Дзеянні радыкальных экаактывістаў з групы “Апошняе пакаленне” выклікаюць усё больш турботы ў нямецкіх палітыкаў, спецслужбаў і паліцыі. Генсак апазіцыйнай партыі ХДС Марыё Чайя называе ўдзельнікаў групы злачынцамі і лічыць, што да іх трэба ўжываць адпаведныя меры, аж да прэвентыўных арыштаў, каб не дапусціць правядзення чарговых акцый. Як паведамляе выданне Welt, на працягу гэтага года актывісты “Апошняга пакалення” больш за 500 раз блакавалі рух на аўтабанах па ўсёй Германіі. У апошні час яны не проста садзяцца на дарожнае палатно, каб спыніць плынь аўтамабіляў, а і прыляпляюць рукі да асфальту ці ўмуроўваюць сябе з дапамогай цэменту. Апроч гэтага экарадыкалы яшчэ ўвесну пачалі перакрываць вентылі помпавых станцый на нямецкіх газаправодах, прыкоўваючы сябе да іх ланцугамі.
Адказнасці актывісты практычна не нясуць. Па дадзеных берлінскага гарадскога кіравання ўнутраных спраў, са студзеня ўдзельнікам “Апошняга пакалення” было выпісана толькі 60 штрафаў у памеры 241 еўра кож-ны, а аплачаны з іх толькі тры. Гэта нягледзячы на тое, што толькі за апошні тыдзень чэрвеня рух на аўтабанах і вуліцах нямецкай сталіцы блакаваўся 35 раз. Прадстаўнік прафзвязу паліцыянтаў Берліна Бенджамін Джандро, словы якога прыводзіць тэлерадыёканал RBB, паказвае на тое, што да аўтабанаў сябе штораз прыляпляюць адны і тыя ж людзі, і патрабуе ўзмацнення жорсткасці пакаранняў.
– Складаецца ўражанне, што Берлін – гэта камфортнае асяроддзе пасялення для блакавальнікаў дарог, і з актывістамі “Апошняга пакалення” тут нічога не адбываецца, – кажа Джандро.
На мінулым тыдні экарадыкалы абвясцілі, што сыходзяць да канца лета на “вакацыі”, але ўвосень абяцалі вярнуцца з новымі, яшчэ больш гучнымі акцыямі. У МУС Германіі кажуць, што ўспрымаюць гэтыя пагрозы з усёй сур’ёзнасцю. Увагу на праблему звярнула і нямецкае ведамства па ахове канстытуцыі, якое яшчэ не так даўно не бачыла ў дзеяннях “Апошняга пакалення” ніякага экстрэмізму. Але зараз меркаванне спецслужбы змянілася на прама процілеглае. Па словах яе прадстаўніка, у кліматычным руху назіраецца моцны ўплыў левых экстрэмістаў, якія спрабуюць “радыкалізаваць сацыяльны пратэст і дэлегітымаваць дзяржаву і яе інстытуты”.
Зрэшты, пра радыкалізацыю барацьбы за выратаванне клімату ўжо даўно папярэджваюць і самі экаактывісты.
– Разгромленыя аўтасалоны, пабітыя аўтамабілі, дыверсіі на газавых электрастанцыях і трубаправодах. Гэта ўсё абавязкова будзе наступным летам. Я чую пра гэта ад прадстаўнікоў кліматычнага руху, нават ад досыць умераных, – казаў у лістападзе мінулага года ў інтэрв’ю часопісу Spiegel адзін з вядомых дзеячаў нямецкага экаруху Тадыё Мюлер. Па словах Мюлера, падобныя дзеянні стануць рэакцыяй на няздольнасць уладаў распачаць рашучыя меры, каб спыніць глабальнае пацяпленне. У выніку найболей радыкальна настроеныя актывісты могуць перайсці да сапраўднага экатэрарызму, дзейнічаючы з падполля падобна нямецкім левым тэрарыстыч-ным групам перыяду 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Прагноз Мюлера пакуль аказваецца даволі дакладным – дыверсіі на газаправодах, хоць пакуль і адносна “мірныя”, сапраўды пачаліся. У тое, што далей экаактывісты возьмуць на ўзбраенне рэальныя тэрарыстычныя метады, нямецкія палітыкі пакуль не вельмі вераць, але падобнага сцэнару ўжо не выключаюць.
– На дадзены момант пакуль нельга сапраўды прадказаць, ці скочваецца кліматычны рух да радыкалізацыі і адпаведнай формы ваяўнічасці. Але ёсць некаторыя папераджальныя знакі, да якіх трэба ставіцца сур’ёзна, – кажа ў інтэрв’ю тэлерадыёканалу NDR спікер па ўнутранай палітыцы фракцыі СВДП у бундэстагу Канстанцін Куле.
Для Германіі сітуацыя, якая складваецца, выглядае вельмі неадназначна. І ўрад, і пераважная большасць насельніцтва краіны падзяляюць ідэі барацьбы за выратаванне клімату, але стаяць у шматкіламятровых заторах, спазняючыся на працу, ці застацца без газу, якога і так бракуе, немцы таксама не гатовыя. Акцыі на дарогах ужо не раз прыводзілі да сутычак паміж экаактывістамі і раз-злаванымі грамадзянамі. Аднак у “Апошняга пакалення” ёсць і свае сімпатыкі – гэтак жа, як яны былі ў левых тэрарыстаў у Германіі пяцьдзесят гадоў назад. Сама меней нямецкія СМІ нярэдка выказваюцца пра акцыі групы з разуменнем, а той жа часопіс Spiegel нядаўна нават даў трыбуну шведскаму экаактывісту Андрэасу Мальму, які са старонак часопіса адкрыта заклікаў да сабатажу і псавання маёмасці, вядома, выключна дзеля высакароднай мэты выратавання клімату.
Васіль Федарцоў,
фота Getty Images.