Паэзіяй жыцця, чароўнай песняй можна назваць паэтычную Воранаўшчыну. Колькі ні прыязджай сюды – а душа штораз пакутуе ад расстання з гэтым Богам падараваным краем зямлі беларускай. Бо ТУТ ЗЯМЛЯ ТАКАЯ, з залатымі каласамі і са спеўна-гаманкімі, гасціннымі людзьмі, адоранымі надзвычай вабнай душэўнай прыгажосцю…
I ганарыцца сваім краем, праслаўляць яго і захоўваць духоўную скарбніцу могуць напоўніцу самі гаспадары Воранаўшчыны – людзі, неабыякавыя да сваёй спадчыны: хаты, бацькоў і землякоў, продкаў і сівой мінуўшчыны, да гаючых песень і гаманкога слоўца, да кожнай зялінкі і сінявы мірнага неба над сваім дабраславёным краем…
“Воранаўшчына лірычная ” – пад такой сціплай і пашанлівай назвай сабраны творы, дзе ўкладзена душа ў кожнае слоўца і ў кожную ноту, якія дораць незвычайныя сакральныя пералівы мелодый, ігру пачуццяў на сваёй чароўнай ліры… Як быццам зіхаціць бурштынам, пераліваецца-гучыць мілагучны і загадкава каларытны малюнак Воранаўскага краю, паэтычныя скарбы якога бязмежныя і невычэрпныя, хаваюць і тояць у сваіх глыбінях залатыя россыпы людской мудрасці, досціпу і песеннай меладычнасці.
Паэзія – каралеўна літаратуры. Пісаць вершы здольны не кожны, бо неабходна мець пэўны лад душы, незвычайны погляд на людзей, неба, кветкі, на ўсё, што цябе акаляе. Быць паэтам – значыць быць гусляром свайго краю, спяваць пра яго прыгажосць, складаць вершы пра Яго Вялікасць Чалавека Працы, узвышаць гісторыю і сучаснасць, натхняць і даваць надзею на яшчэ лепшую будучыню. Слова ў паэта – гэта САПРАЎДНАЕ МАСТАЦТВА – мастацтва ЛІНІЙ, ГУКАЎ, ФАРБАЎ – мастацтва, у якім жыве і якім жывы чалавек. I хіба толькі паэт можа зблізіць найаддаленае, убачыць у змрочным, някідкім, халодным – чароўнае, “красу, і светласць, і прастор”. Душа паэта надзвычай ранімая і вытанчаная. Яна рэагуе на праявы часу, і самае незвычайнае – адчувае подых Радзімы: пах сена і саломы, вецер з водарам траў, а зімою прахалодны подзьмух з дробнымі асвяжальнымі крупіцамі бялюткага снегу. Пах дыму купальскага вогнішча, народныя песні… Не толькі прырода дае натхненне, а ў многім люд беларускі, які спакон вякоў жыве на гэтай зямлі.
Воранаўшчына багатая на таленты з народа. Сваю свядомасць яны ўвасабляюць па-рознаму ва ўласнай паэзіі: прама і адкрыта, у спавядальных маналогах, у рэфлексіях, ці зусім інакш – апасродкавана, у форме выяўлення вонкавай рэальнасці, праз элементы апісання. Многім вершам зборніка “Воранаўшчына лірычная ” характэрны медытатыўны пачатак, такі своеасаблівы ўсхваляваны і напружаны роздум. Сапраўдная паэзія несумяшчальна з шэрасцю і нейтральнасцю мыслення, з адсутнасцю пэўнага эмацыйнага тону. Мова вершаў паэтаў Воранаўскага раёна поўная экспрэсіі, якая становіцца дамінуючым пачаткам. Тут можна сустрэць гнуткія і насычаныя інтанацыі і рыфмы, можна заўважыць каларытныя мастацкія тропы і своеадметную мастацкую вобразнасць. Край легенд і паданняў, край ваяроў і аратых, край старадаўніх традыцый, вельмі старажытны і вельмі сучасны – такой прадстае Воранаўшчына перад чытачом.
Дыяпазон лірычных пачуццяў у зборніку надзвычай шырокі. Паэтычныя творы імкнуцца адлюстраваць уражанні ад пазітыўнага, грамадска значнага, усяго таго, што з’яўляецца каштоўнасцю ў вачах аўтараў, да трагічных старонак ваеннай гісторыі. Некаторыя з тэкстаў вельмі пявучыя і чакаюць свайго кампазітара, які адорыць іх прыгожай мелодыяй.
Вясёлыя бярозкі на ўзлесках і невялічкія сонечныя сасновыя паляны, звілістыя рачулкі між балоцістых лугоў і белыя лілеі ў цёмнай вадзе – такі пейзажны краявід Воранаўшчыны. I ў гэтым жыватворным, сакральна- задуменным спакоі можна сягаць думкамі ў нязведаныя таямніцы, у святое і вечнае… Адно прыслухаемся да такіх назваў вёсачак Воранаўскага краю, як Канвелішкі, Слёзкі, Тракелі, Лепі, Лоўцы, Лянцішкі, Падгай, Бацяны, Падзегуці, Свілы, Чырканцы і інш. Тут прыхаваны ахутаныя даўніной нацыянальнаментальныя патаемы гэтай унікальнай мясцовасці. Маляўнічыя краявіды і незвычайная архітэктура ўражваюць, а гісторыя адкрывае новыя таямніцы… Месца спатканняў Адама і Марылі: той памятны камень з выявай крыжыка як сімвал безнадзейнай, самотнай ростані дзвюх летуценна-мройлівых душ. I вакол – безліч спараных дрэўцаў. Ці не таямніча-загадкава гэта ?..
Паэзія можа дастукацца да душаў людзей, на якія не могуць паўплываць іншыя віды мастацтва, што тлумачыцца глыбінёй падтэксту, багатай асацыятыўнай вобразнасцю. Зборніку “Воранаўшчына лірычная” характэрны шырокі тэматычны дыяпазон, насычаны ідэйны змест. На старонках кнігі са сваімі ўласнымі лірычнымі вершамі здолелі выступіць творцы рознага ўзросту, але ўсе яны горача любяць сваю бацькаўшчыну, яе мінулае і сучаснасць, з выключнай павагай ставяцца да гісторыі роднага краю, прыроды, чалавека-працаўніка, да блізкіх, а таксама прысвячаюць творы песнярам зямлі беларускай. Звычайнае і ўзнёслае крочаць побач, ствараючы незвычайны эстэтычны тандэм, поўны дзівоснага Хараства.
Маецца вялікі спадзеў на тое, што творчы запал майстравітых аматараў паэзіі падорыць яшчэ мноства ўзнёслых твораў пра загадкавы Воранаўскі райскі куток…
Р.К. Казлоўскі, А.Э. Сабуць,
дацэнты кафедры беларускай філалогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Янкі Купалы,
члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Гэты тэкст ёсць прадмова да кнігі “Воранаўшчына лірычная. Зборнік вершаў педагогаў і вучняў Воранаўскага раёна”, якая выйшла нядаўна ў Лідскай друкарні накладам 200 асобнікаў у серыі “Мая Воранаўшчына”. Зборнік выдадзены з удзелам Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта пры фінансавай падтрымцы КСУП “Больцішкі” (старшыня Вількевіч Андрэй Феліксавіч). Рэдакцыйная рада: Н.В. Якжык, Н.І. Адамчык, Г.С. Янушка. У кнізе на 124 старонках змешчаны творы 18 аўтараў, у пераважнай большасці – гэта педагогі і вучні ўстаноў адукацыі Воранаўска раёна. У кнізе толькі каля дзясятка вершаў на рускай мове, астатнія на роднай, беларускай.
Два творы з кніжкі:
МАЯ МАЛАЯ РАДЗІМА
Версэт
Прывітанне, мае Канвелішкі!
Прывітанне, маё неба! Ты даеш мне крылы, каб лунаць у думках, каб прагнуць да цябе і да тых далёкіх гарызонтаў, што маняць сваёй казачнасцю і невядомасцю.
Прывітанне, мая зямля! Ты прыгожая ва ўсе поры года: і залатой восенню, і блакітнай вясной, і бела-шэрай зімой, і рознакаляровым летам. Ты корміш маіх шчырых і працавітых аднавяскоўцаў, чакаеш дажджу ў спёку і сонца – у холад.
Прывітанне, мае дарожкі-сцяжынкі! Вы ведзяце мяне да двух храмаў – нашага касцёла, дзе жыве спра-вядлівы і мудры Бог, і да школы, дзе валадарыць навука і сяброўства, дзе цвёрдыя рукі педагогаў вядуць мяне ў Шчаслівую Будучыню.
Тут мой выток, мая аснова…
I маё сэрца.
Даніла Трахімчык.
БУСЕЛ
Ізноў вясна… I ярка свеціць сонца,
Зазелянелі травы на мяжы…
I стукаюць праменьчыкі ў аконца,
I адмываюць ад зімы дажджы.
Чырвананосы бусел аблятае
Спрадвечнае сваё жытло.
Чаму бабуля сёння не страчае?
Чаму такое ціхае сяло?
I сцежкі не вядуць зусім да хаты…
“Я тут!” – пачаў наш бусел клекатаць…
I цэлы тыдзень ён чакаў заўзята,
Не верыў, што не выйдуць прывітаць.
Калісьці тут дзятва яго страчала:
– Дзень добры, наш бацянчык-клекатун!
Бабулька галавою ўслед ківала:
– Ляціш, то буду жыць яшчэ, вястун.
I ён лунаў – прыносіў радасць, шчасце.
Не нёс дзяцей – іх не чакалі тут.
Адводзіў беды, суцяшаў у нянасці…
Чаму ж не прывітае родны кут?
Пустыя хаты… Вокны ўжо не вочы…
I вецер-сухавей тут гаспадар…
Стары калодзеж болей не рабочы,
Ад комінаў не ідзе дымочак-пар…
А моладзь уся ў горад выязджае…
Бабулечкі не стала ўжо зімой…
Ды толькі верны бусел нас чакае
У роднай вёсцы кожнаю вясной.
Наталля Якжык.
Сёлета мы ўжо пісалі пра выхады паэтычных зборнікаў у Наваградку і Лідзе, і вось Воранава. Розныя сілы і сродкі задзейнічаны, але асноўнае адно – жыве Божая іскра творчасці ў нашым народзе.
Яраслаў Грынкевіч.