вочы шчыраю спагадаю
Тых, каму ўжо непатрэбна паміраць.
У прасторы стыннай ледзь трымаюся,
Бо патрапіў зразумець без слоў адказ:
– Час надыдзе, сам пра ўсё дазнаешся,
Але зараз ты чужынец сярод нас…
На світанку брыў дадому змушана,
Пачыналі зоры нада мной згасаць.
Уначы лес снегам запарушыла,
Хвоі, як павапнаваныя, стаяць.
ПЕРШАПУТАК
(трыпціх трыялетаў)
- Крок
Зрабіць у невядомасць крок,
Нібы ступіць на першапутак,
Па лаўры ці кіліх цыкуты
Зрабіць у невядомасць крок.
Пейзажы пройдзеных дарог
Сарваўшы з памяці, як путы,
Зрабіць у невядомасць крок,
Нібы ступіць на першапутак.
- За парог
Пайсці ў свет ройны за парог –
Пакінуць зацішны закутак,
У ім сябе адчуўшы скутым,
Пайсці ў свет ройны за парог.
У промні, у смугу, у змрок,
Адзінай прагай ахінутым:
Пайсці ў свет ройны за парог –
Пакінуць зацішны закутак.
- Зарок
У сэрцы несучы зарок
Не збочыць у нябыт з маршруту,
Увагі не звяртаць на скутак,
У сэрцы несучы зарок.
Зрабіць у невядомасць крок,
Нібы ступіць на першапутак,
У сэрцы несучы зарок
Не збочыць у нябыт з маршруту.