ГРЫБЫ І ЗУБРОЎКА
Ляўкі… Лічы, радзіма, якая згадваецца ў 1669 годзе як вёска ў складзе маёнтка Копысь у Аршанскім павеце ВКЛ. Ад майго Фабрычнага пасёлка – не больш за 12 кіламетраў. Чатыры – да Магілёўскай шашы і восем – ад паварота на цэнтр сельсавета Зубава, куды пераехала ў 2018-м мая родная Якаўлевіцкая школа, якую пасля 90 гадоў існавання зачынілі і якая падзяліла лёс іншых сярэдніх навучальных устаноў раёна…
“Ехаць прыйдзецца цягніком да Оршы, адтуль яшчэ кіламетраў дваццаць”, – расказваў Янка Купала Якубу Коласу. Упершыню Іван Дамінікавіч аказаўся ў Ляўках разам з іншымі нашымі творцамі ў красавіку1935-га падчас сваёй чарговай творчай камандзіроўкі. Пісьменнікі выступалі на калгасных сходах і вечарынках. Паэт настолькі ўразіўся і вёскай, і людзьмі, і наваколлем, што пражыў тут у сям’і ляснічага Шыманскага цэлае лета. Мясцовасць так яму спадабалася, што пасля пастановы ўрада аб будаўніцтве дачы ў гонар ягонай 30-гадовай творчай дзейнасці на пытанне “Дзе”, адказаў: “Толькі тут!”. Пятрусь Броўка, які памёр у сакавіку 1980-га, успамінаў, што такі цудоўны куток цяжка было ўявіць. Стоячы над асабліва прыгожым, раздольным у Ляўках Дняпром, Купала гаварыў: “Ты толькі паглядзі, Петрусёк, якая веліч гэтая рака, а яна ж звязвае ўсіх нас – і рускіх, і беларусаў, і ўкраінцаў”. Як жа горка чытаць гэтыя братэрска-сардэчныя словы песняра сёння, калі між славянамі ідзе жудасны кровапралітны канфлікт.
Пра тое, што лепшае месца для лецішча ўявіць было, сапраўды, складана, распавядае ў сваім рамане-эсэ і вядомы беларускіі літаратуразнавец Алег Лойка, які пайшоў з жыцця ў 2008-м. Ён піша, што за дачай на кручы гайдалі ў высокім сінім небе свае разложыстыя лапіны векавыя, задуменныя сосны. Яны “дарылі Купалу грыбы, ягады і зуброўку – шаўковую, духмяную траву зуброў, якая расце толькі ў Беларусі”. У багажніку “Шэўрале”, мышыны, якую ўрад падарыў паэту ў 1939-м, разам з “найлепшай траўкай для гасціннай настойкі” ехалі “белыя баравікі ў карычнева-чорных пакарабацелых капелюшах, вогненна-рыжыя рыжыкі, маслатыя маслякі, чырвонагаловыя падасінавікі”. У ціхім і прыемным паляванні на іх прымаў удзел і Якуб Колас. Акрамя яго і згаданага вышэй Броўкі ў госці прыязджалі Міхась Лынькоў, Пятро Глебка і Андрэй Александровіч. Наведвалі гаспадара і пісьменнікі з саюзных рэспублік – перакладалі на свае мовы вершы, складалі з іх зборнікі… Пра гэта распавядала мне падчас маёй працы ў “Сельской газете” былая дырэктарка Літаратурнага музея Янкі Купалы Жанна Казіміраўна Дапкюнас, дачка пляменніцы песняра, захавальніцы яго літаратурнай і архіўнай спадчыны Ядвігі Юльянаўны Раманоўскай. Па словах Жанны Казіміраўны, разам з Іванам Дамінікавічам Ляўкі наведвалі, вядома ж, ягоная жонка Уладзіслава Францаўна, а гэтаксама малодшая сястра паэта Леакадзія з сынамі Янкам і Уладам, сярэдняя сястра Марыя, пляменніцы Уладзя, Ніна, Ваця і Ядвіга.
Па ўспамінах Коласа, калі ён упершыню прыехаў у Ляўкі, Купала павёў яго аглядаць наваколле, спачатку лес, які часта перасякаўся глыбокімі ярамі. З іх схілаў прабіваліся крыштальна чыстыя крыніцы. Яны ўтваралі на дне яроў рухлівыя, гаманкія ручайкі, што зліваліся ў адзін і шпарка імкнуліся ў Дняпро, у бераг якога ўпіраўся адхонны схіл кручы, багата зарослы пышнымі кустамі. Летняй раніцай, да ўсходу сонца, паэтаў уражваў і хваляваў, радаваў і натхняў малюнак, які яны назіралі з вакна салькі купалаўскай дачы. Павольная, паважная баржа з чырвоным ліхтаром. Следам за ёй – агністая плямка, што адбіваецца ў празрыстай вадзе. Рыбацкія лодкі. А воддаль, за два кіламетры вышэй па рацэ, – сілуэты будынкаў Копысі…
З вялікай цікавасцю пазнаёміўся я некалі і з першым успамінам Коласа пра Купалу. Вось ён: “Мая першая непасрэдная сустрэча з Янкам Купалам адбылася толькі летам 1912 года, амаль праз год пасля майго вызвалення з астрога (паэт трапіў у менскую турму за ўдзел у настаўніцкім беларускім саюзе – У. Б.).
… Я жыў у сваіх родных на Нёмане, за паўтара кіламетры ад в. Мікалаеўшчына. Якраз на тую пару я быў у сяле ў аднаго з сваіх прыяцеляў. І раптам прыбягае адна з маіх сясцёр. Усхваляваная, стаміўшыся ад шпаркай хады, яна адразу з запалам сказала: “Да цябе прыйшоў Янка Купала!”. Гэтыя словы моцна ўразілі мяне. Я зараз жа развітаўся з прыяцелем і хутка падаўся дахаты на сустрэчу з паэтам, якога я ведаў даўно, але ні разу яшчэ не бачыў, і якога так моцна хацелася пабачыць.
Купала сядзеў за сталом. Згледзеўшы мяне на парозе хаты, ён не спяшаючыся падняўся з месца і накіраваўся насустрач мне. Лагодная ўсмешка, ясны малады твар, вясёлыя светла-карыя вочы з ледзь улоўнай хітравінкай – такі быў у маіх вачах Янка Купала. Такім жыве ён і па сённяшні дзень у самым запаветным куточку мае памяці…
… Звычайны Купала мала калі пускаўся ў доўгія гутаркі. Ён пераважна абмяжоўваўся кароткімі і трапнымі адказамі, заўвагамі. У тоне яго гаворкі нязменна чуліся дабрадушныя ноткі жарту і гумару. Запаветныя думкі ён таіў у самім сабе, не раскідаўся імі. І толькі вынасіўшы, перажыўшы іх, даваў ім волю ў сваіх творах. Таксама не любіў ён гаварыць і аб сваіх творчых намерах, планах…”
НАСТОЙКА І ДРОЖДЖЫ
У Копысі, што за два кіламетры ад Ляўкоў, на самым беразе Дняпра стаяла хата майго дзеда па маці Іллі Нічыпаравіча Ігнаценкі, у якую трапіла ў 41-м адна з самых першых фашысцкіх бомбаў… Упершыню мястэчка, у якім вельмі любіў бываць аўтар створанай у 1906-м пранізлівай “Маёй малітвы”, згадваецца як горад Полацкага княства ў Ніканаўскім летапісе ў 1059-м. У сярэдзіне XII стагоддзя тут знаходзіўся пункт збору смаленскімі князямі гандлёвага мыта з тавараў, што правозілі па Дняпры, і карчмарскай даніны з заезных дамоў. Цягам чатырох стагоддзяў мястэчка было цэнтрам керамічнага рамяства, гэтак званай “копыскай кафлі”. Да гітлераўскай навалы тут дзейнічала разам з іншым і вядомая ў акрузе хлебапякарня, на якой шчыравалі дзед і бабуля Мар’я. Ілля моцна сябраваў з Шыманскім, які і пазнаёміў яго з Купалам.
Мама Настасся Іллінічна, якой у 1936-м споўнілася 12, пачула, як бабуля расказвала суседцы, што Купала ве-льмі ўважліва сачыў за сваім мілавідным тварам. І калі на белых шчоках нечакана пачалі з’яўляцца чырвоныя запаленыя вугорчыкі, паэту параілі на працягу месяца піць парашковыя піўныя дрожджы. Пра іх існаванне мама, у арозненне ад старэйшых, нічога ніколі не чула і не ведала. Як не ведала да часу, што дзед мяняў праз знаёмых звычай-ныя хлебапякарныя дрожджы на неабходныя. Па іх Купала і прыехаў з Шыманскім да дзеда.
Быў паэт, якога ўжо добра ведалі і старыя, і малыя, сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбецеечцы. А ўжо тыдні праз два прыйшоў пешаком, як гэта часта рабіў, адзін. Дзеду прынёс пляшку асабістай “зуброўкі”, а маме – цукеркі і новую кніжку “Песня будаўніцтву”. Яна толькі што пабачыла свет і потым захоўвалася ў горацкіх Анікавічах, на ўскрайку якіх, побач з вялікім балотам, дзед пабудаваў у вайну маленечкую хатку, да самага заканчэння вайны. Наведваўся Іван Дамінікавіч у Копысь і з жонкай Уладзіславай Францаўнай, якая аднойчы дужа пакрыўдзілася на суседку-сяброўку – тая не сказала ёй, што ў яе адсутнасць Янка гуляў ноччу на дачы не толькі з сябрамі-паэтамі, але і з мясцовымі дзяўчатамі-прыгажунямі. Пасля яму давялося шкліць на сваім лецішчы ўсе вокны!.. Увогуле ж моладзь збіралася ў вялікім клубе, будаўніцтва якога арганізаваў камсамольскі актыў. Назвалі прыстойны дом у стылі часу – “Чырвоны аратай”. Купала пісаў:
Вечарынка ў калгасе,
У “Чырвоным аратаю”, –
Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,
Прыйшлі Зоські, Стасі, Касі,
І гармонік грае, грае.
Гэта радкі з верша “Вечарынка”, што ўвайшоў у вядомы “Ляўкоўскі цыкл”.
Нягледзячы на часовыя жыццёвыя непаразуменні, якія тут жа забываліся, Уладзіслава Францаўна вельмі цёпла адгукалася пра мае родныя мясціны: “Калі я ўспамінаю Ляўкі, дзе была наша дача, перада мной заўсёды ўстае высокі бераг Дняпра, стары сасновы бор, задумны, шумлівы…
Каля Дняпра зарослыя кустамі чаромхі, арэшыны, у высокай зялёнай траве акопы, бліндажы – памяць Першай сусветнай вайны.
Па Дняпры праходзяць платы, за Дняпром відаць шырокія калгасныя палі, з вясны зелянеючыя рунню, а пасля – залацістыя ў цяжкім наліве калгаснага збожжа.
Плытагоны пелі песні, якія доўга несліся над вадой, рэхам адгукаючыся ў бары. Цэлымі днямі бор напаўняўся птушыным шчэбетам, ноччу і раніцай увесь прастор дрыжаў ад салаўінага спеву”.
САЛАЎІ І РАДЗІМА
Думаецца, і Купалу адразу ж і назаўжды паланілі гэтыя ўнікальныя, цікавейшыя нябесныя птахі. Мой добры знаёмы Віктар Рабкоў, які працаваў у свой час у нашым Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, вярнуўшыся аднойчы з Аршаншчыны, запытаў, ці чуй я калі ляўкоўскіх салаўёў? І, не чакаючы адказу, “заспяваў”: “Уяўляеш, яшчэ не паспела схавацца сонца і на небе ўдалечыні залаціцца высокая хмурынка, а з тваіх прыдняпроўскіх пагор-каў нечакана – іх цёхканне. Спачатку ціхае і як бы нясмелае, якое з кожным каленцам набірае моц і дужыцца, аж пакуль не аціхае на нечаканай ноце. За першым, ледзь разгледзіш, даўганогім, бураватым, падаў голас другі, потым трэці… І пашыбаваў па ўсім тваім наваколлі мілагучны, гаючы і радасны розгалас…” Мне тады падалося, я зноў у Ляўках, у развагах пра веліч і хараство, якія ахутвалі Янку Купалу. Праз год ужо сам знаходзіўся сярод лістоты, з якой салаўі пілі расу, і атрымліваў асалоду ад канцэрту мясцовых майстроў. Свіст, вуркатанне і гукі пстрыкаў, няспешны тэмп і вялікая разнастайнасць проста зачароўвалі. Дарэчы, крышачку буйнейшая за вераб’я, непаўторная, дзіўная птушка спявае толькі на радзіме! І гэта робяць праз тыдзень пасля прылёту дадому толькі самцы. Сваім нябесным мастацтвам яны шукаюць сваю другую палову. Лепш удаецца гэта старэйшым. Што ні кажы, а рэпертуар іх песень багацейшы. Тым не менш, лічы, палова ўсіх кавалераў так і не знаходзіць сабе пару… Калі прыгледзецца ўважліва, можна заўважыць, як побач з першым выцягнуўся на лапках і ківае хвастом другі, за ім топчыцца трэці… Сам не ўцяміў, падказалі людзі: гэта маладзейшыя пераймаюць высокае майстэрства ў старэйшых.
У чарговы раз дзед перадаваў своеасаблівыя лекі Купалу падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе мама вучылася тады ў сёмым класе. Яна каля паўстагоддзя адпрацавала медсястрой у нашай фабрычнай бальнічцы, і я ніколі не чуй, каб яе называлі не інакш як Іллінічна – без імя і прозвішча.
– Купала быў у нашай школе некалькі разоў, – расказвала Іллінічна. – Асабліва запомніла, як ён прыязджаў у 1938-м разам, здаецца, з Броўкам. Настаўніца Ганна Якаўлеўна Барадзінцава запрасіла яго, як мы, малодшыя, даведаліся, на выпускны вечар. Прыйшоў Купала, нельга было не звярнуць увагу, у прыгожым шэрым касцюме з белай сарочкай і гальштукам, і вельмі акуратна пастрыжаны. Сабраліся і вучні, і выкладчыкі, і вяскоўцы – усе, хто на той момант аказаўся ў школе. Такі прыемны, сціплы, светлы, ён больш цікавіўся мясцовымі справамі, чым распавядаў пра сябе. Пытаўся, колькі ўсіх выпускнікоў, куды збіраюцца ўладкоўвацца, хто застаецца вучыцца, дзе працуюць бацькі, хто чым з большай ахвотай займаецца, што неадкладна патрэбна школе, ці піша хто вершы. Сам жа прачытаў пра тое, як бацька кліча сыноў і запытвае, чым яны будуць займацца.
Праз нейкі час я даведаўся, што гэта быў верш “Сыны” – першы, напісаны паэтам у Ляўках, які ўвайшоў у згаданы вышэй “Ляўкоўскі цыкл”. Хто памятае, у ім яшчэ “Старыя акопы”, “Беларусі ардэнаноснай”, “Алеся”, “Здаецца, было гэта ўчора”, “Як я молада была”, “Лён”, зразумела ж, неўміручы “Хлопчык і лётчык”, які я ведаў на памяць зусім яшчэ малым:
– Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык,
І ўмею ўжо лётаць у сне.
Мне мама сягоння сказала,
Што стукнула мне ўжо сем год.
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт…
……………………………………………
Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь.
Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ў зіму…
Гэтым ды іншымі вершамі паэта я зарабляў у першых класах навагоднія падарункі не толькі для сябе, але і для Максіма, Шкрэда і Валіка. Загадчык канторы падсобнай гаспадаркі Аршанскага ільнокамбіната, маленькі, хітраваты, зухаваты Касцючок выдаваў чаканую смакату бясплатна толькі тым дзецям, якія поўнасцю расказвалі той ці іншы верш на памяць. Сябры гэтага зрабіць не маглі, і я чытаў, што дазвалялася, за іх…
Што тычыцца “Хопчыка і лётчыка”, то гісторыя з’яўлення гэтага славутага верша заслугоўвае, каб пра яе распавесці. На вясковай вуліцы Купала так захапіўся гутаркай са сваім таварышам, што пра ўсё забыўся. Раптам з брамы, насустрач ім, выбег загарэлы, з белымі ільнянымі валасамі хлопчык. Ад неспадзеўкі суразмоўцы спыніліся. Той на бягу кружыў перад сабой рукамі і гуў, як самалёт. Твар у яго быў сур’ёзны, сабраны на адзінай думцы. Малюнак так уразіў аўтара створанай у 1918 годзе “Спадчыны”, што ён наўздагон малому крыкнуў: “Кім ты быць хочаш?”. І ён, не спыняючыся, звонка адказаў: “Лётчыкам!”. Неўзабаве на словы нарадзілася музыка кампазітара Віктара Белага.
Дарэчы, у дні Вялікай Айчыннай, як працяг, з’явіўся верш “Хлопчык і лётчык на вайне”. Праз пяць дзён пасля яе пачатку пясняр, які напіша папулярнейшы ў народзе верш “Беларускія партызаны”, быў у Ляўках (разам з жонкай і Коласам) у апошні раз…
Цяпер тут знаходзіцца адзін з чатырох філіялаў Купалаўскага музея ў Менску. Яшчэ два – на Маладзе-чыншчыне (Вязынка і Яхімоўшчына) і адзін – на Лагойшчыне (Акопы). З аршанскім мяне знаёміла ў свой час Тамара Крына, якой дапамагалі Аксана Платонава, Святлана Галецкая, Людміла Мяншова і Дзмітрый Акулаў. Мясцовы філіял – створаны ў кастрычніку 1978-га мемарыяльны запаведнік плошчай у 19 гектараў. На іх прымаюць гасцей адноўленая дача, якая згарэла 3 ліпеня 41-га ад прамога пападання нямецкага снарада з другога берага Дняпра, уцалелы падчас ліхалецця будынак былой канторы Копыскага лясніцтва, дамок шафёра, гасцініца, гаспадарчыя пабудовы, помнік “Восень паэта” скульптара Анатоля Анікейчыка, якога не стала ў 56 гадоў, участак змешанага лесу, зона масавых гулянняў і, вядома ж, гараж. У ім прываблівае ўсіх той самы “Шэўрале”, якім карыстаўся класік з 1939 па 1942 гады. У 2010-м унікальны рарытэт адрэстаўрыравалі і выставілі на нейкі час у сталічным музеі, а потым вярнулі яго “на радзіму”. Сёння кошт аўтамабіля, якім падчас сваёй першай сустрэчы з Ляўкамі “кіраваў” я, сямікласнік памерлай школы, перавышае сто тысяч еўра.
Памятаю, як я з заміраннем сэрца аглядаў толькі што створаную ў былым лясніцтве новую літаратурна-дакументальную экспазіцыю. Яна ўвасобіла вобраз “Госці”, які пясняр разгарнуў у аднайменным вершы, адным з сямнаццаці, напісаных у чэрвені 1935-га:
…Такога гонару не меў ніколі,
Як я на гэтае зямлі жыву,
Каб так віталі мяне хлебам-соляй,
І то не ў сне якім, а наяву…
Як і ў творах Купалы, у кожнай музейнай залы – свой асабісты, непаўторны голас. Дзе ж ты было раней, сучаснае мультымедыйнае абсталяванне?! З тваёй дапамогай я глыбей адчуваю тагачасную атмасферу і прысутнасць паэта. Слухаю дзіўныя мілагучныя песні на ягоныя залатыя словы і чароўныя спевы ляўкоўскіх салаўёў, якія спяваюць толькі на радзіме. Можа, разам з гасцямі, што прыходзяць і прыязджаюць у Ляўкі пакланіцца генію беларускага слова і духу, іх чуе і сам Янка Купала…
Уладзімір Барысенка.
На фота: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”, 2020 г. Здымкі Аляксея Шчукіна, вучня 7 класа Віцебскай гімназіі № 7.