Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Род Лямбовічаў ад Міхала

Род Лямбовічаў ад Міхала

25 мая 2022, 17:29 Навука 40
Род Лямбовічаў ад Міхала

Паходжанне роду і ўзнікненне прозвішча

Існуе думка, што родапачынальнік Лямбовічаў паходзіць з нетутэйшай зямлі. На гэта ўказвае само прозвішча, а дакладней: спалучэнне губных гукаў мб, што не ўласціва для моў усходнеславянскіх народаў (беларускай, украінскай, рускай) і з’яўляецца адным з паказчыкаў слоў замежнага паходжання, або, як прынята яшчэ гаварыць, запазычання з іншых моў.

Прыводжу прыклады такіх запазычаных слоў. Агульныя назоўнікі: камбінат (лац.), амбіцыя (лац.), эмблема (грэч.), амбулаторыя (лац.), амбразура (франц.), эмбрыялогія (грэч.), камбайн (англ.); уласныя назоўнікі: Камбоджа (дзярж.), Калумб (прозв.), Каломба (прозв.), Эмбер (прозв.), Амброзій (імя), Амбон (горад і востраў), Эмба (рака), Лемба (прозв.).

Існуюць дзве версіі ўзнікнення роду Лямбовічаў. Першая мае італьянскі след. Мой тата сцвярджаў, што род наш паходзіць ад італьянца, якога мог прывезці граф Тышкевіч з-за мяжы. І замежнік гэты быў таленавітым музыкам, хутчэй, небагатым (граф абы-каго не браў бы, а багаты сюды сам не паехаў бы). І калі аднойчы ў 90-я гады 20 ст. тата прачытаў у газеце “Известия” пра нейкага італьянца Лемба, то яшчэ больш  уцвердзіўся ў сваёй думцы. Дарэчы, як сёння помню, ён мне паказваў гэты артыкул пра Лембу, не прыдала я тады асаблівага значэння гэтаму і шкадую, што газета не захавалася.

На карысць гэтай версіі працуе і прозвішча з характэрным паказчыкам замежнасці (само слова Лемба нічога не гаворыць, яго вытворная аснова – невядомая), і тое, што ў родзе шмат людзей з музычнымі здольнасцямі (музыканты, спевакі, майстры па вырабе музычных інструментаў), а, як вядома, італьянцы вельмі музыкальны народ.

Паразважаем, як жа ўзнікла прозвішча Лямбовіч з характэрным  беларускім  -овіч (-евіч, -эвіч). Такога кшталту прозвішчы ўтвараліся такім чынам: за аснову браўся антрапонім (часцей імя, мянушка носьбіта роду), напрыклад, Павел, Пётр, Тамаш… і дабаўляўся патрэбны суфікс. Чытаем у прафесара, доктара філалагічных навук Паўла Сцяцко: Тамашэвіч – вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Тамаш і значэннем “нашчадак названай асобы”: Тамаш + -эвіч = Тама-шэвіч.

Па аналогіі выводзім схему ўтварэння прозвішча Лямбовіч.

Лямбовіч – вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Лемба (Lеmbo) са значэннем “нашчадак названай асобы”: Лемба + -овіч = Лямбовіч.  Акцэнтаванне на апошнюю літару а (о) антрапоніма  Лемба (Lembo). Пасля  л з’явілася я, бо ў першым складзе перад націскам у беларускай мове замест е  пішацца і вымаўляецца я.

Другая версія мае паўднёва-славянскі след ( магчыма, сербскі або югаслаўскі). Прозвішчы, характэрныя для гэтых народаў, нагадваюць нашы, беларускія, толькі ёсць адна асаблівасць: у беларускіх – націск падае на суфікс (Лямбовіч, Казакевіч), а ў паўднёваславянскіх народаў –  на аснову, ці корань слова (Драйгавіч, Мелашавіч).

Такім чынам, можам дапусціць наступнае:

Напрыклад, далёкі наш продак (дапусцім, серб) меў прозвішча Лембавіч, а стаў Лямбовіч, змяніўшы толькі націск на спецыфічны, беларускі. Але ці зафіксаваны навукова такія формы ўтварэння беларускіх прозвішчаў, мне невядомы. Таму я асабіста схільна да першай версіі ўтварэння прозвішча і паходжання роду Лямбовічаў…

Магчыма, нашчадкам наступных пакаленняў удасца глыбей зазірнуць за ўжо прыадкрытую заслону часу, каб удакладніць вядомае і спазнаць яшчэ  не раскрытыя таямніцы роду ЛЯМБОВІЧАЎ… і паставіць кропку.

Людвіка Таўгень – дачка Лямбовіча Станіслава, унучка Лямбовіча Міхала, праўнучка Лямбовіча Кліменція, прапраўнучка Лямбовіча Міхала, прапрапраўнучка Лямбовіча Міхала.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў
Грамадства

Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў

5 снежня 2018, 08:4317
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4916
Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын
Грамадства

Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

5 снежня 2018, 20:4616
Далучайцеся да нас