Даследчыкі лічаць, што продкі беларусаў пачалі выкарыстоўваць салому як матэрыял для пляцення на мяжы II-I тысячагоддзяў да н.э. Тады саломапляценне ўваходзіла ў абрады, звязаныя з культам хлеба і ўрадлівасці. Адзін з найстаражытнейшых відаў саломапляцення – спіральнае пляценне. Яго тэхналогія досыць простая: пучкі саломы ўкладваюцца па спіралі і злучаюцца стужкамі з лазы, каранямі іглічных дрэў, ільнянымі ці канаплянымі ніткамі. Такі прыём дазваляе звужаць ці пашыраць аб’ём выраба, рабіць сферычныя ёмкасці. Цікава, што пластычнасць і залацісты колер саломкі даволі рана пачалі выклікаць асацыяцыі з золатам, а таму пляценне выкарыстоўвалася для стварэння царкоўнага ўбору. Напрыклад, у канцы XVIII – першай траціне XIX стагоддзя ў Беларускім Палессі (Драгічынскі і Кобрынскі раёны Берасцейскай вобласці) склалася лакальная мастацкая школа па стварэнні саламяных іканастасаў для праваслаўных цэркваў. Сёння два асобнікі іканастасных саламяных варот пачатку XIX стагоддзя захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і адзін – у Гарадзенскім дзяржаўным гістарычна-археалагічным музеі-запаведніку. Царская брама іканастасаў палескіх цэркваў – гэта ўзоры саломапляцення высокай складанасці, вяршыня майстэрства саломапляцельшчыкаў Беларусі.
Да XIX стагоддзя ў Беларусі былі папулярныя саламяныя капялюшы. Лічыцца, што пляценне капялюшоў – спрадвечнае беларускае рамяство, якое развівалася самастойна і не падвяргалася ўплыву еўрапейскіх традыцый. Сёння саламяныя аксэсуары і галаўныя ўборы па-ранейшаму выкарыстоўваюцца як элемент нацыянальнага беларускага гарнітура на розных святах.
Новае жыццё старой традыцыі
Нягледзячы на складаныя гістарычныя падзеі ХХ стагоддзя, саломапляценне ў Беларусі квітнела: саламяныя рэчы прадаваліся на рынках, яны карысталіся попытам і ў сялян, і ў гараджан як арыгінальнае ўпрыгожванне традыцыйнага інтэр’еру.
У 1960-1980-я гады саломапляценне ў Беларусі выйшла на новы ўзровень, а яго папулярнасць ступіла за межы рэспублікі. Гэта было звязана з тым, што саламя-ныя сувеніры і дэкаратыўна-ўтылітарныя вырабы з саломы цяпер выпускаліся маштабна на фабрыках мастацкіх промыслаў у Берасці, Магілёве, Чачэрску. Да таго ж у гэты перыяд працавалі такія яркія майстры, як Вера Гаўрылюк, Таісія Агафоненка, Ларыса Лось, Лідзія Главацкая, Тамара Паўлоўская, якія пашырылі прыёмы выразнасці саломапляцення і стварылі асобны жанр анімалістычнай скульптуры. Народныя майстры працавалі пры падтрымцы мастацкіх фондаў Беларускай ССР і мелі магчымасць удзельнічаць у выставах на абласным, рэспубліканскім і ўсесаюзным узроўнях.
Нацыянальны здабытак
Сучасныя майстры-пляцельшчыкі ўмеюць ператвараць саломку ў непаўторныя шэдэўры. З іх рук выходзяць вытанчаныя галаўныя ўборы: шапкі, капелюшы-брылі, какошнікі. Яны робяць рознае начынне: корабы, бочкі, кошыкі, скрыначкі. З саломкі плятуць цацкі і ўпрыгожванні. Некаторыя вырабы маюць сакральны сэнс, напрыклад, “жніўныя вянкі” ці “павукі” – калядныя падвескі з саломы.
У XXI стагоддзі патэнцыял саломапляцення як аб’екта гістарычна-культурнай спадчыны стаў відавочны. У 2017 годзе статус гістарычна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь атрымала традыцыя вырабу саламяных “павукоў” у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у 2019 годзе такім жа чынам была адзначана традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення ў Віцебскай вобласці.
Усяго адрозніваюць чатыры асноўныя віды мастацкай апрацоўкі саломкі: спіральнае пляценне, пляценне прамых і аб’ёмных пляцёнак, саламяная пластыка (аплікацыя), канструяванне з саломін (“павукі”). У мастацкім саломапляценні выкарыстоўваецца шырокі дыяпазон тэхналагічных прыёмаў. Гэта ўжыванне вітых і плоскіх пляцёнак, рамбічных уставак, жгуцікаў, касых зрэзаў, розныя перапляценні плоскіх саломінак, фармаванне аб’ёмных фігуратыўных вырабаў на адмысловым каркасе, спіральнае пляценне з саламяных джгутоў, сцягнутых вярбовай аплёткай ці шпагатам, і іншыя прыёмы апрацоўкі саломы і фармавання вырабаў, якія даюць магчымасць дамагацца багацці формаў і надзвычайнай дэкаратыўнасці твораў.
У XXI стагоддзі беларускае саломапляценне выходзіць на сусветны ўзровень. У 2020 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім універсітэтам культуры і мастацтваў падрыхтавалі намінацыю “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У сакавіку 2021 года яна была прадстаўлена Сакратарыяту Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Дассе Беларусі было разгледжана на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая праходзіла ў Марока з 28 лістапада па 3 снежня 2022 года.
“Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” стала пятым беларускім аб’ектам у Спісе сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У ім ужо прадстаўлены калядны абрад “Калядныя цары” вёскі Семяжава, імпрэза ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе, вясновы абрад “Юр’еўскі карагод” у вёсцы Пагост і культура ляснога бортніцтва Беларусі.
Захаванне і развіццё саломапляцення – адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці дзяржавы па ахове культурнай спадчыны. У Беларусі на заканадаўчым узроўні рэгламентавана праца рамеснікаў і рамесных аб’яднанняў, забяспечана абарона іх правоў, і гарантавана атрыманне вадпаведных прэферэнцый, уключаючы падатковыя палёгкі і магчымасці розных заахвочванняў (прысуджэнні звання “Народны майстар” ці аўтарскія ўзнагароды).
Мастацкія практыкі саломапляцення з’яўляюцца жывой традыцыяй, якая бесперапынна ўзбагачаецца. У краіне наладжана сістэма навучання рамяству, перадача ведаў аб тэхналогіі апрацоўкі матэрыялу, пераемнасць мастацкіх традыцый.
Па ўсёй краіне дзейнічае сетка адукацыйных і культурных устаноў для дзяцей і дарослых, дзе можна навучыцца саломапляценню. Праводзяцца выставы і фэсты рамёстваў і народнай творчасці, у тым ліку конкурсы па саломапляценні ў рамках фэсту мастацтваў “Славянскі кірмаш” у Віцебску. Саломапляценне вывучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, іншых навучальных установах краіны.
Дзяржаўныя музеі набываюць творы майстроў саломапляцення і фармуюць музейныя калекцыі. Най-болей значныя калекцыі вырабаў з саломкі экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі старажытнабеларускай культуры, буйных рэгіянальных музеях.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, кафедры этналогіі і фальклору вядучых ВНУ краіны, а таксама рэгіянальныя цэнтры фальклору займаюцца ідэнтыфікацыяй, вывучэннем і прасоўваннем саломапляцення.
Беларускія творы з саломкі не маюць аналагаў у свеце. Яны з’яўляюцца нацыянальным здабыткам Рэспублікі Беларусь і адной з самых зыркіх формаў мастацкай традыцыі беларусаў.
Г. Н. Ходар,
кансультант кіравання па ахове
гістарычна-культурнай спадчыны
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.