Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Лідскім раёне ў Год гістарычнай памяці запланавана правесці больш за 100 значных культурных мерапрыемстваў

У Лідскім раёне ў Год гістарычнай памяці запланавана правесці больш за 100 значных культурных мерапрыемстваў

19 красавіка 2022, 22:35 Культура 36
У Лідскім раёне ў Год гістарычнай памяці запланавана правесці больш за 100 значных культурных мерапрыемстваў

На Лідчыне шматлікімі мерапрыемствамі насычаны кожны каляндарны  год, якой бы тэматыцы ён ні быў прысвечаны.

Не пералічыць усе культурныя падзеі, сведкамі якіх мы з’яўляліся ў Год малой радзімы і Год народнага адзінства. Не меней цікавым у культурным плане абяцае быць і Год гістарычнай памяці. Па якіх кірунках будуць працаваць установы культуры? Удзельнікамі якіх мерапрыемстваў мы зможам стаць?

Журналіст “Лідскай газеты” запрасіў да гутаркі галоўнага спецыяліста аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталлю Вайцюкевіч.

– Наталля Міхайлаўна, план працы вызначаны і ўжо рэалізоўваецца. Якія пласты, звязаныя з гістарычнай тэматыкай, ён ахоплівае?

– У Год гістарычнай памяці мы ставім задачу шырока раскрыць нашы культурныя традыцыі ва ўсіх нашых установах культуры. Мы хочам паказаць, наколькі багатая культура не толькі Лідскага раёна, але і Беларусі. Бо, успамінаючы сваё мінулае, сучаснікі тым самым лепш усведамляюць, як  развівацца ў будучыні.

План аддзела культуры налічвае больш за 100 значных мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці. У яго ўключаны мерапрыемствы па ўмацаванні адзінства беларускага народа і беларускай дзяржаўнасці, захаванні гістарычнай праўды і памяці пра подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, увекавечанні памяці ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захаванні і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі. Дадзеныя мерапрыемствы дазволяць увогуле грамадству звярнуцца да гістарычнага мінулага нашай краіны, вобласці, раёна, горада, успомніць знамянальныя падзеі, сустрэцца з іх сведкамі і ўдзельнікамі. Акрамя таго, у Год гістарычнай памяці пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб захаваць памяць пра выдатных беларусаў, у тым ліку лідзян.

– Лідская зямля заўсёды славілася таленавітымі людзьмі, і мерапрыемствы, якія ўжо прайшлі, пацвердзілі гэта.

– Гэта так. Пачатак цыклу мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках Года гістарычнай памяці, паклала тэматычная праграма “Лідская зямля: гісторыя ў асобах і падзеях”. Яна адбылася ў Палацы культуры горада Ліды. Лейтматывам мерапрыемства стала тэма шматвяковых духоўна-маральных традыцый і невычэрпнага творчага патэнцыялу лідзян.

Прапагандзе дасягненняў народнага мастацтва, папулярызацыі розных відаў і жанраў мастацкай творчасці спрыяе правядзенне ў лютым-красавіку штогадовага раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм “Лідскі падворак”, так званай квінтэсенцыі дасягненняў працы клубных аб’яднанняў і творчых калектываў устаноў культуры. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, візітная картка Лідчыны, і сёлета яно прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Характэрнай асаблівасцю яго стане выяўленне лепшых творчых нумароў, выканаўцаў, самых удалых рэжысёрскіх рашэнняў канцэртных праграм.

Таксама скажу, што ў траўні ў Беразоўскім гарадскім Доме культуры адбудзецца дыялог пакаленняў “Горад крыштальных спраў майстроў”. Гэта будзе сустрэча маладога пакалення з заслужанымі працаўнікамі шклозавода “Нёман”. На ёй моладзі распавядуць пра шклозавод, пра тонкасці працы са шклом, будуць прадэманстраваны лепшыя вырабы шклавараў. Заслужаныя працаўнікі падзеляцца з моладдзю  досведам, дадуць каштоўныя парады.

А на снежань плануецца правесці ў Бярозаўцы гістарычны вечар “Легендарны майстар шкляных эцюдаў”, прысвечаны заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Сямёнавічу Мурахверу. На гэтым мерапрыемстве будуць прадстаўлены лепшыя працы Уладзіміра Сямёнавіча. Калегі распавядуць пра працу з ім, пра тое, як ён ствараў свае шэдэўры, родныя і блізкія падзеляцца ўспамінамі пра тое, якім ён быў у паўсядзённым жыцці.  Людзі ўспомняць пра Уладзіміра Сямёнавіча як пра цікавага суразмоўцу, адданага сябра і чулага чалавека.

– Наколькі я ведаю, пакладзена пачатак і мерапрыемствам, якія дазваляюць успомніць векавыя традыцыі беларускага народа.

– Не так даўно ў Ганчарскім Доме культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё творчай майстэрні “Калі да лену з паклонам – добра аддзячыць лён”. І гэта вельмі сімвалічна, што дадзеная майстэрня адкрылася менавіта ў Год гістарычнай памяці. Мы ў чарговы раз пацвердзілі, што  памятаем, захоўваем і беражом нашы традыцыі. Дзейнасць творчай майстэрні будзе ажыццяўляецца ў рамках экскурсійнага тура “Вёска – крыніца культуры”.

 – Выставы, канферэнцыі, інтэрактыўныя пляцоўкі – на такія мерапрыемствы заўсёды была багатая Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

– Цяперашні год не выключэнне. З мэтай умацавання ў падрастаючага пакалення духоўных, культурных і гістарычных традыцый беларускага народа дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” запусціла бібліятэчны праект “Памяць пра мінулае для будучых пакаленняў”.

Галоўныя мерапрыемствы, якія пройдуць у рамках праекта: выставачны праект “1030 гадоў праваслаўя на беларускіх землях” (сумесна з Лідскай епархіяй), навукова-практычная канферэнцыя “IX Лідскія чытанні” на тэму “Лідчына ў мастацкай літаратуры”, бібліямарафон  героіка-патрыятычнай тэматыкі “Памяць – загінулым, спадчына – жывым”, цыкл адкрытых інтэрактыўных бібліятэчных пляцовак “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці”, “Гераізм і трагедыя 1941 года забыццю не падлягаюць” і “Мір табе, край пад небам бусліным!”. Таксама будзе арганізаваны цыкл мерапрыемстваў “Беларусь моцная адзінствам!”.

Да Года гістарычнай памяці Лідская раённая бібліятэка і гумані-тарнае аддзяленне Лідскага каледжа распрацавалі сумесны праект “Зберагаючы традыцыі, глядзім у будучыню”. Яго мэта – стварэнне ўмоў для самарэалізацыі і самаразвіцця асобы навучэнцаў, далучэнне да інтэлектуальнай спадчыны Лідскага раёна, выхаванне грамадзянскасці і патры-ятызму.

Значнымі стануць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Назаву некаторыя з іх. Гэта бібліятэчны праект “У сузор’і геніяў”, анлайн-акцыя “Дзеці чытаюць Купалу і Коласа”,    прафесійны бібліятэчны конкурс “Каб Беларусь жыла, працвітала – Колас ёсць і Купала” і іншыя.

– Упэўнена, што ўстановы культуры не абыйдуць увагай такія даты, як Вялікая Перамога і вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– Безумоўна. Плануецца правядзенне шэрагу мерапрыемстваў. Гэта мітынгі, тэматычныя праграмы, канцэртныя праграмы, выставы. Адно з мерапрыемстваў, прысвечаных 78-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – тэатралізаваная кампазіцыя “Голас вайны”. Акцёры ў вобразах салдатаў, мацярок, дзяцей успомняць вайну і створаць алею жывых скульптур.

– У нас у раёне маецца нямала былых сядзібаў са сваёй гісторыяй. Культурныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў іх, прыцягваюць адмысловую ўвагу жыхароў. Што запланавана на гэты год?

– Свята “Маёнтак Дамбавецкага запрашае на шляхецкі баль!” – брэндавае мерапрыемства аграмястэчка – адбудзецца ў Бердаўскім культурна-досугавым цэнтры ў жніўні. Дрэс-кодам свята стане вопратка ў стылі ампір. Перад балем “спадарыні” і “спадары” прагуляюцца па пышным старадаўнім парку, закладзеным Аляксандрам Дамбавецкім. Затым пачнецца святочнае мерапрыемства са шляхочымі танцамі і музыкай у жывым выкананні. Для ўдзельнікаў балю будуць адкрыты гульнявы, літаратурна-мастацкі, чайны салоны. Будуць працаваць выставы і фотазоны.

Адной з тэматычных выстаў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, якія будуць арганізаваны ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, стане выстава калектыўнай творчасці “Сядзібны партрэт Лідчыны”. Выстава распавядзе пра сядзібы нашага рэгіёна пасродкам мастацкіх прац. На ёй будуць прадстаўлены аўтарскія працы ў розных тэхніках, на якіх намаляваны славутасці Лідчыны. Сярод іх – сядзібы ў Тарнове, Малым Мажэйкаве, Бердаўцы і іншыя.

– Дзякуй, Наталля Міхайлаўна, за змястоўны аповяд. З улікам яго лідзянам і гасцям рэгіёна застаецца запланаваць свой культурны вольны час.

Людміла Петрулевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ  З  НЯБЫТУ
Культура

Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

28 кастрычніка 2019, 18:5315
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Далучайцеся да нас