З жыццём і творчасцю Янкі Купалы вучні беларускіх школ знаёмы добра. Штогод яны вывучаюць творы класіка беларускай літаратуры. Вучні 9 “Б” класа 11 лідскай школы таксама ведаюць шмат аб жыцці песняра. За апошнія гады яны наведалі музеі Янкі Купалы ў Менску і Вязынцы, былі і на месцы, дзе пахаваны паэт.
У сакавіку вучні скарысталі яшчэ адну магчымаць, каб даведацца больш цікавага аб жыцці Купалы. Яны наведалі літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея, які ўсім лідзянам больш вядомы пад назвай Домік Таўлая. Менавіта тут адкрылася выстава “Ізноў наведаў Купала наш Ліду”.
З цікавым фактам з жыцця класіка беларускай літаратуры пазнаёміў вучням куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун.
24 сакавіка – асаблівая дата для гісторыі нашага горада. У далёкім 1940 годзе ў гэты дзень Янка Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі па Лідска-Слабадской выбарчай акрузе. Візіт яго працягваўся тры дні. За гэты час паэт меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з горадам і людзьмі, сустрэцца з літаратарамі, прайсціся па вуліцах даваеннай Ліды. Тады ж паэту быў уручаны білет дэпутата па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе № 306.
Адным з цікавых фактаў тых дзён з’яўляецца тое, што Купала прыехаў у Ліду напачатку вясны і прамачыў свой абутак. Валянцін Таўлай, беларускі пісьменнік, які жыў тады ў Лідзе, заўважыўшы гэта, хутка наведаў абутковую фабрыку “Ардаль”, дзе вырабляліся галёшы. Работнікі фабрыкі, пачуўшы, што галёшы патрэбны вядомаму беларускаму пісьменніку, з задавальненнем падарылі іх.
Даведаліся вучні і аб тым, як у пасляваенны час у 1956 годзе жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч наведвала Ліду падчас прысваення лідскай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы. Дарэчы, гэтае імя бібліятэка мае і сёння. Яшчэ ў гонар Купалы названа адна з вуліц горада Ліды.
На выставе школьнікі ўбачылі фотаздымкі, якія расказваюць аб падзеях таго часу, копіі дакументаў, артыкул газеты “Известие”, дзе размешчаны зварот Купалы да выбаршчыкаў. Найбольш значнымі экспана-тамі выставы з’яўляюцца, па словах куратара, прыжыц-цёвае выданне зборніка Я. Купалы “Жалейка” (1908 г.) і кніга “Беларускі народны арнамент”, падораная падчас наведвання гарадской бібліятэкі Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч 29 чэрвеня 1956 года, аб чым сведчыць надпіс на вокладцы.
Выстава вельмі ўразіла юных наведвальнікаў, дала магчымасць паглыбіць свае веды аб родным горадзе і бліжэй пазнаёміцца з Купалам. Тым больш у Год гістарычнай памяці наведванне выставы, упэўнена, дапаможа маладому пакаленню захаваць сувязь з мінулым, без якога немагчыма будучае.
Наталля Анашкевіч,
класны кіраўнік 9Б класа
Сярэдняй школы № 11 г. Ліды.