Прэзентацыя кнігі Інгі Вінарскай
“Гучы, маё сэрца, гучы…”
29 красавіка 2022 года ў Менскую бібліятэку № 1 імя Л.М. Талстога прыйшло шмат народу: выкладчыкі, навучэнцы сталічных каледжаў, пісьменнікі, навукоўцы, музыкі, журналісты, запрошаныя госці… Утульная бібліятэчная зала была цалкам запоўненая. І, канешне, на вясновым адвячорку сабраліся ўсе гэтыя людзі не проста так, а з нагоды: шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар”, паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская выдала сваю новую кнігу “Гучы, маё сэрца, гучы… Выбраныя вершы ў перакладах на беларускую мову” – і ў перадапошні дзень красавіка бягучара года вырашыла прэзентаваць яе ў першай сталічнай бібліятэцы.
Вядучым імпрэзы стаў кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар”, паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Узяўшы ў рукі зусім новую, з пахам друкарскай фарбы кнігу, Вячаслаў распачаў пра яе гаворку. Ён паведаміў, што мае непасрэднае дачыненне да стварэння гэтага зборніка, бо акрамя аўтарскіх перакладаў, там змешчаны і ягоныя ўласныя пераклады вершаў Інгі Вінарскай. Да слова сказаць, спадар Вячаслаў пераклаў пяцьдзясят чатыры творы аўтаркі, а сама паэтка выканала сто адзін пераклад. Усяго ж у кнізе “Гучы, маё сэрца, гучы…” змешчана сто пяцьдзясят пяць перакладаў.
Асобна Вячаслаў Корбут спыніўся на дызайне выдання, зазначыўшы, што гэты стыль можна назваць графічным мінімалізмам. Дарэчы, і вёрстку, і дызайн кнігі зрабіла сама аўтарка. Варыянтаў вокладкі было шмат, але спадарыня Інга спыніла свой выбар на адной з графічных работ славутага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, творчасць якога яна вельмі паважае. Па меркаванні аўтаркі, менавіта графіка Драздовіча цалкам адпавядае зместу яе новай кнігі.
Вядоўца зазначыў, што як перакладчык атрымаў асалоду ад працы над перакладамі вершаў Інгі Вінарскай, хаця часам яны даваліся вельмі няпроста, бо вершы аўтаркі складаныя і глыбокія. Асабліва ж спадару Вячаславу ў творчасці спадарыні Інгі падабаецца яе грамадзянская лірыка, тэма прыроды. І нездарма, бо часцяком менавіта прыгажосць навакольнага свету і пораў года моцна натхняе паэтаў, як, напрыклад у гэтым вершы Інгі Вінарскай, які таксама пераклаў Вячаслаў Корбут:
Нібыта ўсё не тое і не так,
Але ж усе пакуты – грош-пятак,
Зямны па восі круціцца той шар,
Ужо рыхтуе вечнасць свой адвар.
І пахі, пахі велічнай вясны,
Уключаны – у формулу – яны.
Яшчэ ад лета шчасця берагі,
І сонца з полем, ды лясы, лугі,
Канешне, восень, і яна – твая
Натхнёная сяброўка і суддзя.
Ужо яе не любіш, ды яна
З табой навек, і гэта не мана.
Завею срэбна-белую на лес
Зіма падкіне ў формулу з завес.
І лёду шчэ бліскучага крыху,
Каб абышла бяда тваю страху.
Так верціцца Зямля… Кругазварот.
Прыроды рух пакліча без маркот.
Нянавісць, страхі – нам не каралі.
Верш абвяшчае новых сіл прыліў!..
Далей вядоўца запрасіў выйсці да прысутных віноўніцу ўрачыстасці, паэтку Інгу Вінарскую, каб яна больш падрабязна расказала пра свой новы зборнік. Дарэчы, надалей спадарыня Інга таксама прыняла актыўны ўдзел у вядзенні ўласнай прэзентацыі. Але напачатку яна, канешне, распавяла пра кнігу “Гучы, маё сэрца, гучы…”. У зборнік увайшлі выбраныя вершы з кніг “Ночные поезда” (2011), “Солнце поэтов” (2019), з цыкла “Нефритовыя воины любви” (2020) – у перакладах на беларускую мову.
Цікава, як пачалася праца над гэтай кнігай. Некалькі год таму са спадарыняй Вінарскай звязаўся спадар Мікола Мікуліч з Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і запрасіў яе як аўтарку ўвайсці ў новую анталогію беларускамоўнай паэзіі Беларусі, якую пачаў рыхтаваць іх інстытут. Таксама Мікола Мікуліч прапанаваў Інзе Вінарскай, як рэдактару, запрасіць у гэтую анталогію найбольш моцных аўтараў літаратурнага клуба “Экватар”. Спадарыня Інга, канешне, захацела патрапіць у такое выданне і зрабіла вялікую падборку перакладаў сваіх вершаў на беларускую мову. Такі быў пачатак. А потым пайшло-паехала. Інга Вінарская зрабіла выснову, што па-беларуску яе творы гучаць выдатна, і вырашыла стварыць поўнавартасны зборнік выбраных вершаў у перакладах на беларускую мову. Вельмі хутка да гэтай перакладчыцкай працы далучыўся і Вячаслаў Корбут…
Яшчэ Інга Вінарская сказала, што хацела б асобна ўспомніць свайго нядаўна пайшоўшага ў іншы свет сябра – Людмілу Аляксееўну Сівалобаву, якая вельмі хацела, каб у Інгі выйшла гэтая кніга… “Канешне, спадарыня Людміла ўжо ніколі не патрымае ў руках мой новы зборнік, але, я думаю, што яна з Неба бачыць мяне зараз і, спадзяюся, за нас усіх радуецца… Так што, у пэўным сэнсе, – гэтая прэзентацыя прысвячаецца памяці майго блізкага сябра…” – зазначыла Інга Вінарская. А потым яна заклікала прысутных берагчы сваіх сяброў і пры жыцці рабіць для іх усё магчымае…
Спадарыня Інга прачытала сабраўшымся тры свае вершы, якія з’яўляюцца загалоўнымі ў раздзелах яе кнігі: “Начныя цягнікі”, “Сонца паэтаў”, і канешне, – “Нефрытавыя воіны любві” (у аўтарскім перакладзе):
Нефрытавыя воіны любві,
Мы ў цішыні цямнеем ад пакутаў.
Ад мар нясбыўшыхся нясе атрутай,
Разбіты мы – хоць кліч тут, хоць заві.
Камень цямнее, старыцца браня.
Мы ведаем, з чаго акамянелі…
Бо тыдні шчасця ведалі арэлі, –
Дагэтуль ззяюць нам… Жыццё ж – хлусня.
Адвечны змрок, – нажаль, бясконцы ён…
І сонца ў ім знікае разам з сэрцам.
А шчасце ціхім рэхам адзавецца,
Бы дробязь нейкая, і гэта – як праклён…
Нязначны свет, нядбалая любоў.
Ўсё тленна, і праходзіць хутка вельмі…
Пабіцца б з лёсам хоць бы раз – суцэльна,
Каб спачувальных больш не ведаць слоў!..
Паэт Вячаслаў Данілаў, нягледзячы на свае хатнія праблемы, папросту не мог хаця б на нейкі час не заехаць і не прывітаць сваю добрую сяброўку Інгу Вінарскую. Ён ад душы павіншаваў яе з выхадам чарговай кнігі. Вячаслаў выказаў падзяку Інзе за яе добрыя і чулыя адносіны да сваіх калег па літаратурным клубе “Экватар”.
Оперны спявак, бас, паэт і празаік Дзмітрый Максімавіч Марозаў адзначыў, што вельмі любіць прымаць удзел у выязных канцэртах, якія арганізоўвае Інга Вінарская, і што для яго гонар – выступаць з гэтай таленавітай жанчынай на адной сцэне. І канешне, не абышлося без спеваў. У гонар спадарыні Інгі Дзмітрый Марозаў выканаў раманс “Я знал её мілым ребёнком когда-то…”, а таксама “Лясную песню”.
Палкоўнік у адстаўцы, кандыдат педагагічных навук, пісьменнік-дакументаліст Якаў Рыгоравіч Анапрэенка зрабіў акцэнт на працы Інгі Вінарскай, як шэф-рэдактара і асноўнага тэхнічнага спецыяліста альманаха “Літаратурны экватар”, які яна стварае штогод (выйшла ўжо дванаццаць нумароў). Гэта моцнае, вартае павагі выданне – на думку спадара Якава, і асноўная заслуга ў гэтым, канешне, спадарыні Вінарскай.
Адметнай рысай прэзентацыі 29 красавіка стала прысутнасць на ёй вялікай колькасці старых сяброў Інгі Вінарскай, сярод якіх была сям’я Давыдовічаў з дачкой Нэляй. І вось гэтая маленькая дзяўчынка выйшла перад аўдыторыяй і паведаміла: “Я вам зараз прачытаю верш Інгі Вінарскай у перакладзе Вячаслава Корбута”. І прачытала. Ну, не зусім на памяць, канеше. Але гэта быў вельмі прыемны сюрпрыз для спадарыні Інгі.
Ледзь ружовым падсвечана воблака,
На галінах дзесь кроплі дрыжаць.
Непрытомнасць у сада ад мораку,
Вецер, восені брат – не чужак
Дзьме марудна, зусім паціхенечку,
Разбудзіць не жадае наўкол
Ні дзяўчыначку Соню, ні венчыкі
Дрэваў спячых, ні лялек, дзе стол, –
Яны спяць за фіранкай у доміку…
Домік дачны – лістоты паміж, –
Дрэмлюць ціха садовыя гномікі,
Гук савы не пачуеш, як спіш,
З-за суседняга лесу – за дачаю…
Шчэ ліхтарыкі дораць святло:
– Будуць казкай для сцежак, не йначай так, –
Мовіў дзед, будаваў што жытло.
Людзі спяць. Рэдкі ліст грае ўзмахамі,
Хутка ранак запусціць свой старт –
Над садовымі дачнымі дахамі,
Свой расклад з тых неонавых карт.
Валянцін Шведаў – даўні сябра літаратурнага клуба “Экватар”. Гэты паэт з’яўляецца пастаянным аўтарам клубнага альманаха. Нягледзячы на вялікую колькасць хатніх і дачных справаў, пры тым у спадара яшчэ і вялікая сям’я, ён знайшоў час, каб прыехаць на прэзентацыю новай кнігі Інгі Вінарскай. Валянцін Шведаў зазначыў, што беларуская мова, несумненна, мае светлую будучыню, калі такія моцныя аўтары, як спадарыня Інга, перакладаюць на яе свае вершы. Ён шчыра павіншаваў прэзентантку і прачытаў для яе і прысутных невялікую нізку сваіх лірычных вершаў.
Паэт, кіраўнік літаратурнай гасцёўні “Дзясятачка” Міхаіл Баранчык з пажаданнямі поспехаў і выдатнага настрою звярнуўся да спадарыні Вінарскай і адзначыў, наколькі сёння важна працягваць аўтарам выдаваць свае кнігі. Ён пажадаў аўтарцы новых творчых поспехаў, а таксама мець заўсёды добры настрой для стварэння новых твораў. Міхаіл агучыў некалькі сваіх лірычных твораў – у такт вечарыне з тонкім настраёвым вясновым акцэнтам.
Таццяна Барысюк, паэтка пісьменніца, навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі здзівіла, бадай, усіх прысутных. Спадарыня Таццяна зазначыла, што калі ў назве новай нігі Інгі Вінарскай у слове “Гучы” перадвінуць націск на “у”, то атрымаецца спасылка на знакаміты модны дом. І гэтую маніпуляцыю з націскам Таццяна Барысюк зрабіла не дарма, бо Інга Вінарская, да ведама прысутных, вельмі добра ўмее шыць. Спадарыня Таццяна паведаміла сабраўшымся пра тое, што спадарыня Інга, калі вучылася на пятым курсе філалагічнага факультэта, паралельна мела запрашэнні на працу ў дзве замежныя краіны як пачынаючая мадэльерка, бо ўжо тады стварала міні-калекцыі адзення. І са сваім каханнем да моды Інга не растаецца па жыцці. Да слова сказаць, для сваёй прэзентацыі спадарыня Вінарская стварыла цёмна-фіялетавы закрыты строй у стылі строяў былога канцлера Германіі Ангелы Мэркель…
Наступнага выступоўцу Інга Вінарская прадставіла так: “Малады, высокі, прыгожы!.. Сустракайце – Кірыл Бандзерс”. Адразу заўздыхалі прысутныя жанчыны і дзяўчаты. А Кірыл праспяваў пад гітару сваім нізкім, з хрыпатцой, голасам некалькі зусім новых песень.
Далей выступаў паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў. Ён падрыхтаваўся да прэзентацыі спадарыні Вінарскай, прачытаўшы загадзя пэўную колькасць яе вершаў у перакладах на беларускую мову. І зрабіў вельмі цікавую выснову: з пункту гледжання спадара Ганчарова, па трымценні паэтычнай душы, па глыбіні твораў і пранікнёнай беларускасці, паэзія Інгі Вінарскай у пера-кладным варыянце вельмі блізкая да твораў класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Але ж гэта, канешне, – асабістае меркаванне гэтага выступоўцы. Глеб Ганчароў прачытаў перад аўдыторыяй свае вершы, а таксама наступны твор Інгі Вінарскай у перакладзе Вячаслава Корбута:
Сонца палошчацца ў вокнах насупраць,
Цераз бульвар б’е лістоту наскрозь.
Ў вокнах маіх адлюструецца з сумам…
Тут я жыву? Альбо не? Проста госць?..
Светла паўсюль, прыгажосць і ахайнасць,
Толькі адчайна так з’ехаць хачу…
Бегала… Ды – зноў назад, так адчайна…
Можа, “памыйную” раць прагну чуць?..
Толькі вось нельга ніколі вяртацца
Ў дом, дзе самотныя, скрушныя сны,
Дзе немагчыма са шчасцем спаткацца,
І цішыню зноў скрадуць груганы.
Смеласці – нуль… Ды, аднак, баязліва
Лёсу зноў карты хачу перабраць…
Дзе бестурботна, дваяк, дзесь лісліва
Іх патлумачу: дык можа, пара?!
Незразумела, сыду ці жывою
З родных, здавалася б, гэтых мясцін…
Ці адкажу ўсё ж сваёй галавою
За вальналюбства – жэст смелы адзін?!
Яшчэ адзін супрацоўнік Інстытута літаратуразаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, паэт, пісьменнік, бард Серж Мінскевіч зазначыў, што вельмі ценіць і любіць паэзію Інгі Вінарскай, а таксама лічыць, што творы спадарыні Інгі моцныя і ў беларускім, і ў арыгінальным варыянце. У гонар сваёй даўняй сяброўкі спадарыні Вінарскай спадар Мінскевіч прачытаў некалькі сваіх лірычных вершаў.
Наступная выступоўца – паэтка, пісьменніца, журналістка, спявачка і, па сумяшчальніцтве, вельмі прыгожая жанчына Людміла Шчэрба паведаміла аўдыторыі, што вельмі задаволена тым, што прысутнічае на такой прыгожай і цікавай імпрэзе і што абавязкова прачытае ў хуткім часе новую кнігу Інгі Вінарскай, творчасць якой выклікае ў яе павагу. Сабраўшыя пачулі ў выкананні спадарыні Людмілы шэраг яе цікавых эксперыментальных па форме паэтычных твораў.
Паэт, філосаф, навукоўца, кандыдат філасофскіх навук Ігар Яўгенавіч Шыршоў намагаецца не прапускаць ніводнага мерапрыемства літаратурнага клуба “Экватар”, які вельмі любіць і паважае. А асаблівую павагу ў спадара Ігара, як высветлілася, выклікае шэф-рэдактар клуба Інга Вінарская, чыю паэзію ён лічыць акадэмічнай, вартай уключэння у школьную праграму. На імпрэзе 29 красавіка Ігар Яўгенавіч зазначыў, што цалкам згодны з меркаван-нем Глеба Ганчарова наконт паэтычнай творчасці спадарыні Інгі. Для прэзентанткі і прысутных спадар Ігар прачытаў шэраг сваіх вершаваных твораў на тэму кахання.
Зачыняў канцэртную праграму, прысвечаную выхаду ў свет новай кнігі Інгі Вінарскай “Гучы, маё сэрца, гучы…”, паэт, пісьменнік, бард Юрась Нераток. Ён шчыра павіншаваў спадарыню Інгу, вершы чытаць не стаў, а, узяўшы ў рукі гітару, выканаў некалькі сваіх дынамічных песень.
Пасля заканчэння імпрэзы прысутныя доўга не хацелі разыходзіцца: фатаграфаваліся, гаманілі, абменьваліся ўражаннямі. Кожнаму з выступоўцаў Інга Вінарская падпісала па экзэмпляры сваёй новай кнігі. Надоўга ў памяці прыйшоўшых на мерапрыемства застануцца прыгожыя вершы, добрыя словы, усмешкі, віншаванні, апладысменты і абдымкі. Вось такая прэзентацыя атрымалася на красавіцкім вясновым адвячорку…
Вячаслаў Корбут.