4 красавіка ў рамках творчай стажыроўкі кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа Mенск наведалі беларусы Аргенціны, Арменіі, Іарданіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны і Эстоніі.
Творчыя стажыроўкі праграмы “Беларусы ў свеце” праводзяцца Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур з 2016 года і вельмі запатрабаваны прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Ладзяцца майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, паглыблена вывучаюцца беларускія песні, танцы, абрады, традыцыі для далейшай папулярызацыі беларускай культуры.
Група прадстаўнікоў беларусаў замежжа наведала Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Для гасцей правёў адукацыйную экскурсію па выставе вырабаў майстроў народнай творчасці “Жывыя крыніцы” знаўца беларускай народнай культуры Яўген Міхайлавіч Сахута. Госці змаглі прысутнічаць на майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
– У Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці дзейнічаюць больш за 660 чалавек, званне народнага майстра маюць 173 асобы, – паведаміў Я.М. Сахута.
Свае майстэрства прадэманстравалі майстрыцы са Слуцка, Маладзечна, Беразіно. Кацярына Мікалаеўна Чарнышова з Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў ўжо дзевятнаццаць гадоў займаецца стварэннем ўпрыгожванняў з саломкі. Наталля Казіміраўна Матусевіч з Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Слуцкага раёна пляце паясы, вырабляе лялек і аплікацыі з белага золата. Лана Аляксандраўна Сласцён кіруе Народным аматарскім калектывам “Вербачка” і займаецца посудам з лазы. Госці пазнаёміліся з вырабамі з бісеру Веры Пярмінавай і Алены Артынскай; aгледзелі дэкаратыўныя пано ў тэхніцы мастацкіх роспісаў Ірыны Церашковай і Святланы Скавырка; ганчарны посуд Васіля Логвіна і Мікалая Стрэльчанкі; велікодныя пісанкі Вольгі Хачковай.
Народны майстар Яўген Паўлавіч Осіпаў з Беразіно прадэманстраваў, як ён выдатна вырабляе драўляныя лыжкі вялікага і маленькага памераў.
Я. М. Сахута паведаміў гасцям пра тое, як на Беларусі з 90-тых гадоў адраджаліся народныя рамёствы, вывучалася і даследавалася традыцыйная народная культура.
Сярод членаў дэлегацыі знаходзіліся тры жанчыны з Іркуцкай вобласці. Ганна Ярылава з’яўляецца нашчадкам беларускіх перасяленцаў, якія заснавалі вёску Марыінск у Іркуцкай вобласці. Жанчыны цікавяцца традыцыйнай беларускай культурай, яны набылі і сфатаграфавалі на памяць мастацкія вырабы на выставе для сябе і сваіх дзяцей.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.