У дзяцей канікулы! У іх цяпер пачаўся школьны лагер. Гэта значыць, самы час наведвацца ў музеі. Забавіцца вырашылі і вучні школы №16 горада Ліды. А менавіта, у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, што па вуліцы Замкавая, 7 на музейна-інтэрактыўным занятку “Вядзе рэй верабей”. Было весела! Вучні змаглі акунуцца ў мінулае Валянціна Таўлая праз інтэрактыў. Яны дазналіся як падрыхтаваць газету для выхаду ў друк – стваралі макет. Яны складалі верш “Верабейкі”, напісаны 100 год назад Таўлаем у Лідзе. Апраналі рэканструяваную “доўгую кашулю навыпуск”, у якой хадзіў у лідскую школу 7-гадовы вучань Валя Таўлай. Паказалі свае мастацкія здольнасці праз афарбаванне верабейкаў і падвешванне іх на галінкі дрэва. Выканалі песню пра шустрага верабейку. І нават змаглі знайсці маленькага хлопчыка Валю сярод іншых такіх жа будучых класікаў беларускай і рускай літаратуры. Праз невялічкі квест, яны змаглі расшыфраваць загадкі паводле змешчаных прадметаў у мемарыяльным пакоі паэта. За актыўны удзел кожны атрымаў медаль з выявай вясёлага вараб’я.
Вучні з узгаданай школы № 16 з такім захапленнем распавядалі сябрам пра вераб’іную краіну ў Доміку Таўлая, што наведацца туды захацелі і іншыя класы.
Праз колькі дзён зноў вучні школы №16 горада Ліды наведалі музей. Папулярызацыя музейнай дзейнасці Дома Валянціна Таўлая, а таксама літаратурнай дзейнасці самога паэта ідзе на карысць маладому пакаленню Лідчыны. Цяпер для іх быў арганізаваны музейна-інтэрактыўны занятак “Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам”. Паколькі паэт вельмі любіў беларускую мову, змагаўся за яе, атрымліваў пакаранні за яе захаванне і папулярызацыю, у вучняў была магчымасць акунуцца ў мінулую атмасферу, у той час, калі будучы творца вучыўся ў Лідзе, у якой стаў паэтам у 7-гадовым узросце дзякуючы невялічкаму вершыку “Верабейкі”, даведаліся і пра працу Таўлая ў газеце “Уперад”. Праз інтэрактыў вучні аператыўна склалі макет газеты, каб паштальён паспеў яе даставіць чытачу. Нават справіліся з раздзьмутым вершаваным творам: верш паэта быў складзены. Цікавым для іх стала і вінтавая лесвіца, якая вядзе на другі паверх Дома-музея. Яна таксама была разыграна: на кожнай яе прыступцы можна было знайсці канверт з укладзенай у яго загадкай на тую ці іншую літару. Вызначыць правільны адказ таксама не было для вучняў складаным.
Алесь Хітрун.