Здаецца, было ўсё як учора, а ўжо прайшло 35 гадоў з той першай незабыўнай сустрэчы з выдатнай беларускай паэткай, грамадскай дзяячкай, выдаўцом і проста шчырым чалавекам Зоськай Верас (Людвікай Антонаўнай Войцік, 1892-1991) і не менш вядомым і знакамітым Лявонам Луцкевічам (1922-1997) .
24 верасня 1987 года група слонімскіх настаўнікаў вырашыла наведаць старажытную беларускую Вільню. Разам з настаўнікамі ўдалося паехаць і мне. Калі мы прыехалі ў Вільню, то на плошчы Гедыміна нас чакаў ужо Лявон Луцкевіч – зяць Зоські Верас. Пасля была цікавая экскурсія па нашай беларускай старажытнай сталіцы. Лявон Антонавіч яе добра ведаў і ўмеў вельмі цікава распавядаць пра яе завулкі і вуліцы, пра тых беларусаў, якія тут жылі, вучыліся, выдавалі кнігі і часопісы, трымалі друкарні і музеі. У мяне быў фотаапарат, і я стараўся сфатаграфаваць Лявона Антонавіча з настаўнікамі. Праўда, ён казаў:
– Сяргей, ты мяне так шмат не пстрыкай, больш фатаграфуй настаўнікаў, бо з-за мяне табе ў Беларусі можа быць непрыемнасць.
Калі я вяртаўся дамоў, усё думаў, якая мне з-за гэтага сціплага і цікавага чалавека можа быць непрыемнасць. Пасля, калі я прачытаў у “Политическом собеседнике” артыкул Бумажковай, я ўспомніў словы Лявона Антонавіча. Але і тады, і цяпер мне няма каго баяцца, я жыву на зямлі сваіх дзядоў і прапрадзедаў, якія тут нарадзіліся, жылі і працавалі і якія ганарыліся роднаю Вільняй і неаднаразова там бывалі. І любіць сваю Бацькаўшчыну ніхто і ніколі мне не забароніць, так як і сустракацца з сябрамі там, дзе я хачу і калі хачу.
А ў той дзень мы фатаграфаваліся і з Лявонам Луцкевічам, і з Зоськаю Верас, але ўжо ў яе лясной хатцы за Вільняй. Туды мы паехалі пасля віленскіх экскурсій, каб адведаць Людвіку Антонаўну. Адчыніўшы дзверы, мы быццам трапілі ў беларускі музей культуры і літаратуры. Карціны славутых мастакоў, фотаздымкі, кнігі, старая мэбля – усё тут, здавалася, дыхала нашым родным, беларускім. У адным з пакойчыкаў хаткі нас сустракала Зоська Верас, якой тады было ўжо 95 гадоў. Пасля пачалася размова. Нас цікавіла ўсё, бо мы ведалі, што Людвіка Антонаўна шчыра сябравала з многімі беларускімі дзеячамі, а таксама са слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам. Дарэчы, у той дзень Зоська Верас падаравала літаратурнаму музею СШ № 7 г. Слоніма партрэт Гальяша Леўчыка, намаляваны беларускім мастаком з Вільні Алегам Аблажэем. Даўно ўжо няма гэтага музея, і невя-дома куды трапіў добры партрэт Леўчыка. Вельмі шкада, што часам каштоўныя музейныя экспанаты трапляюць у ненадзейныя рукі кіраўнікоў школьных музеяў.
Падчас гэтай сустрэчы мы шмат новага даведаліся ад Зоські Верас пра Гальяша Леўчыка, яна паказвала нам яго пісьмы і паштоўкі, а таксама цікава расказвала і пра Максіма Багдановіча. У час успамінаў пісьменніца нават праслязілася. А пасля Людвіка Антонаўна раздавала аўтографы. Праўда, кніжак яе ў настаўнікаў не было, таму аўтографы яна ставіла ў сшыткі і блакноцікі. А калі я назваў сваё прозвішча, ад чаго мне было прыемна і здзівіла ўсіх прысутных, яна сказала:
– А-а-а, Сяргейка, а я завочна ведаю цябе, шмат чытала тваіх твораў у прэсе….
Яна адчыніла шуфлядку, дастала адтуль сваю кніжачку “Каласкі” і падпісала: “Паважанаму Сяргею Чыгрыну на памятку сустрэчы. Вільня. 24.09.1987г. Зоська Верас”…
Пакуль настаўнікі размаўлялі з Людвікай Антонаўнай і разглядалі яе хатку-музей, мы з Лявонам Антонавічам абмяняліся адрасамі, пагутарылі пра жыццё ў Беларусі, пра навінкі беларускай кнігарні.
Вяртаючыся ў Слонім, я вырашыў праз пэўны час зноў завітаць да Зоські Верас. Але такой мажлівасці ўжо не было: у 1990 годзе (ці не знарок?) нехта спаліў лясную хатку, а праз год не стала і яе гаспадыні.
Віленскія сустрэчы з Лявонам Луцкевічам і Зоськай Верас яшчэ больш натхнілі мяне на пошукі звестак пра забытых гісторыяй беларусаў. У канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я пачаў адшукваць па драбніцы звесткі пра Міхася Забэйду-Суміцкага, Наталлю Арсенневу, Хведара Ільяшэвіча, Гальяша Леўчыка, Сяргея Хмару, Францішка Аляхновіча і іншых прадстаўнікоў творчай беларускай інтэлігенцыі. Шукаў сляды Франука Грышкевіча, Уладыслава Казлоўшчыка і Станіслава Грынкевіча для будучай кнігі “Вяртанне да сваіх” (Беласток, 1999). Пра ўсіх іх я пытаўся ў Лявона Луцкевіча, ён дапамагаў мне, раіў, да каго звярнуцца, дзе можна прачытаць пра забытых беларусаў і г.д. Я яму ў Вільню прысылаў беларускія кніжкі, а ён мне – віленскія выданні. На жаль, як мы ведаем, час не стаіць на месцы. І вельмі часта гэты час адлічвае сумныя хвіліны: хутка не стала і Лявона Луцкевіча.
Сёлета 30 верасня Зосьцы Верас споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння. Прыгадваючы тую сустрэчу, хочацца нагадаць і яе біяграфію.
Зоська Верас нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны. Пачатковую адукацыю атрымала ад бацькоў, а ў 1904 годзе паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. У 1905 годзе беларуска жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі, у 1908 годзе пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі Сакольскага павета. Скон-чыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914). Падчас вучобы ўваходзіла ў Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, займалася літаратурнай творчасцю.
З 1915 года Зоська Верас працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Супрацоўнічала з “Беларускай хаткай”, дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой Вандай Лявіцкай, з Аркадзем Смолічам і Уладзіславам Галубком, пасябравала з Максімам Багдановічам.
У канцы 1918 года Зоська Верас пакінула Менск з прычыны хваробы маці і вярнулася ў дзедаў маёнтак Альхоўнікі. У 1919 годзе ў яе нарадзіўся сын Антон, але яго бацька Фабіян Шантыр загінуў у 1920 годзе. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку.
У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з новым мужам Антонам Войцікам яна пабудавала хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай. У гэтым шлюбе ў 1927 годзе ў іх нарадзілася дачка Галіна, якая была замужам за Антонам Луцкевічам.
Зоська Верас рэдагавала часопісы “Пралескі” і “Беларуская борць”, сябравала з многімі беларускімі пісьменнікамі. У 2013 годзе Міхась Скобла падрыхтаваў і выдаў вялікі том яе ўспамінаў і 386 лістоў пад назвай “Я помню ўсё”.
Сяргей ЧЫГРЫН.