ПРАДСТАЎЛЯЦЬ ЧЫТАЧАМ, многія з якіх даволі актыўна і паспяхова, як вядома, самі займаюцца літаратурнай дзейнасцю, журналіста, паэта і пісьменніка Уладзіміра Барысенку асабліва не трэба. Яны, і не толькі яны, іх сябры і знаёмыя, добра ведаюць яго па надрукаваных матэрыялах не толькі ў “Нашым слове”, але і ў шматлікіх іншых выданнях краіны. Пры гэтым ёсць, на вялікае шчасце аўтара, і добра знаёмыя з ягонымі паэтычнымі і пра-заічнымі кніжкамі, якія выходзілі ў розныя часы ў розных айчынных вы-давецтвах.
ЗУСІМ НЯДАЎНА ў менскім выдавецтве пабачылі свет чарговыя эсэ і нарысы пісьменніка, якія склалі яго трынаццатую па ліку кніжку. Дарэчы, пяць з іх прысвечаны беларускай міліцыі, у тым ліку і службе аховы, дзе ён апошні час паспяхова працаваў. Новае выданне называецца “І колькі б часу ні прайшло…”. Яго назву, як адразу адчуваеш душой, не трэба нікому і ніяк расшыфроўваць… Яна гаворыць сама за сябе. У добра аформленай і праілюстраванай кнізе – працяг пачатай у папярэдніх сардэчнай размовы пра жыццё і абставіны, час і памяць, якія вымушаюць кожнага з нас заглянуць не толькі ў свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання. У творах ярка высвечваецца тое, што ў жыцці не толькі майстрам слова трэба змагчы і паспець зрабіць радасць і задавальненне, задуму і прызначэнне больш рэальнымі, адчувальнымі і поўнымі, прыцягнуць да непаўторнага жыццёвага імгнення водбліск вечнага, няцменнага святла.
На фоне гэтага свайго філасофскага одуму аўтар распавядае пра мала або зусім невядомыя факты з жыцця і творчасці класікаў беларускай і рускай літаратуры ды іншых выбітных творцаў, якія ўпрыгожылі сваім незвычайным талентам славянскую літаратуру і мастацтва. Гэта Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Адам Міцкевіч, Кандрат Крапіва і Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ і Васіль Быкаў, Янка Сіпакоў і Паўлюк Прануза, які рэкамендаваў аўтара ў Саюз пісьменнікаў, Язэп Драздовіч і Аркадзь Наркевіч, Мікола Федзюковіч (гэтаксама рэкамендаваў аўтара ў творчы саюз) і Барыс Прымераў, Мікалай Рубцоў і Яўген Еўтушэнка, Уладзімір Высоцкі і Валерый Залатухін. З іх імёнамі тым ці іншым чынам звязаны асабістае жыццё і асабістая творчасць Уладзіміра Барысенкі.
УЗЯЦЬ, ДА ПРЫКЛАДУ, Янку Купалу. У нарысе “Цукеркі Янкі Купалы” аўтар распавядае пра сяброўства з песняром ягонага дзеда па маці Іллі Ігнаценкі, вядомага копыскага майстра-хлебапёка, які лекаваў славутасць… парашковымі піўнымі дражджамі: мяняў на іх свае хлебапякарныя. Спачатку, піша аўтар. Іван Дамінікавіч прыехаў па іх разам з ляснічым Шыманскім, які і пазнаёміў Купалу з дзедам. Дзед расказваў, што паэт, якога ў акрузе ўжо добра ведалі і старыя, і малыя, быў сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбяцеечцы. А ўжо тыдні праз два прыйшоў, як пасля гэта часта рабіў, адзін. пешаком. Дзеду прынёс пляшку асабістай “зуброўкі”, а маме – цукеркі і сваю новую кніжку “Песня будаўніцтву”, якая тады толькі што выйшла.
У чарговы раз дзед даваў лекі Купалу падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе будучая маці Уладзіміра Барысенкі Настасся Іллінічна вучылася тады ў сёмым класе. Прыходзіў паэт у школу неаднаразова. У 1938-м ён удзельнічаў у выпускным вечары… Як вядома, у найжывапіснейшым куточку Беларусі Купала стварыў свой вядомы “Ляўкоўскі цыкл”, у які ўвайшоў і вядомы з дзяцінства верш “Хлопчык і лётчык”:
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
I ўмею ўжо лётаць у сьне.
Мне мама сягоння казала,
Што стукнула мне ўжо сем год,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт…
Паэзіяй Купалы аўтар радкоў пра яго захапіўся яшчэ ў маленстве, калі не хадзіў у школу, да вучобы ў якой маці навучыла яго добра чытаць і … разумець (!) вершы. Гэта і прывяло яго да імкнення і жадання пачаць сачыняць самому. Спачатку, праўда, як і многія беларусія творцы, на расейскай мове.
Глыбока сімвалічна, што ў кнігу “І колькі б часу ні прайшло…”, назву якой нікому і ніколі ніяк не трэба расшыфроўваць, увайшоў і нарыс “Публіцыстыка Якуба Коласа” – сёлета мы адзначылі 140-годдзе з дня нараджэння абоіх класікаў. У гэтым творы Уладзімір Барысенка распавядае пра тое, як ён пісаў на журфаку сваю дыпломную працу “Публіцы-стыка Я. Коласа ваеннага перыяду”. У ёй ён падкрэсліваў, што ў вайну творчасць песняра набыла асабліва дзейснае зна-чэнне. І сёння, назіраючы за тым, што робіцца ў свеце, аўтар успамінае, па яго словах, гнеўныя вершаваныя радкі пра тое, што “змяіны зброд спыніць можна толькі дубінай, што месца цемрашалаў – на эшафоце, што не трэба даваць перадышкі нечысці”. Побач з гэтымі радкамі, адзначае аўтар, стаялі палымяныя заклікі Коласа да бязлітаснай барацьбы супраць ненавісных захопнікаў. Яны гучалі не толькі з трыбун народных мітынгаў. На акупаванай тэрыторыі, у партызанскіх лясах, на фронце, у тыле іх чыталі ў газетах і лістоўках, слухалі па радыё. А вось як, паказвае аўтар са спасылкай на здаўна вядомае ў краіне выданне, уславіў народны паэт Перамогу:
“Радасна бачыць,- пісаў ён у надрукаваным у “Савецкай Беларусі” за 8 жніўня 1944-га артыкуле “Цуд-волатам Чырвонай Арміі”, – як пасля змрочных дзён, ахінутых густой смугой, раптам прагляне сонца і ў яго жыватворных прамянях рассоўваюцца далі зямлі, а над імі звешваецца яснае, глыбокае неба. Такую радасць адчувае сёння кожны з нас, калі мы аглядаемся на агністы шлях перамогі, пройдзены вамі, ваяры-героі, легендарныя волаты вялікай Чырвонай Арміі”.
У кнізе шмат іншых герояў і падзеяў, эпахальных і жыццёвых.
ШТО ДАТЫЧЫЦЦА расповедаў пра расійскіх герояў кніжкі, то ў ёй, да прыкладу, друкуецца зусім невядомы ліст вядомага рускага паэта Мікалая Рубцова (памятаеце: “Я буду долго гнать велосипед…”) да незвычайнага паэта-лірыка Барыса Прымерава на зваротным баку адной з яго фатаграфій, зробленых самім Рубцовым. Гэтай нечаканай (лічылася, усё ўжо вядома!), унікальнай для шматлікіх даследчыкаў неўміручай творчасці сапраўды апошняга паэта вёскі, з якім сышоў высокі, па-сапраўднаму адчувальны боль вясковай тэмы, падзеі прысвечаны нарыс-даследаванне “Падарунак Міколы Федзюковіча”.
Па словах аўтара, папярэдне твор быў надрукаваны ў “Литературной России” за 20 траўня 2021 года пад назвай “Ни славы нет, ни денег нет”. Адразу пасля выхаду нумара на сайце газеты сенсацыйны матэрыял абмеркавалі 13(!) паэтаў і пісьменнікаў Расіі. У іх ліку – і жонка Барыса Прымерава, вядомая савецкая і расійская паэтэса, літаратурны перакладчык са славянскіх моваў, драматург Надзея Васільеўна Кандакова, равесніца Уладзіміра Барысенкі, якая гэтаксама нарадзілася ў студзені 1949-га. Яе водгук на публікацыю беларускага пісьменніка проста нельга не прывесці. Вось ён у некаторым скарачэнні:
– Паважаны Уладзімір Барысенка! Прабачыце, не ведаю Вашага імя па бацьку, але жадаю выказаць Вам велізарную асабістую падзяку за гэтую публікацыю ў цэлым і за захаванне ўнікальнага матэрыялу – ліста Мікалая Рубцова да Барыса Прымерава, а гэтак жа самога фота. Мікалая Федзюковіча добра памятаю, ён вучыўся на адным курсе з Барысам. І ён быў на нашым з Б. П. вяселлі. Захаваны ліст каштоўны яшчэ і тым, што мне не раз даводзілася аспрэчваць пасквільныя плёткі пра тое, што аўтар і адрасат гэтага ліста нібы “не любілі адзін аднаго, не былі сябрамі”, “зайздросцілі адзін аднаму” і таму падобную лухту. Проста, у Рубцова, з узыходжаннем заслужанай і сапраўднай славы рускага паэта, паўстала раптам гэтулькі “блізкіх сяброў”, што мы з Б. П. маглі толькі дзівіцца. І ціха адысці ў бок… Дзе яны былі раней? У маім архіве захоўваецца яшчэ адзін неапублікаваны ліст Мікалая Міхайлавіча, з Волагды ў Літінстытут, у якім ён паведамляе, што “сяброў у Маскве амаль не засталося” і называе толькі імя Анатоля Перадрэева… Гісторыю лёгка перапісваць, асабліва ў такія часы, як нашы, калі ніхто нікога не памятае і не жадае памятаць. Неацэнныя звесткі захавалі Вы для гісторыі літаратуры! Нізкі Вам паклон!”.
Напрыканцы свайго душэўнага водгуку Надзея Васільеўна паабяцала выслаць аўтару нарыса кніжку ўлюбёнага ім паэта Барыса Прымерава, выдадзеную пад яе апекаваннем. Ён чакае…
З ПОЎНАЙ упэўненасцю можна сказаць, што чытачы з вялікай цікавасцю прачытаюць у кнізе і “Рубель Яўгена Еўтушэнкі”, і “Карані Уладзіміра Высоцкага” і іншыя творы, у якіх жыло, жыве і будзе жыць сапраўднае мастацтва слынных папярэднікаў, колькі б часу ні прайшло…
Яраслаў Грынкевіч.