Мы прагнем надзеі і веры
Гэты творчы сезон для літаратурнага клуба “Экватар” не быў лёгкім і бестурботным. Падсумоўваць вынікі заўсёды прыемна, калі шмат пазітыву, перамог, здабыткаў. Але літаратурнае жыццё не стаіць на месцы. 2022 год – гэта год не толькі творчых сустрэч, выступаў, новых кніг і знаёмстваў, але і год трывог, сумных навін, успамінаў. Ён застанецца ў памяці як чарговы перыяд сталення нашага клуба “Экватар”, ягонага глыбокага адчування сябе як часткі літаратурнага працэсу нашай Бацькаўшчыны, што перажывае складаныя часы.
Штогод у новым альманаху, у сваім артыкуле я падсумоўваю вынікі працы клуба, яго здабыткі, аналізую працу сяброў падчас сустрэч, агульных мерапрымстваў, творчых здзяйсненняў. У нашым альманаху “Літаратурны экватар”, нібы ў даследчым дакументальным летапісе, адлюстраваны знакавыя і важкія падзеі, якімі быў насычаны гэты год. А ён выдаўся па-сапраўднаму няпростым, шматэмацыйным, часам вельмі складаным.
Вялікую працу па зборы матэрыялаў правяла, займаючыся іх апрацоўкай і падрыхтоўкай да выдання альманаха, наш шэф-рэдактар Інга Вінарская – разам з калегамі па рэдакцыі. З кожным годам рады нашых аўтараў пашыраюцца, і мы разам імкнемся рухацца да большай прафесійнасці, сталасці, творчай дасканаласці.
З сумам узгадваем тых, хто пакінуў наш свет. Увесну пайшла ад нас старэйшы аўтар і адданы сябра клуба “Экватар” пісьменніца Людміла Аляксееўна Сівалобава. Летам не стала яшчэ аднаго нашага блізкага сябра, паэта, пісьменніка, перакладчыка, навукоўцы, барда Сержа Мінскевіча. Страта людзей такога ўзроўню для нашага клуба, для іх родных, сяброў, калег – гэта невымоўна цяжка.
Людміла Аляксееўна Сівалобава стала сябрам нашага “Экватара” з першых дзён яго заснавання ў 2009 годзе. З яе імем звязана ўся гісторыя клуба, яе творчы рост як пісьменніцы адбыўся менавіта пад уплывам працы сяброў суполкі, бо прыйшла спадарыня Людміла да нас з нізкай рускамоўных вершаў, а ў выніку стала аўтарам трох зборнікаў таленавітай прозы. Чалавек з вялікім сэрцам, чулым і пранікнёным, Людміла Аляксееўна заўсёды падтрымлівала нас, знаходзіла добрыя словы, выказвала каштоўныя парады. І наш клуб практычна быў для яе другой сям’ёй.
З Сержам Мінскевічам мы сябравалі са студэнцкай пары, ведалі добра адзін аднаго, шмат разам ездзілі на выступленні, сустракаліся часцяком за кубкам гарбаты, абмяркоўвалі розныя тэмы, гулялі ў футбол. Заўчасная смерць Сержа стала не толькі для мяне, але для ўсіх, хто ведаў яго, шокам. Серж Мінскевіч шмат выступаў на мерапрыемствах клуба “Экватар”: далучаўся не аднойчы да нашых канцэртаў, вечарын, літаратурна-музычных імпрэзаў. Ён практычна штогод размяшчаў свае матэрыялы рознай тэматычнай і жанравай накіраванасці ў альманаху “Літаратурны экватар”, вельмі паважаў гэтае выданне. Серж часцяком друкаваў нашых аўтараў на старонках газеты “Пераходны ўзрост”, дзе веў літаратурную старонку…
Хачу зазначыць, што мы працягнем друкаваць у альманаху “Літаратурны экватар” творы Людмілы Сівалобавай і Сержа Мінскевіча нават пасля іх зыходу з жыцця. Памяць аб гэтых людзях заўсёды будзе захоўвацца ў нашай суполцы…
Гаворачы пра надзённае, варта адзначыць, што альманах “Літаратурны экватар” набраў новы ход і сілу, стаў больш разнастайным і інфармацыйна насычаным. У новым нумары размешчана пяць інфармацыйных блокаў, прысвечаных мерапрыемствам, праведзеным нашай суполкай у бягучым годзе. Зазначу, што ў нашым выданні з’явіліся новыя аўтары, якіх мы рады бачыць і жадаем ім поспехаў. Па традыцыі ў альманаху друкуецца больш паэтычных твораў, але і празаікі маюць даволі добрыя здабыткі. Так, паэтычнымі нізкамі адзначыліся Валянціна Акуленак, Кірыл Бандзерас, Міхаіл Баранчык, Інга Вінарская, Зміцер Захарэвіч, Вячаслаў Данілаў, Ксенія Ермілава, Святлана Ефіменка, Мікалай Іваноўскі, Серж Мінскевіч (пераклады з Адама Міцкевіча), Клаўдзія Максімава, Юрась Нераток, Таццяна Пратасевіч, Валянцін Шведаў, Ігар Шыршоў, Людміла Шчэрба. З празаічнымі творамі ў альманаху выступілі Таццяна Барысюк, Венера Барысюк, Глеб Ганчароў, Валянціна Каваленка, Тэрэза Кавальчук, Дзмітрый Марозаў, Людміла Сівалобава, Валеры Скакун.
Напрыканцы хочацца адзначыць сяброўскі і добразычлівы дух нашага выдання, ягоную натхнёнасць, шчы-расць. Альманах, дзякуючы сваім сталым аўтарам, займеў грунтоўныя традыцыі, настрой. Але мы ўпэўненыя, што і новыя аўтары дастаткова шчыльна ўвойдуць у нашую творчую сябрыну. Хочацца пажадаць нашым аўтарам працягваць і надалей ствараць добрыя творы, мець трывалае здароўе і светлае натхненне. Усім зычу міру, шчасця і дабрабыту! Дай Бог нам усім яшчэ большай надзеі і веры!
Мы прагнем надзеі і веры,
Мы верым, што згіне нуда.
За шчасце, за радасць без меры
Нам прыйдзецца біцца… Бяда
Хай знікне і зробіцца скрухай:
І летась, і заўтра, і звек.
Нам час свой патрэбна паслухаць,
Што мкне туманом па траве.
Так, трэба шукаць нам удачы –
Яна рызыкуе, ды ўсім.
Не хопіць нам дробязнай здачы
На гэтым шляху, на сваім.
І рушыў папутны нам вецер.
А ворагі нашы – здалёк.
Свабода імчыць па планеце,
Мацнее яе кожны крок!
Кіраўнік літаратурнага клуба”Экватар”,
паэт, пісьменнік, журналіст
Вячаслаў Корбут.