Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Плённая сустрэча беларускіх і расійскіх даледчыкаў на берагах Нявы

Плённая сустрэча беларускіх і расійскіх даледчыкаў на берагах Нявы

5 ліпеня 2022, 19:43 Навука 16
Плённая сустрэча беларускіх і расійскіх даледчыкаў на берагах Нявы

Канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”  праходзіла ў Пецярбурзе  з 16 па 19 чэрвеня. Па разнастайнасці, ёмкасці і дыяпазоне прадстаўленых матэрыялаў яна атрымала добрую адзнаку ўдзельнікаў.

 Сёлета мерапрыемства было прысвечана 500-годдзю “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны.

У цэнтры ўвагі канферэнцыі былі помнікі гісторыі і кніжнай культуры, музычная і мастацкая творчасць, біяграфіі грамадскіх дзеячаў. Даследчыкі з Беларусі і Расіі паведамілі пра гістарычныя дакументы, што захоўваюцца ў мінскіх і пецярбургскіх архівах і бібліятэках, абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў сферы культуры.

Пра выступленні на канферэнцыі распавёў Мікола Нікалаеў:

 – Юбілею былі прысвечаны тры даклады. Алесь Аляксандравіч Суша акрэсліў значэнне падзеі і асаблівасці віленскай друкарні, Андрэй Уладзіміравіч Вазнясенскі крытычна разгледзеў новыя скарыназнаўчыя працы пражскага даследчыка Ільі Лямешкіна, а Сяргей Георгіевіч Жамайціс звярнуў увагу на тых віленчукоў, хто бачыў у Францішку Скарыне магчымага друкара Статута ВКЛ, што, урэшце, не адбылося.

Анатоль Якаўлевіч Разумаў расказаў пра свае разважанні над будучым Беларусі і расійска-беларускіх кантактаў, якія ён выкладаў на Валдайскім форуме ў 2011 годзе.

Супрацоўнік Цэнтра ўсходнеславянскіх даследван-няў РНБ Ксенія Барысаўна Ягорава распавяла пра таемную фігуру перакладчыка п’есы Кацэбу “Свідрыгайла” з беларускім прозвішчам.

Андрэй Леанідавіч Бараноўскі дэталёва расказаў пра тое, як улічваюцца пецярбуржцы-ленінградцы ў гісторыі беларускай бібліяграфіі.

Зміцер Яўгенавіч Саўчанка разважаў над палітычнымі акалічнасцямі часоў савецка-польскай вайны.

Калі прэзентаваная на канферэнцыі “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” кніга Аляксея Кібіня паказвае, як зазірнуць у мінулае праз вокны-малюнкі Радзівілаўскага летапісу, то даклад Ірыны Герасімавай (Базылевай), які скончыўся выкананнем спеваў Куцеінскага манастыра 17 стагоддзя, быў падарожжам у пачуцці мінулага. І адначасова расказам пра “трансляцыю культуры” з Беларусі ў Маскву і долю манашак, якіх з Оршы перавезлі ў спу-стошаны эпідэміяй Маскоўскі Новадзявочы манастыр.

Шэраг “падарожжаў у мінулае з дапамогай мастацкіх сродкаў” працягнула выступленне іерэя Алега Кунцэвіча, старшыні Выдавецкай рады Беларускай Праваслаўнай царквы. Ён расказаў пра апошні вялікі выдавецкі праект: факсімільнае ўзнаўленне Жыровіцкага Евангелля 16 стагоддзя, і падараваў асобнік у фонд РНБ.

Кнігу пра Яна Баршчэўскага прафесар-біёлаг Дзімітрый Вінаходаў стварае даўно. Мы слухаем яе кавалкі шмат год запар, на кожнай канферэнцыі “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”. Гэта не надакучвае, бо кожны кавалак самастойна-цікавы і самадастатковы.

Сёлета быў прадстаўлены даклад пра аднакласніка і сябра магутнага і ўплывовага Канстанціна Сцяпанавіча Сербіновіча Гаўдэнцыя Шэпялевіча. Апошні зацікавіў прафесара Вінаходава, бо сястру Гаўдэнцыя кахаў Ян Баршчэўскі, і ў іх была (часткова захаваная) вялікая перапіска. А вось сам Шэпялевіч быў няўдалы: куды б Сербіновіч яго не ўладкаваў, праз пару год той пакідаў працу. Пакутаваў ад недахопу грошай, але не ўмеў і не хацеў цягнуць ярмо дзяржаўнай службы, нават на такой, як разбор маёмасці (у т.л. бібліятэкі) Полацкай іезуіцкай акадэміі пасля яе закрыцця.

Менскі этнограф, кандыдат гістарычных навук Юрый Іосіфавіч Унуковіч зрабіў у Пецярбургу важнае адкрыццё: дарэвалюцыйная рукапісная этнаграфічная карта літоўска-беларускага пагранічча, якую склаў Юлій Кузняцоў і якая лічылася страчанай – жывая! Яна ляжыць у засеках Рускага Геаграфічнага таварыства ў завулку Грыўцова. Ён расказваў гісторыю экспедыцыі Юлійса Калейса (такое сапраўднае, латышскае, імя Юлія Кузняцова) і дадаў каментарыі са сваёй багатай палявой этнаграфічнай практыкі.

30-я, юбілейная, канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” адбудзецца ў наступным, 2023 годзе, 15 чэрвеня.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4719
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Памёр прафесар Ян Чыквін
Культура

Памёр прафесар Ян Чыквін

29 лістапада 2022, 13:5615
Леанід Дайнека вачыма яго родных
Грамадства

Леанід Дайнека вачыма яго родных

30 студзеня 2020, 11:3215
Далучайцеся да нас