Гутарка Станіслава Судніка з гісторыкам Сымонам Барысам
Мінуў 2022 год, які ў нашай краіне адзнчаўся як год Гістарычнай памяці. Я рашыў пагаварыць з гэтай нагоды з нашым сталым аўтарам С.В. Барысам, які ў мінулым годзе адзначыў свае 85 гадоў.
– Гаспадар Сымон, раскажыце, чым для Вас быў асаблівы мінулы год – Год гістарычнай памяці?
– Самыя важныя даты мінулага года – гэта юбілеі нашых старажытных гарадоў: Полацку – 1160 гадоў і Менску – 955 гадоў. Смаленск нават на 20 гадоў маладзей за наш Палацак. У канцы года быў яшчэ адзін юбілей – 100 гадоў утварэння СССР. Праўда, усе гэтыя юбілеі былі адзначаны сціпла. І таму было некалькі прычын. Як мне ўспамінаецца, 100-годдзе БНР у Менску адзначылі ў 2018 годзе больш урачыста. Адрыўны каляндар “Родны край” 2022 года надрукаваў артыкул “Дасягненні СССР”. Сярод гэтых дасягненняў: у 1961 годзе выраблены самы сучасны і магутны кар’ерны самазвал БелАЗ. Гэта пра наш беларускі самазвал. Я не адмаўляю і тое станоўчае, што было ў Савецкім Саюзе, асабліва пры кіраўніцтве дзяржавай Мікітам Хрушчовым, Леанідам Брэжневым і Міхаілам Гарабачовым. Гэтыя тры асобы заслугоўваюць у гісторыі вялікай павагі.
У мінулым годзе адбылася важная падзея ў беларускай культу-ры, якая пакуль што слаба адлюстравана ў друку. У падворку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пабудаваны вельмі цікавы помнік-ратонда “Залатое кальцо беларускай навукі”. Аўтары помніка: скульптары Алена Хараберуш і Аляксей Пакульніцкі, архітэктар Армен Сардараў. У склад гэтага помніка ўваходзяць 7 скульптур: Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Сімяён Полацкі, Казімір Семяновіч, Яўстах Тышкевіч, Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі. Каля кожнай скульптуры напісана цытата гэтага асветніка, якая мае выхаваўчае значэнне.
– А чым мінулы год быў асаблівы ў Вашым жыцці?
– Для мяне першы квартал быў не зусім прыемным. Мой сын Яраслаў захварэў на Кавід-19, а затым і я заразіўся ад яго. Трапіў у лютым месяцы ў бальніцу, дзе мне давялося прабыць аж 20 дзён. Добра, што паправіўся. А мая швагерка ад гэтай хваробы памерла. Памёр і мой добра знаёмы мастак Барыс Цітовіч, які стварыў Музей Першай сусветнай вайны на беразе Нарачанкі ў Вілейскім раёне.
Непадалёку ад таго музея зна-ходзіцца мая родная вёска Касічы, у якой я нарадзіўся ў 1937 годзе. Мой юбілей 85 гадоў прайшоў непрыкметна, але я радаваўся, што дажыў да гэтага часу і нешта зрабіў. Прыязджаў вясной да мяне і мой сын Уладзімір з Ноўгарада Вялікага з жонкай, дачкой, зяцем і сваімі ўнукамі (маімі праўнукамі). Зрабілі фотакартку “Сустрэча чатырох пакаленняў”, якую я паспеў надрукаваць у сваёй кнізе ” Касічы на Нарачанцы: падзеі і людзі”. У кнізе 344 старонак. У ёй надрукавана “Вяселле ў вёсцы Касічы (1963 год)”. Другая невялікая краязнаўчая кніга “Жодзішкі на Віліі” мае ўсяго 28 старонак.
Потым надрукаваў на рускай мове кнігу “Новгородские очерки новеллы”, аб’ёмам 184 старонкі. Гэтую кнігу ўжо мае Наўгародская абласная бібліятэка.
А 22 снежня 2022 года ў свет выйшла мая кніга (у сааўтарстве з Паўлам Карузам) “Вясельныя песні”.
– А ў чым жа асаблівасць гэтай апошняй кнігі?
– Гэту кнігу можна было надрукаць у 1970-1980- х гадах. У той час славуты музыка Павел Каруза напісаў 55 нот для вясельных песень, якія я запісаў. Але яна не была поўнасцю падрыхтвана, бо я не ведаў, хто яе зможа надрукаваць. Знаёмства і блату ў выдавецтве ў мяне не было, а тэма такой кнігі для будаўнікоў камунізму не вельмі патрэбная. Тады вялася ба-рацьба з хрысціянскай ідэалогіяй. А таму я і не стараўся. Калі б тады надрукавалі, дык выплацілі б мне невялікі ганар і надрукавалі б не меней тысячы асобнікаў. Цяпер жа я за свае грошы надрукавў толькі 30 кніг. Аднак гэта толькі на карысць беларускай культуры. Калі пакласці побач тры кнігі: “Беларускія народня песні. Т. 4. Вяселле” (запіс Рыгор Шырмы), “Лірыка беларускага вяселля” (укладальнік Ніл Гілевіч) і “Вясельныя песні” Барыса і Карузы, дык атрымоўваецца, што першыя дзве кнігі буднічныя, без ілюстрацый, а трэцяя – святочная з каляровымі ілюстрацыямі. У гэтай кнізе 228 старонак. Гэта мой уклад у Год гістарычнай памяці.
– А колькі ўсяго па назвах Вы напісалі кніг?
– Мне ўдалося выдаць у дзяржаўных і прыватных выдавецтвах 23 кнігі. Яшчэ па беларускім вяселлі планую выдаць дзве кнігі і кнігу прозы “Калі спяваюць салаўі”. Цяпер працую над гэтымі кнігамі.
– Зычу Вам творчага поспеху. Будзем чакаць новых кніг.