Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Жывіце ў радасці

Жывіце ў радасці

25 мая 2022, 17:45 Грамадства 30
Жывіце  ў  радасці

У Слоніме адбыўся VI рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці”Жывіце ў радасці”, у якім прынялі ўдзел сямейныя творчыя калектывы з усёй Беларусі.

Сацыяльны статус, роля і значнасць сям’і ў беларускім грамадстве нельга пераацаніць. Менавіта гэтым векавым каштоўнасцям і быў прысвечаны фестываль. Ён стаў трывалай пляцоўкай для раскрыцця вялікай колькасці таленавітых сямейных калектываў, якія праносяць праз усе сферы свайго жыцця дух творчага эксперыментавання і любоў да мастацтва.

Фестываль распачаўся ў гарадскім парку, дзе яго ўдзельнікаў шчыра віталі слонімцы. Потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтры старажытнага горада над Шчарай да Цэнтра культуры.

На пляцоўцы Цэнтра культуры з самай раніцы адкрылася выстава-конкурс сямейнай творчасці “Творчая майстэрня сямейнага дабрабыту”. А на сцэне Цэнтра культуры да самага вечара праходзіў конкурс сямейных калектываў рэспублікі “Жыццё як творчасць”.

Калі конкурс завершыўся, усіх удзельнікаў фестывалю радаваў канцэрт “Спраўляючы святы, мы песень багата спяваем усёй сям’ёй” творчых калектываў Гарадзенскай вобрасці ў гарадскім парку.

У фестывалі прынялі ўдзел з Берасцейскай вобласці інструментальны сямейны дуэт “Куражбамбей”, вакальны дуэт сям’і Цямчык, калектыў сям’і Ганчар. З Віцебскай вобласці ў Слонім прыехала сям’я Агеевых – удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання самадзейных паэтаў і кампазітараў “Гармонія”. З Гомельскай вобласці завітаў ансамбль Клемпач “Вечарынка”, з Гарадзенскай вобласці – народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёсачкі-калыскі” і народны сямейны ансамбль акардэоннай музыкі ” Круіз”. Магілёўскую вобласць на фестывалі сямейнай творчасці прадстаўлялі сямейны вакальны ансамбль Грыгор’евых і народны ансамбль народнай песні “Сваякі”. А з Менскай вобласці прыехаў сямейны гурт роду Лямбовічаў” “Крона”. Дарэчы, фальклорны сямейны гурт роду Лямбовічаў адлічвае свой творчы шлях з канца XIX стагоддзя, калі жыў народны майстар-самародак Кліменцій Лямбовіч. З дзяцінства ён быў захоплены музыкай. Кліменцій не толькі цудоўна іграў на шматлікіх музычных інструментах, але і сам рабіў некаторыя з іх. У прыватнасці, фізгармоніі і арганы. Сведчаннем таму з’яўляецца спецыяльны дыплом-пасведчанне і бронзавы медаль, якія былі ўручаны Кліменцію Лямбовічу на выстаўцы ў Магілёве напачатку ХХ стагоддзя. Яго дзеці і ўнукі таксама былі музыкамі.

Сёння сямейны калектыў “Крона”налічвае 16 чалавек – гэта сёстры Лямбовічы, іх дзеці і ўнукі. “Кронаўцы” спяваюць, танчаць, граюць на шматлікіх музычных інструментах (дуда, жалейка, ліра, акарына, скрыпка, басэтля, баян), займаюцца рознымі традыцыйнымі рамёствамі (ткацтва, кавальства, вышыўка, выцінанка, карункапляценне), а таксама жывапісам, графікай і роспісам дываноў. Сцэнічныя касцюмы Лямбовічаў – гэта супольная праца ўдзельнікаў калектыва.

Сямейны фальклорны гурт “Крона” старанна прапагандуе сваю спадчыну, сямейна-песенныя традыцыі і прымае ўдзел у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святах. Калектыў быў лаўрэатам многіх конкурсаў, сярод якіх – Менскага абласнога фестывалю сямейнай творчасці ў Дзяржынску, у Ганцавічах, Міжнароднага фестывалю музычных сем’яў у Добрэ Място ў Польшчы.  Атрымаў Гран-пры на Другім Міжнародным фестывалі сямейнай творчасці “Полярные звёзды” ў Мурманску, а таксама іншых імпрэзаў.

У Слоніме сямейны фальклорны гурт “Крона” таксама выступіў лепш за ўсіх і паказаў сваё выдатнае сямейнае музычнае майстэрства. Дамоў сям’я Лямбовічаў павезла са Слоніма Гран-пры.

Сярод майстроў народнай творчасці найбольш таленавітымі аказаліся Сяргей і Ганна Рымдзёнкі з аграгарадка Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. Яны сталі пераможцамі конкурсу сярод майстроў народнай творчасці. Сяргей Рымдзёнак з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. А ў напачатку 2021 года атрымаў статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь. На працягу ўжо 26 гадоў Сяргей Рымдзёнак займаецца вырабамі з гліны.

Такія поспехі мае і яго жонка Ганна Рымдзёнак. Яна сапраўдны майстар ткацтва, валодае ручным і станко-вым ткацтвам. У сваёй працы выкарыстоўвае двухнітовае, закладнае, бранае, выбранае, пераборнае, падвойнае і ажурнае ткацтва. Яна вырабляе бясшоўныя посцілкі-паласавікі і мясцовыя закладныя дываны-кілімы. Ганна Рымдзёнак з’яўляецца адзіным майстрам у Беларусі, якая працуе ў гэтым накірунку. Цяпер Ганна Міхайлаўна працуе ў напрамку адраджэння стараверскіх ручнікоў.

З фестывалю сямейнай творчасці астатнія ўдзельнікі свята з пустымі рукамі дамоў не паехалі. Усе атрымалі каштоўныя падарункі, граматы, дыпломы і ўспаміны пра цёплы прыём слонімцаў.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5421
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара
Грамадства

На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара

20 мая 2021, 00:3716
Далучайцеся да нас