Змітрок Кузменка – гісторык, літаратар. Нарадзіўся ў 1980 г. у Менску, дзе і жыве. Цягам доўгага часу займаецца вывучэннем і папу-лярызацыяй гісторыі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. Стваральнік навукова-асветніцкага інтэрнет-сайта “Сьвіслацкія аркушы – Кастусь Каліноўскі” (www.kalinouski.arkushy.by). Друкаваўся ў газетах “Вячэрні Мінск”, “Літаратура і мастацтва”, “Новы час” (“Літаратурная Беларусь”), часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, “Дзеяслоў”. Аўтар паэтычнага зборніка “Пакуль жыву, спадзяюся” (2012).
* * *
Мы чакаем вясны, а яна
На азонавых крылах
Не спяшае да нас:
Тут няма з кім сустрэцца вясне.
Бо адгэтуль зіма
Ў немым жаху даўно адступіла,
Калі тут расстралялі
На гронках калінавых снег.
Ні зімы, ні вясны –
Па-за часам і сэнсам пустэча.
Спакваля асыпаецца
Ў чорныя яміны жвір.
У нявіннай крыві
Патанулі шраціны карцечы
Між агіднай турмой
І вар’ятняй у стылі ампір.
Разліваецца стома
Па роспачы гразкіх калюжын.
Задзімае нявер’е
Нязгасныя нават агні…
Думка прагне ўцячы,
А на выстылым дне шэрых лужын
Наша памяць ляжыць
Пра натхнёныя летнія дні.
Уначы камяні
Ад святла адракаюцца тройчы,
Ды з абодвух бакоў
Ненавіснай астрожнай сцяны
Ціха вера жыве,
Што наўкол пасвятлее аднойчы.
І заводзіць гадзіннік.
І ўпарта чакае вясны.
* * *
Нашы знакі і тут, і там
Пад каростаю брудных плям
Будзяць памяць.
Спрэс зачышчаныя амаль,
Закатаныя пад асфальт
Разам з намі.
Замест белі – бетонны блок,
Замест чырвані – чорны змрок,
Іх не сцерці.
Толькі бачаць ліхой парой
Праз казённае фарбы слой
Нашы сэрцы.
Мы ўсе помнім, што тут было,
Колькі нас насамрэч ішло –
Час за намі.
Бо мацнейшы за посвіст куль
Вольных сэрцаў з’яднаны пульс
Перад храмам.
Клічуць плямы з глухіх платоў,
З прыдарожных старых слупоў
Не здавацца.
Несмяротна глядзіць у свет
Забаронены запавет
Людзьмі звацца.
Давыд і Галіяф
Ашалелы ад сілы дурной,
Начапіўшы сумленне на дзіду,
Непарушнай каменнай сцяной
Наступаў Галіяф на Давыда.
Паланянкай дрыжэла зямля
Пад цяжкою пятою асілка,
І хаваліся людзі ў палях,
І трымцелі ў старожы паджылкі.
Дужы, люты, такога не смей
Сустракаць нават позіркам колкім.
Бо пры левым сцягне – востры меч,
А за спінаю – сотні пахолкаў.
І зласлівага смеху гурма
Скаланула прыціхлыя межы:
– Гэй, Давыдзе, цябе тут няма,
Нават дом твой табе не належыць!
Вашу памяць пакрые трава,
І жанкі над калыскаю знову
Калыханку не стануць спяваць
На тваёй недаробленай мове!
Ты дагэтуль не ўцёк? Будзь здароў!
Спіну гнуць на нас будзеш да скону.
Мы тваіх перайначым сыноў,
А дачок – сілай возьмем за жонак!..
Адступаў крок за крокам Давыд,
Гергеталі сцярвятнікі здрадна.
А наўзбоч цьма сякер нежывых
Высякала жывы вінаграднік.
– Што ты шэпчаш? Цябе не чутно! –
І пад здзеклівы рогат заўзяты
Паляцела паходня ў акно
Працавітай Давыдавай хаты.
З вокнаў дым. Плач ягоных дзяцей.
Што ён можа, нягеглы, пахілы?..
Толькі прашча ў танклявай руцэ
Незямной налівалася сілай.
* * *
Гэта мы ці не мы
Між замерзлых фантанаў?
Сярод плошчаў нямых –
Мы ці нашыя здані?
У няўтульным куце
Дэкарацый убогіх
Абдымаем дзяцей
Пад абстрэлам трывогі.
А чытаючы ўслых
Вечаровую казку,
Затуляем малых
І змаўкаем знянацку.
І не спім давідна,
Зразумеўшы раптоўна:
Тая казка – пра нас,
Ды фінал – не чароўны.
Мы праводзім сяброў
Заінелым дасвеццем
Да чужых берагоў
Без надзеі сустрэцца.
Крочым скрозь туманы
Разам з ціхім каханнем
Паўз пачвараў вайны,
Між казённых спатканняў.
Не смяёмся амаль.
Усміхаемся рэдка.
У вірах чорных хваль
Шчасце трапіла ў сетку.
Прыхаваліся дзесь
Мары ды летуценні…
Хто там далей ідзе –
Мы ці нашыя цені?
* * *
Іх не паклічаш звыкла, як гасцей, –
Ніхто не бачыў, як яны прыходзяць.
Лятуць на вераснёвай павуце?
Ідуць па плыткім месяцовым бродзе?
Яны адчуюць зімную тугу
Ва ўтульным ложку і на мулкіх нарах.
Накрыюць ціха коўдрай з мурагу
І прэч прагоняць даўкія кашмары.
Пакажуць дыяфільмаў чараду,
Нашэпчуць спеў замовы абярожнай
І родных на сустрэчу прывядуць
Тых, з кім даўно пабачыцца няможна.
Накрыюць стол бяседны над ракой,
Дадуць нагаварыцца там дасхочу.
І вылекуюць боль і неспакой
Знаёмыя спагадлівыя вочы…
Растане ўсё са звонам у вушах.
Няспешна пройдзе берагам паломнік.
І схамянецца радасна душа,
Хоць гэтага нічога не запомніш.
Іх не паклічаш са свайго акна –
Яны прыходзяць самі да абраных.
Хай над табой кужэльна давідна
Гаючыя кружляюць сны.
Дабранач.
Слова
– Не падманвай, паэт!
Не хлусі мне пра светлае неба!
Не кажы пра багоў,
Не спявай пра адвечны блакіт.
І не кліч на падмогу сабе
Яснавокага Феба –
Непапраўна фальшывяць тваіх
Вершатвораў радкі.
Майстар ты неблагі,
Валадарыш і рыфмай, і рытмам.
Ды да музы сваёй
Заляцаешся часта дарма:
Вучаць іх з малалецтва
Ўдаваць бескарыслівасць спрытна,
І нічога з таго,
Што яна табе шэпча, няма.
Годзе слухаць яе,
Каралеўскай павагай адорваць.
Там, наверсе, няма
Ні багоў, ні прасветленых нот.
Там зусім не блакіт,
А халодная чорная прорва,
Хай жа вочы адкрые табе
Справядлівая ноч.
Хто шукае святла –
Той знаходзіць бяздонную цемень
І канчае, няшчасны,
Вар’ятняй, турмой ці труной.
Не ўяўляй маякі
Ў абыякавым зорным мігценні,
Бо палова тых зор легкадумных
Пагасла даўно.
Ты ўсё ведаеш сам
Ды чамусьці не хочаш прызнацца.
Толькі цемра адна будзе вечнай,
Як вечнай была…
Усміхнуўся паэт і сказаў:
– Я хачу запытацца,
Як вы знойдзеце змрок
Без ніводнага промня святла?
Першым слова было,
Калі не існавала нічога.
У пустэчы без меж,
Дзе згубіла апору крыло,
Нарадзілася раптам
На вуснах самотнага Бога.
І сарвалася з іх.
І было тое слова –
Святло.
* * *
Колераў не было.
Колеры ноч пажэрла.
Тысячаў лямп святло
Хліпнула і памерла.
Філін на сэрца ўссеў.
Сцішыліся бразготкі.
Мала сказаць, што ўсе
Шэрыя ноччу коткі.
Шэрае ўсё ўначы.
Лапамі ў цяжкіх берцах
Дома твайго ключы
Спляжыў пугач на сэрцы.
Сцяўся сівы курган.
І бессаромнай кодлай –
Цемры начной слуга –
Шэрасць лютуе подла.
Апанавала свет,
Лезе нахабна ў вочы…
Не палічыць прыкмет
Доўгай палярнай ночы.
Разрабаваны храм.
Ды ўзбоч званіцы немай
Дорыць надзею нам
Зорка над Бэтлеемам.
* * *
Мне снілася, што Беларусь памерла,
І ўжо нічым яе не ўваскрасіць.
Што свінні нашы раскідалі перлы.
І збэсцілі святыні нашы – псы.
Паўсюль аціхлі спевы векавыя.
Гаспадароў змярцвелі галасы.
І толькі пахавальны вецер вые
На выпаленых могілках красы.
Пад змрочным ценем
невідушчых скалаў,
У лабірынце зруйнаваных сцен
Беспакарана шастаюць шакалы,
Ды чуецца гігіканне гіен.
І нават калі вочы ў цуд павераць,
Ты ведаеш, што гэта – міражы…
Мне снілася, што Беларусь памерла.
А значыць, яна вечна будзе жыць.