Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі. Як ажаніцца з немкай?

Навіны Германіі. Як ажаніцца з немкай?

1 лютага 2023, 19:34 У свеце 6
Навіны Германіі. Як ажаніцца з немкай?

Кожны з нас за час маладосці вырашае свой лёс – жэніцца, вучыцца, набывае прафесію. Іншы раз гэта на ўсё жыццё і так складваецца ўсё, што паправіць зробленае ўжо нельга. У газеце “Народная воля” (№  13) за 26 лютага 2013 года быў надрукаваны артыкул Людмілы Сяліцкай “Танго, которого не было”. Савецкі  марскі афіцэр-падводнік Анатолій Краснагорскі  сядзеў за сталом у рэстаране у Масве з немкай Эдзіт Альшэўска. Эдзіт у Маскве вучылася, і яна павінна была ўжо  вярнуцца ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Нечакана афіцэра запрасілі выйсці з-за стала на кароткую размову. Два спецработнікі папярэдзілі афіцэра, каб з немкай не звязваўся. Ён вярнуўся за стол, Эдзіт дала яму свой берлінскі адрас, але ён ёй так ні разу і не напісаў. Ён выбраў кар’еру, а не Эдзіт. А праз 55 гадоў (у 2012 годзе) Анатоль Краснагорскі вырашыў знайсці Эдзіт, але яна на яго старанні не адклікнулася.

Любая крайнасць заўсёды шкодзіць. І ў жыцці, і ў каханні, і ў палітыцы. Самае кепскае, калі не давяраюць нават сваім хаўруснікам. Прыкладаў таму шмат. За савецкім часам нават з немкай з ГДР ажаніцца была праблема. Праўда, калі савецкі салдат пакахаў немку, дык там у Нямеччыне было гэта зрабіць прасцей. Завяла немка савецкага салдата ў адпаведны орган, дзе афармляюць шлюб, паклалі  дакументы на стол, і праблема вырашалася. Так Эльза выйшла замуж за савецкага салдата перад яго дэмабілізацыяй і прыехала з ім у Брэст. Я сустрэў гэтую немку ў Брэсце. Яна выдавала тэхнічныя сродкі навучання ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. Я з ёй пазнаёміўся. Звярнуў увагу на яе імя.

– А я – немка.

– Вы з Паволжа пераехалі сюды?

– Не, я прыехала з ГДР. Выйшла замуж за савецкага салдата.

–  І Вы добра жывіцё?

– Добра.

– Любіце і трымайцеся мужа. Вы тут зусім адзінокая. А мне не пашанцавала. Думаў, што Вы незамужняя.

Яна мне расказала, як яна ў ГДР выйшла замуж. Складанасцей не было. А ў СССР гэта было зрабіць цяжэй. Тут хаўруснікам не давяралі. Пасля нашага знаёмства я ніколі з Эльзай пра яе сямейнае жыццё больш не гаварыў.

 

А як жа ажаніцца савецкаму мужчыну з немкай? Спачатку трэба знайсці  і  закахацца ў немку. А калі такое здаралася з мужчынам з Савецкага Саюза, то гэта для яго была самая вялікая бяда. Бяда была нават тады, калі гэта немка з’яўлялася грамадзянкай ГДР.  Вось таму некалькі прыкладаў.

 

У студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Леніна ў Брэсце жыло не-калькі выкладчыкаў, сярод іх два выкладчыкі рускай літаратуры і выкладчык нямецкай мовы Павел Будзько. З імі я быў знаёмы, бо і сам жыў у гэтым інтэрнаце. Нечакана Паўла Сафронавіча Будзько накіравалі ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку на курсы нямецкай мовы. І наколькі мне помніцца на 3 ці нават на 6 месяцаў, каб засвоіў гутарковую нямецкую мову. Паехаў у Берлін, а яго пасялілі ў прыгарадзе Берліна і пазнаёмілі яго з настаўніцай рускай мовы, якая працавала ў школе. У нямецкіх кіраўнікоў адукацыі быў свой разлік:  атрымаць карысць ад таго, што будуць вучыць брэсцкага педагога нямецкай мове. Няхай настаўніца Ута вучыць Паўла Будзько нямецкай мове і ў той жа час хай сама лепш засвоіць рускую мову. Будзе і ёй, і яму карысць ад такога навучання. Карысць ад такога навучання сапраўды была. Настаўніца і выкладчык гаварылі на дзвюх мовах і нарэшце выявілася, што яна – дзеўка незамужняя, а ён – нежанаты мужчына. Па ўзросце таксама ў іх не было вялікай розніцы. Пакуль яны адзін аднаго навучалі чужой мове самі пачалі сябраваць,  а пасля і кахаць адзін аднаго. Закончыліся тыя курсы і Паўлу Будзько трэба было вяртацца ў Брэст на работу ў педагагічны інстытут.  Раставацца з прыгожай настаўніцай яму ўжо не хацелася. Ён прыехаў у Брэст.

Прыступіў да працы, але цяпер яму не хапала сімпатычнай новай сяброўкі. Ён пачаў пісаць ёй лісты і тэлефанаваць. Ім стала зусім сумна. Ён хоча запрасіць яе ў Брэст. А кім яна яму даводзіцца?  А нікім. Але ён звяртаецца ў брэсцкую міліцыю і просіць дапамагчы выклікаць у госці сваю каханую немку. Там паспачувалі закаханаму Будзько і навучылі, як гэта зрабіць.

– Да цябе яе не пусцяць, бо ты ёй ніхто. А вось працуе ў педагагічным інстытуце сапраўдная немка, якая яе можа запрасіць да сябе ў госці, як сваю даўнюю сяброўку. І гэта на самай справе можа адбыцца. А калі яна прыедзе ў Брэст, дык вы зможаце тут і сустрэцца. Міліцыя не будзе цікавіцца, у каго яна будзе болей гасціць: ці ў немкі, ці ў беларуса.

Паўлу Будзько давялося пазнаёміць Эльзу з Утай. Яны пачалі перапісвацца, а затым Ута прыехала ў госці да Эльзы, а фактычна да свайго жаніха Паўла. Парткам педагагічнага інстытута пастараўся, каб Павел Сафронавіч меў асоб-ны пакой у інтэрнаце і быў належным чынам упарадкаваны.

 

Я бачыў гэтую закаханую пару на кухні трэцяга паверха  інтэрната, дзе яны ўдваіх пяклі бліны-бульбянікі вясной 1977 года. Размаўлялі на нямецка-рускай тра-сянцы. Я ім зайдросціў. Як кажуць, пара была, як на падбор. Удачная была паездка Паўла Будзько  на курсы ў Германію. Там ён знай-шоў сваю будучую жонку. Дзе яны аформілі свой шлюб –  я не ведаю, але яна выйшла замуж у Брэст.

 Аднойчы яшчэ за савецкім часам я сустрэў Паўла Сафрона-віча ў бібліятэцы-ленінцы ў Менску і меў гутарку са сваім калегам з Брэста. Ён мне сказаў:

– У маёй  жонкі каля Берліна вялікі дабротны дом, і там бы нам лепш было жыць, чым у Брэсце. Але мяне туды ніхто не адпусціць, бо я ваеннаабавязаны.

Праз некалькі гадоў знік з геаграфічнай карты Савецкі Саюз. Нядаўна я пацікавіўся лёсам сям’і Паўла Будзько. Знаёмыя настаўнікі з Брэста паведамілі мне, што сям’я Будзько – Павел Сафронавіч і Ута Вальтэраўна – цяпер ужо жыве ў Германіі.

 

Не толькі беларусы бралі сабе немак у жонкі, але і беларускі выходзяць замуж за немцаў. Мой аднакласнік Міхась Гарбач з Нарочы, што на беразе Нарачанкі, узяў у мяне кнігу “Нарачанка і яе берагі” для таго, каб пераслаць яе ў Германію. Туды гадоў 40 таму выйшла замуж за немца яго родная сястра.

Ад выбару жыццёвага шляху ў маладосці шмат чаго зале-жыць у лёсе чалавека. Добра, калі выбар таго шляху непамылковы.

 

Напісаў я пра жаніцьбу з дзеўкай іншай краіны, з краіны, з якой сябравалі. І сябрам не давяралі. І не толькі замежным сябрам, але нават сваім савецкім грамадзянам.

Вось гэта таксама адна з прычын распаду Савецкага Саюза. Людзі захацелі жыць вольна і не быць статкам з пастухом.

Сымон Струнеўскі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
літаратура

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд

19 верасня 2023, 22:4122
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!

7 красавіка 2021, 00:3517
Вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

26 кастрычніка 2018, 08:4517
Абраду „Ваджэнне Сулы” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Культура

Абраду „Ваджэнне Сулы” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

11 красавіка 2019, 11:0517
Далучайцеся да нас