На мінулым тыдні Слонім адзачаў 770-годдзе. Дата сур’ёзная, але цалкам ігнаруе факты згадвання Слоніма пад 1011 і 1036 гадамі, якія цвердзяць пра 1000-гадовую гісторыю гэтага старажытнага беларускага горада, аднаго з самых старажытных. Але начальнікам відней.
12 жніўня ў Слоніме адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: погляд у мінулае”, прысвечаная 770-годдзю з дня першай згадкі Слоніма ў Іпацьеўскім летапісе. У канферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і музейшчыкі, а таксама выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Падчас канферэнцыі слухачы пазнаёміліся з выступленнямі на самыя розныя тэмы. Гучалі даклады пра прывілеі на Магдэбургскае права мястэчку Жыровічы, пра гістарычную ўрбананімію Слоніма, пра Жыровіцкае Евангелле, пра слонімскія грамнічныя соймікі ў панаванне Аўгуста III (1736-1763) і шмат іншых. Цікава было паслухаць навукоўцаў, якія распавядалі пра грашовыя даходы і расходы Слоніма ў першай палове 19 стагоддзя, пра 1860-я гады ў гісторыі Слонімшчыны, пра медыцынскае забеспячэнне насельніцтва Слонімшчыны ў кантэксце развіцця аховы здароўя Заходняй Беларусі ў 1919-1939 гадах і г.д. Канферэнцыя праводзілася ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021-2025 гады.
13 жніўня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы на цэнтральным пляцы горада адбылося ўрачыстае адкрыццё маштабнага мерапрыемства, прысвечанага імпрэзе 770-гадовага юбілею Слоніма, паведамляе slonves.by.

Да 12:00 да пляца з фантанамі, упрыгожанай кветкамі і сцягамі, пачалі сцякацца калоны святочна апранутых слонімцаў, сярод якіх былі паважаныя, вядомыя ў горадзе людзі, ардэнаносцы, ветэраны працы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Слонімшчыны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў, шматдзетныя сем’і і моладзь. На свята прыехалі ганаровыя грамадзяне Слоніма, дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў блізкага замежжа і госці з розных куткоў Беларусі. Адбылася працяглая цырымонія ўзна-гароджання лепшых прадстаўнікоў Слонімскай зямлі. Свята ўпрыгожылі канцэртныя нумары.


З вітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Баляслававіч Хоміч, які адзначыў, што свята 770-годдзя Слоніма – гэта яшчэ адна нагода сказаць пра сваю любоў да малой Радзімы, бо нельга не любіць месца, дзе жывеш і працуеш, ствараеш сям’ю і выхоўваеш дзяцей. Нездарма кажуць, што самы лепшы горад – той, дзе чалавек шчаслівы!
– Юбілей горада – гэта наша сумеснае свята, – падкрэсліў Генадзь Баляслававіч. – Усіх нас аб’ядноўвае любоў да агульнага дома, удзел у яго лёсе, неабыякавасць да яго аблічча і традыцый. Мы па праве ганарымся ўнікальнай культурнай і гістарычнай спадчынай Слоніма, яго дасягненнямі. І з года ў год мы разам робім усё магчымае, каб нашы родныя месцы станавіліся прыгажэй і прывабней для жыцця. Слонім – гэта горад-працаўнік. І сёння мы ўшаноўваем нашых жыхароў – прадстаўнікоў розных прафесій. Горад жыве, дзякуючы яго душы і сэрцу – дзякуючы людзям. Я шчыра віншую ўсіх тых, хто нарадзіўся і вырас у Слоніме, хто прыехаў сюды вучыцца і працаваць. Кожны з нас сёння сваёй працай, сваім стаўленнем, словамі і ўчынкамі вызначае, якім стане ў будучыні для нашых дзяцей і ўнукаў наш горад.


Па завяршэнні ўсіх запрасілі да неспадзеўкі – на “Імянінны торт – 770”.
Паводле СМІ.

