Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сяргей Чыгрын. Трагічнае каханне Гальяша Леўчыка

Сяргей Чыгрын. Трагічнае каханне Гальяша Леўчыка

5 мая 2022, 09:11 Навука 50
Сяргей Чыгрын. Трагічнае каханне Гальяша Леўчыка

Кажуць, што каханне прымушае Зямлю круціцца, а геніяў тварыць. За кожным вялікім і невялікім пісьменнікам заўсёды стаіць і стаяла каханая жанчына. Але, на жаль, не кожны раз каханыя жанчыны прыносілі шчасце літаратарам, хаця творчыя людзі іх натхнёна кахалі, шанавалі і любілі. Да такіх пісьменнікаў з трагічным каханнем належыць і беларускі паэт, калекцыянер, мастак, музыкант, грамадскі дзеяч Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч, 1880-1944).

Гальяш Леўчык быў родам са Слоніма. З 1908 года пачаў друкавацца ў газеце “Наша ніва”. А ў 1912 годзе ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”. Да 100-годдзя пісьменніка ў Менску быў выдадзены яго невялікі зборнік твораў “Доля і хлеб” (Мінск, 1980).

У Слоніме Гальяш Леўчык меў невялікую хатку на вуліцы 3-га траўня. Да яго ў горад над Шчарай прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, пісьменнік Міхась Лынькоў, святар Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала.

Меў аднапакаёвую кватэру паэт і ў Варшаве. Дарэчы, у Варшаву ён трапіў у 1904 годзе. Там уладкаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. За гэты час Леўчык знаходзіць у Варшаве шмат беларусаў, знаёміцца з імі, арганізоўвае сустрэчы, ладзіць вечарыны.

Самым дарагім госцем у Варшаве для яго была пісьменніца, лексікограф, публіцыстка, перакладчыца, асветніца і грамадская дзеячка Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая, 1892-1991). Упершыню ў Варшаву Людвіка прыехала восенню 1913 года на курсы. Але перш, чым трапіць туды, яна моцна перажывала, што там няма знаёмых. І пра гэта распавядала Вацлаву Ластоўскаму. Тады спадар Вацлаў даслаў ёй адрас Гальяша Леўчыка. Адначасова ён напісаў Леўчыку, што ў Варшаву прыедзе прыгожая і таленавітая дзяўчына і каб той яе шчыра прыняў. Але Зосьцы Верас Гальяша не прыйшлося шукаць, бо ён сам да яе завітаў і ў хуткім часе пазнаёміў яе з многімі беларусамі Варшавы.

Пра першае спатканне з Гальяшом Леўчыкам Зоська Верас прыгадвае так: “Першая сустрэча была даволі арыгінальная і смешная. Гальяш Леўчык убег шпарка, не прывітаўся, не зарэкамендаваўся… Яго першыя словы былі: “Гэта я Вас маю “ратаваць”? Ха-ха-ха! Такі маю загад з Вільні. Бег, як мага!” 1.

Прыгожая Людвіка глядзела на Гальяша здзіўлена. Перад ёй стаяў чалавек невысокага росту, незвычайна рухавы, з шапкай кучаравых валасоў, з вясёлымі невялікімі вачыма. “Нарэшце, заўважыўшы маё здзіўленне, ён спаважнеў. “Выбачайце, – кажа, – я нават не зарэкамендаваўся – Гальяш Леўчык, па прозвішчы Ляўковіч. Толькі што атрымаў ліст з рэдакцыі “Нашай нівы”. Так трагічна апісалі Вашае самотнае існаванне, тым больш самотнае, што па-між тысячамі людзей, што я сапраўды бег як на ратунак…”, – прыгадвае далей Зоська Верас2.  

На курсах у Варшаве Зоська Верас знаходзілася дзесяць месяцаў. І вельмі часта сустракалася і праводзіла час з Гальяшом Леўчыкам. Яны наведвалі розныя выставы, ездзілі ў Кру-лікарню, пазнаёміў ён яе з многімі беларусамі Варшавы, наведалі Міхала Федароўскага, аўтара “Люду беларускага”, які сустрэў іх вельмі ветліва. Зоська Верас бывала і ў яго ў невялікай аднапакаёвай кватэры на вуліцы Леапальдыны, 35-32. Гасціў Гальяш і ў Зоські вечарамі, дзе яны бясконца размаўлялі і прыгадвалі ўсіх тых, каго ведалі. На той час Гальяшу Леўчыку было 33 гады, а Зосьцы Верас – 22. Магчыма тады Гальяш Леўчык прызнаўся ў сваіх пачуццях да Зоські Верас. Але Зоська яму сціпла адмовіла. А магчыма – былі іншыя прычыны…

Чаму я так упэўнена пра гэта пішу, бо пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца “Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце” Яна Пятроўскага, якія выйшлі з друку ў горадзе Гэйнсвіл (ЗША, 1988). Адзін з артыкулаў “Мэмуараў” прысвечаны Гальяшу Леўчыку. Ян Пятроўскі прыгадвае 1931 год: “Увайшоўшы ў яго кватэру, на сцяне на левым баку я заўважыў каляровую большых памераў фатаграфію, а на ёй маладую пару. Хлапец з фатаграфіі – гэта Ляўковіч. Але маладая дзяўчына – нікога сабою мне не прыпамінала… Я запытаў у яго: “Прыгожая пара… хто яна?”. Ляўковіч нічога не адказаў, а твар, як мне здалося, спаважнеў з прычыны, праўдападобна, пытаннем выкліканых рэмінісцэнцыяў перажытага мінулых дзён, адышоўшых у вечнасць… Мне здалося, што я закрануў нешта, што з’яўляецца інтымнасцю з жыцця гаспадара дома… Аднак праз доўгія гады я заставаўся пад уражаннем, што паміж ім і прыго-жай дзяўчынаю на фатаграфіі мусіла быць тое, што прынята на-зы-ваць любоўю. І гэта праўдападобна была любоў, якая ніколі не ўвянчалася  шчасцем…” 3. 

Далей Ян Пятроўскі ўдакладняе, што пасля, амаль праз паўстагоддзе, ён аднойчы  разгарнуў газету “Літаратура і мастцтва” ад 30 верасня 1977 года і ўбачыў там Гальяша Леўчыка і дзяўчыну “прыгожае падабенства, якое бачыў я калісьці на фатаграфіі, што знаходзілася ў памяшканні Ляўковіча” 4.

Гартаю падшыўку тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, пра які згадвае Ян Пятроўскі, і знаходжу ўспамін Зоські Верас “Сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам”. На гэтай старонцы таксама апублікаваны і два фотаздымкі – Зоські Верас і Гальяша Леўчыка. Значыць, у варшаўскай кватэры паэта Ян Пятроўскі ўбачыў іх агульны фотаздымак. Хутчэй за ўсё яны сфатаграфаваліся разам у Варшаве ў 1914 годзе. Альбо гэта быў вядомы здымак, на якім адлюстраваны Рамуальд Зямкевіч, Гальяш Леўчык і Зоська Верас. Але крайні Зямкевіч быў проста выразаны са здымка і на сцяне вісеў партрэт Гальяша і Зоські. Асобнага фотаздымка Леўчыка з Верас я ніколі не бачыў.

Напачатку ліпеня 1914 года Зоська Верас пакінула Варшаву. Яна пачала ліставацца з Гальяшом Леўчыкам. Першы ліст Зоська Верас атрымала ад яго 1 жніўня 1914 года. У ім Гальяш пытаўся, ці прыедзе яна ў Слонім? Бо ён таксама планаваў быць у Слоніме і хацеў там з ёю спаткацца. А ў пісьме ад 13 студзеня 1915 года пытаўся: “Ці вы прыедзеце яшчэ калісь у Варшаву, ці не? На дадатковыя курсы…” 5.

У траўні 1915 года Зоська Верас на сёмуху запрашала Гальяша наведаць яе і яе маці. А 7 траўня 1915 года Гальяш Леўчык адказаў: “Вельмі дзякую вам і маме вашай сардэчна за запросіны мяне да вас на сёмуху! Але што ж – жаль, што не магу скарыстаць, бо і мая хворая сястра будзе тут праз свята…”  6.  

Сустракалася з Гальяшом Леўчыкам Зоська Верас яшчэ два разы ў Вільні. Гэта вясной 1923 года і ў 1926 годзе. Першы раз яна ўбачыла Гальяша ў кнігарні на Завальнай, 7. “Але як жа ён змяніўся, як пастарэў! Ані следу даўнейшага гумару, вочы прыгаслі, поўна сівых валасоў. Матэрыяльнае становішча было вельмі цяжкае. Працы не меў…” 7 – успамінала Зоська Верас.

У гэты час Зоська Верас ужо была замужам за грамадска-палітычным дзеячам, якога расстралялі бальшавікі, Фабіянам Шантыром (1887-1920) і ад якога ў яе нарадзіўся сын Антон.

Пасля трагічнай смерці мужа Фабіяна Зоська Верас знаёміцца з журналістам, рэдактарам і перакладчыкам Антонам Войцікам (1898-1948). У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам яны пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася некалі на Украіне У 1926 годзе Зоська Верас выходзіць замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая…

Можа, я памыляюся, але мне здаецца, што тады ў Варшаве, калі ў Зоські Верас яшчэ нікога не было, калі быў вольны Гальяш Леўчык, магла б нарадзіцца цудоўная беларуская сям’я. Ды і жыць было дзе – кватэра ў Варшаве і хатка ў Слоніме. Але лёс распарадзіўся інакш, і ён не дужа радаваў Людвіку Сівіцкую і быў трагічным для Гальяша Ляўковіча. Да самай смерці Зоська Верас добра і шчыра прыгадвала Гальяша Леўчыка. Яна казала, што ён быў “вельмі таварыскі, спагадлівы, услужлівы, гатовы кожнаму дапамагчы, увайсці ў палажэнне” 8.  Ён быў знаёмы з маці і дзедам Зоські Верас: “Мама і дзед вельмі хвалілі Г. Леўчыка. Ён, як даведаўся, што яны ў Варшаве, часта прыходзіў адведаць хворага, а нават замяняў на пару гадзін маму, каб яна магла пахадзіць, дыхнуць свежым паветрам і адпачыць” 9.

У 1986 годзе разам з настаўнікамі Слонімшчыны я наведаў Вільню і гасцяваў у хатцы Зоські Верас. У адным невялікім пакойчыку на кніжнай паліцы стаяў вялікі партрэт Гальяша Леўчыка мастака Алега Аблажэя. Зоська Верас папрасіла зняць з паліцы партрэт, узяла яго ў рукі і сказала, што гэты партрэт яна хоча падараваць Слоніму. Мы з радасцю і шчырай падзякай прынялі гэты падарунак ад старэйшай беларускай пісьменніцы. Цяпер ён знаходзіцца ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа…

Ілья Ляўковіч меў шмат сяброў. Яны прыязджалі не толькі ў Слонім і Варшаву, але і часта пісалі пісьмы, дасылалі кнігі, паштоўкі, часопісы. А вось сяброўкі, сапраўднай гаспадыні ў доме ў яго доўгі час так і не было. І аднойчы ў 1932 годзе ён прачытаў у газеце “Кур’ер Кракаўскі” аб’яву, дзе 30-гадовая жанчына з Ваўкавыска, якая піша апавяданні, хоча выйсці замуж. Гальяш Леўчык “клюнуў” на гэтую аб’яву і напісаў жанчыне пісьмо. Пачалася перапіска, а праз пэўны час яны спаткаліся. Жанчына аказалася прыгожай і вельмі спадабалася слонімскаму паэту. Праўда, яна была даволі лёгкіх паводзін і любіла жыць раскошна. І гэта Гальяша Леўчыка трохі насцярожвала. Ён нават заехаў у Дзярэчын да свайго сябра метадыста і публіцыста Яна Пятроўскага, які тады там жыў, каб пагутарыць пра сваю будучую жонку. Той яго шчыра прасіў, каб не жаніўся з польскай дзяўчынай з Ваўкавыска: “Быў гэта год 1933, на весну Ляўковіч на мае запросіны прыехаў да мяне ў Дзярэчын. Тут у даўжэйшай гутарцы са мною выражаў ён сумнеў, ці павінен ён браць сабе за жонку дзяўчыну, паводзіны якое ён тады ахарактарызаваў, што найменей, як анармальныя. Выслухаўшы ягоныя доўгія і сумныя выказванні, я раіў яму, каб ён парваў з дзяўчынаю, якая мела добрых трыццаць і некалькі гадоў. Далей ад гэтага я не мог пайсці, звяртаючы яго ўвагу, што апошняе слова належыць усё ж яму. У асноўным ён пагаджаўся са мною, але тут жа дадаваў, што ён шкадуе і ўсё ж спадзяецца знайсці помач у ёй. Ягоная аргументацыя болей мяне дзівіла, чымся пераконвала. Уся гутарка скончылася між намі тым, што гэта рэч паважная і вырашэнне знаходзіцца ў ягоных руках…” 10. 

Але Гальяш не паслухаў сябра, і праз пэўны час слонімскі паэт і польская дзяўчына Зося ўзялі шлюб.

Вельмі цяжка жылося Гальяшу Леўчыку з Зосяй Ляўковіч. Яна яго не кахала і не берагла, а жыла, як хацела сама. Ян Пятроўскі меў рацыю. Ён прыгадваў, што Зося ў Варшаве “мела шмат знаёмых людзей, якія часта наведвалі Ляўковічаў у іхняй кватэры і тэрарызавалі яго, пра што Гальяш неаднаразова казаў мне. Ён, Ляўковіч, чуўся абкружаны варожымі людзьмі для сябе. І гэта было асноўнаю прычынаю, чаму Ляўковіч гэтак часта выязджаў, адносна на доўгі час у Слонім, дзе шукаў для сябе адпачынку” 11. 

Усе зберажэнні Гальяша Леўчыка жанчына праз некаторы час поўнасцю расходавала. Яна выдумляла розныя прычыны, куды пайшлі фінансы, прыпісвала сабе хваробы, штрафы, а Гальяш ёй даваў грошы, дапамагаў. Гальяша Леўчыка яна не тое што не кахала, а і не паважала, як беларуса, як мужчыну.

Падчас Другой сусветнай вайны Гальяш Леўчык знаходзіўся ў Слоніме, а Зося Ляўковіч – у аднапакаёвай кватэры ў Варшаве. Разам быць яны доўга не маглі, бо сварыліся. Тады слонімец уцякаў у родны горад, ці туды ехала полька-жонка ад яго. Ды і з фінансамі ў Леўчыка былі вялікія праблемы.

Знаходзячыся падчас вайны ў Варшаве, Зося Ляўковіч прадала кватэру Гальяша Леўчыка палякам ці, магчыма, на нейкіх іншых умовах падаравала яе. Прадала, бо была ўпэўнена, што Леўчык загінуў. Ян Пятроўскі ўспамінае: “Ляўковічыха дзейнічае. Ляўковіча няма. Ён загінуў. Пасля яго праўнаю кватаранткаю становіцца жонка Ляўковіча. Яна “прадае” кватэру. Гаспадар дома, магчыма, ёсць добрым польскім патрыётам. Усё тое ў кватэры, чым гаспадар кватэры жыў, выкідаюць на сметнік, альбо аддаюць у адну з варшаўскіх бібліятэк…” 12.  Ёсць мажлівасць, што ўсё сабранае Леўчыкам у варшаўскай кватэры, забрала Акцыя каталіцкая ў Варшаве.

Але Гальяш Леўчык не памёр, не загінуў, як думала Зося. Ён са Слоніма дабраўся да Варшавы і прыйшоў у сваю кватэру. Але ў ёй ужо жыла іншая сям’я, якая нібыта нічога не ведала пра папярэдніх кватарантаў. Так знакаміты беларус застаўся без кватэры і без каштоўных беларускіх архіваў.

А што Зося Ляўковіч? Яна вярнулася ў Слонім. Гальяша там не было.За ёй пачала актыўна сачыць нямецкая паліцыя, якой не падабаліся яе частыя выезды ў Варшаву. Паліцыя ўзяла ў яе распіску пра тое, што яна больш не будзе пакідаць межы Слоніма. Але Зося спрабавала зноў выехаць у Варшаву. Яе хутка арыштавалі, і ў камеру паліцыя падаслала правакатаршу, якой жанчына расказала, што яна захоўвае ў падушцы польскі сцяг з вышытым арлом. У хатцы на вуліцы 3-га траўня ў Слоніме немцы сапраўды знайшлі сцяг і незадоўга пасля гэтага ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.

У 1944 годзе не стала і Гальяша Леўчыка. Ён загінуў ці памёр ад голаду ў трагічныя дні Варшаўскага паўстання.

 

1 Літаратура і мастацтва, 30 верасня 1977 года.

2 Тамсама. С.15.

3 Пятроўскі Ян. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце. Гэйнсвіл, 1988.С.158-159.

4 Тамсама. С.159.

5 Гальяш Леўчык. Доля і хлеб. Мн., 1980. С.116.

6 Тамсама. С.120.

7 Літаратура і мастацтва, 30 верасня 1977 года.

8 Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня- Wroclaw. 2013. C.28.

9 Тамсама. С.29.

10 Пятроўскі Ян. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце. Гэйнсвіл, 1988. С.158-159. С.160.

11 Тамсама. С.167-168.

12 Тамсама. С.168.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3117
Далучайцеся да нас