25 лістапада гэтага года спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэнння фалькларыста, этнографа, публіцыста Анатоля Фёдаравіча Літвіновіча. Нарадзіўся ён ў в. Любань (цяпер аграмястэчка Любань) Вілейскага раёна Менскай вобласці. Завяршыўшы навучанне ў Любанскай сярэдняй школе, Анатоль паступіў у 1970 г. у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які закончыў у 1975 г. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, пазней старшым навуковым супрацоўнікам у музеі рамёстваў і народных промыслаў г.п. Заслаўе (цяпер горад) Менскага раёна. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных ра-бот згаданы вышэй музей размяшчаўся ў б. Спаса-Праабражэнскай царкве, колішнім кальвінісцкім зборы. Храм гэты належаў Яну Глябовічу. Пратэстанцкі збор у Заслаўі быў прыстасаваны да абароны, пра што сведчаць яго тоўстыя сцены і высокая вежа з машыкулямі, адкуль можна было весці агонь па непрыяцелі. У музеі рамёстваў і народных промыслаў у г.п. Заслаўе А. Літвіновіч працаваў з людзьмі, якія валодалі значнымі ведамі па народнай культуры і мастацтве Беларусі: Сяргеем Мілючэнкавым, з якім потым ўжо давялося вывучаць традыцыйную народную культуру беларусаў (праўда, ён працаваў у іншым аддзеле ІМЭФ АН Беларусі) і ездзіць у экспедыцыі па нашай этнічнай тэрыторыі, супрацоўніцай Таццянай Гаранскай, якая нярэдка выступала і выступае з мастацтвазнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. Там, у музеі, А. Літвіновіч пазнаёміўся з выдатным беларускім мастаком і цудоўным чалавекам Эдурдам Агуновічам, які зрабіў арыгінальны макет экспазіцыі (у сярэдзіне экспазіцыйнай плошчы размяшчаліся даволі высокія і параўнальна вузкія вітрыны з паўкруглым завяршэннем і паліцамі ў іх cярэдзіне, на якіх можна было ўбачыць мастацкія, у тым ліку археалагічныя, вырабы невялікіх памераў ХІ -пач. ХХ ст.). З музеем звязана і знаёмства Анатоля Фёдаравіча з гонарам беларускай літаратуры Уладзімі-рам Караткевічам. Па рабоце А. Літвіновіч нярэдка сутыкаўся з дырэктарам Гістарычнага музея Іванам Загрышавым, Юрыем Зайцам і інш. супрацоўнікамі, за што ім ўдзячны за глыбокія гістарычныя пазнанні і добрае веданне сваёй справы. Музей рамёстваў і народных промыслаў, размешчаны ў б. царкве, параўнальна доўгі час служыў як навуцы, так і шараговым экскурсантам. І ўсё ж будынак, у якім знаходзіўся музей, праз некаторы час быў перададзены ў распараджэнне царкоўных уладаў. Аднак навуковае жыццё, звязанае з гісторыяй і культурай Заслаўя і яго наваколля, працягваецца цяпер паспяхова ўжо ў іншым месцы горада.
У 1979 г. Анатоль Літвіновіч быў запрошаны працаваць у аддзел (музей) старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, якую ўзначальвала добрая, энергічная, неабыякавая да сваёй справы даследчыца традыцыйнай народнай і прафесійнай культуры беларусаў Вольга Васільеўна Церашчатава. Тут Анатоль Фёдаравіч сустрэў працавітых і ўлюбёных у сваю справу людзей: А. Лявонаву, А. Ярашэвіча, Г. Фурс, М. Мельнікава, М. Віннікаву, М. Яніцкую, Э. Вецер, Ю. Піскуна і інш., якія ўнеслі вялікі ўклад у збіранне і даследаванне помнікаў мастацкай і этнаграфічнай спадчыны нашага народа. З музеем супрацоўнічаў шэраг вядомых вучоных, мастакоў, відных людзей Беларусі. У мастацтвазнаўчым плане асабліва выдзяляўся доктар фізіка-матэматычных навук Акадэміі Навук Беларусі Юры Віктаравіч Хадыка, які маючы, па ўсёй верагоднасці, фенаменальную памяць, вельмі шмат ведаў не толькі пра мастацкую культуру даўняй Беларусі, але пра мастацтва Еўропы і свету наогул. Ад лекцый Ю. Хадыкі ці па гісторыі беларускага, ці па гісторыі сусветнага мастацтва ўсе былі ў захапленні. Менавіта ён напісаў у аснове сваёй першы і найбольш складаны фрагмент экскурсіі (старажытны жывапіс Беларусі) па музеі старажытна-беларускай культуры.
А цяпер далей хочацца расказаць пра Анатоля Літвіновіча. Ён працаваў па двух накірунках: па-першае, вёў інвентарную кнігу, даючы навуковае апісанне рэчаў народнага побыту, збіраючы іх самастойна або удзельнічаючы ў этнаграфічных экспедыцыях. Такім чынам, Анатоль Фёдаравіч, па-першае, прыводзіў у парадак гэтыя прадметы (мыў, апрацоўваў іх пры неаходнасці спецыяльным растворам, каб потым можна было выкарыстаць для экспанавання ў залах музея або захавання ў яго фондах). Па-другое, праводзіў экскурсіі па экспазіцыі музея старажытнабеларускай культуры, што прыносіла яму вялікае задавальненне. І не раз экскурсанты яму дзякавалі за гэта то памятнымі значкамі, то сцяжкамі і буклетамі сваіх гарадоў і краін.
Аднак Анатоля Літвіновіча цягнула збіраць і вывучаць не толькі матэрыяльную, але і духоўную спадчыну свайго народа. Тым больш яшчэ будучы студэнтам Анатоль запісаў ад сваёй бабулі па лініі маці Лях Алены Пятроўны ў в. Астравы Вілейскага раёна некалькі мастацкіх народных песень, дзесяткі слоў мясцовай гаворкі (дыялектызмаў), якія не сустракаліся і былі незразумелымі ў іншых вёсках (нават не вельмі аддаленых) той ж Вілейшчыны. Таму яму нічога не заставалася як паступіць у 1979 г. у завочную аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, пазней жа ён перавёўся ў вочную аспірантуру. Дысертацыя Анатоля Літвіновіча “Пытанні беларускай фалькларыстыкі ў польскім перыядычным друку другой паловы XIX – пачатку ХХ ст.” – даволі складаная, але ўдзячная і патрэбная нашай навуцы праца пра фальклор, бо толькі ў рускім і польскім друку было найбольш апублікавана работ па вусна-паэтычнай спадчыне нашага народа. Важна тое, што многія са збіральнікаў і даследчыкаў нашай традыцыйнай народнай культуры другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., кажа Анатоль Фёдаравіч, былі па сутнасці беларусамі па сваім паходжанні. Яму давялося, як нікому іншаму, перагледзець шмат польскіх перыядычных выданняў ХІХ – пачатку ХХ ст., якія знаходзіліся ў бібліятэках Менска, Вільні, Львова або атрымліваць іх па міжбібліятэчным абанеменце з Масквы, Ленінграда, некаторых польскіх гарадоў. Шчырая праца па даследаванні польскай перыёдыкі згаданага вышэй адрэзку часу прынесла свой вынік: дзесяткі невядомых і малавядомых публікацый былі ўведзены ў навуковы ўжытак беларускай фалькларыстыкі і этнаграфіі. Нарэшце, гэтае дысертацыйнае даследаванне было завершана і пры падтрымцы і дапамозе фалькларыстаў, кандыдатаў філалагічных навук Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага, Ліі Мацвееўны Салавей, Івана Уладзіміравіча Саламевіча, доктара філалагічных навук Арсеня Сяргеевіча Ліса, доктараў, прафесараў Анатоля Сямёнавіча Фядосіка, Канстанціна Паў-лавіча Кабашнікава паспяхова абаронена ў лютым 1992 г.
З 1988 г. ён працаваў у лабараторыі беларускага фальклору БДУ спачатку навуковым, пазней старшым навуковым супрацоўнікам. Анатоль Літвіновіч даследаваў рэгіянальныя асаблівасці беларускай традыцыйнай культуры (асабліва ўвагу звяртаў на Палессе), фальклору Чарнобыльскага рэгіёна, пытанняў гісторыі беларускай фалькларыстыкі, беларуска-польскіх, беларуска-літоўскіх, беларуска-рускіх, беларуска-нямецкіх узаемасувязей у галіне традыцыйнай народнай культуры. Падобна Г.А. Каханоўскаму, Анатоль Фёдаравіч імкнуўся вывучаць гістарычна-этнаграфічную і культурную мінуўшчыну беларусаў у розных аспектах: фалькларыстычным, этнаграфіч-ным, гістарычным, мовазнаўчым, што прыносіла часам добры плён. Так, напрыклад, даследуючы традыцыйную культуру беларускага і літоўскага народаў, ён прыйшоў да нечаканага і важнага для нас вываду: ніякая іншая з суседніх моў (і культур) не адчула такога моцнага беларускага ўлыву, як літоўская. Болей за тое, беларусы аказалі ўздзеянне і на гістарычнае, эканамічнае, ваенна-палітычнае, ідэалагічнае і іншае жыццё літоўцаў.
У час сваёй працы ў НДЛ беларускага фальклору Анатоль Літвіновіч удзельнічаў у шматлікіх навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, якія праводзіліся НДЛ беларускага фальклору, філалагічным факультэтам БДУ, іншымі навуковымі і педагагічнымі установамі Беларусі.
Ён прымаў удзел у шэрагу фальклорных экспедыцый, якія праводзіў у летнія месяцы філалагічны факультэт БДУ (Вілейскі, Докшыцкі, Лепельскі, Мсціслаўскі, Полацкі і інш. раёны). Фальклорныя запісы Літвіновіча ўвайшлі ў кнігу “Песні сямі вёсак” (Мн., 1973) (праўда, гэта былі народная песні, занатаваныя яшчэ ў студэнцкія часы), у тамы серыі БНТ “Вяселле. Песні” (кн. 5, 1986), “Жаніцьба Цярэшкі” (1993), зб. “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць” (Мн., 1995) і некаторых інш. У НДЛ беларускага фальклору працавалі вядомыя фалькларысты: У. Раговіч, М. Сірата, А. Аляхновіч, Р. Кавалёва, М. Котаў, В. Каратай і інш., з якімі было цікава сумоўвацца на розныя навуковыя і жыццёвыя тэмы.
У пачатку 2000-х гадоў лабараторыя беларускага фальклору БДУ перажывала шэраг складанасцяў. Анатоль Літвіновіч вымушаны быў шукаць працу ў іншым месцы. На гэты раз у Беларускім педагагічным універсітэце імя М. Танка. Акурат на кафедры тэорыі і гісторыі культуры гэтай установы праводзіўся конкурс на замяшчэнне вакантнай па-сады дацэнта. Анатоль Фёдаравіч выйшаў пераможцам конкурсу. А. Літвіновіч з вялікім энтузіязмам ўзяўся за падрыхтоўку лекцый і практычных заняткаў. Усёй душой палюбіў сваю новую работу, бо меў схільнасць да выкладання гісторыі сусветнай і айчыннай культуры. Анатоль Літвіновіч да пачатку сваёй працы на кафедры тэорыі і гісторыі культуры Белпедуніверсітэта імя М. Танка ўжо меў значныя веды па гістарычным і культурным мінулым беларусаў і суседніх з імі народаў. На данай кафедры сустрэў працавітых, прыстойных і з вялікімі ведамі калег. Праўда, папрацаваўшы тут даволі значны прамежак часу, ён перайшоў на працу на кафедру беларускай літаратуры той дзяржаўнай установы. Кафедра ж, на якой Літвіновіч раней займаў пасаду дацэнта, спыніла сваё існаванне. Але на кафедры беларускай літаратуры давялося папрацаваць нядоўга.
Праз пэўны час Літвіновіч уладкаваўся на працу дацэнтам на кафедру рэжысуры абрадаў і свят Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтую кафедру ўзначальваў вядомы фалькларыст, прафесар Гуд Пётр Адамавіч. Праца на кафедры прыносіла задавальненне, тым больш яму аказвалі дапамогу некаторыя супрацоўнікі кафедры. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці (усё ж работа была ў пэўным сэнсе новай, некалькі іншай, чым раней), Анатоль Фёдаравіч даў раду лекцыям і практычным заняткам. На гэтай кафедры Анатоль Фёдаравіч завяршыў сваю навуковую і педа-гагічную дзейнасць.
У дадатак трэба сказаць, яму пашчасціла на сустрэчы з вядомымі і менш вядомымі людзьмі, у якіх біліся і б’юцца гарачыя сэрцы беларускіх патрыётаў: гісторыкамі і археолагамі М. Ермаловічам, Г. Штыхавым, А. Трусавым, М. Чарняўскім, Л. Дучыц, Л. Мірачыцкім, мастакамі і скульптарамі: М. Купавам, А. Марачкіным, А. Чаховіцкім, У. Кіслым, І. Міско, літаратамі і паэтамі: А. Мальдзісам, С. Законнікавым, У. Содалем, А. Клышкам і інш.
Анатоль Фёдаравіч вельмі ўдзячны сваёй жонцы Вользе Міхайлаўне Літвіновіч за тое, што яна падаравала яму шасцёра цудоўных дзяцей: аднаго сына і пяць дачок.
Хочацца пажадаць Анатолю Літвіновічу добрага здароўя і ўсялякіх поспехаў на яго жыццёвай дарозе.
Кандыдат філалігічных навук
Лія Мацвееўна Салавей.