Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Настаўнік правінцыйнай гімназіі стварыў дакументальны помнік Віцебшыне

Настаўнік правінцыйнай гімназіі стварыў дакументальны помнік Віцебшыне

2 красавіка 2022, 21:02 Навука 22
Настаўнік правінцыйнай гімназіі стварыў дакументальны помнік Віцебшыне

15 сакавіка 2022 года споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння Аляксея Парфёнавіча Сапунова (1852-1924) – краязнаўцы, археографа, выкладчыка, грамадскага дзеяча, аднаго са знакамітых беларускіх гісторыкаў апошняй чвэрці ХIХ – першай чвэрці ХХ ст.

Да юбілею вучонага ў 2021 годзе Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Віцебскім краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь быў распрацаваны праект “Руплівец беларускай даўніны”, які сёлета, у Год гістарычнай памяці, прэзентаваў віцебскі музей.

Праект прысвечаны кніжнай спадчыне А.П. Сапунова і аб’ядноўвае два зборы: матэрыялы асабістага архіва вучонага з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і кніга-збор А.П. Сапунова з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Аляксей Парфёнавіч Сапуноў нарадзіўся 15 сакавіка 1852 года ў мястэчку Усвяты, якое належала да Суражскага павета Віцебскай губерні ў сям’і небагатага купца і сялянкі.              У 1862 годзе бацька адвёз Аляксея па навуку ў губернскі Віцебск у мясцовую Аляксандраўскую гімназію, навучанне ў якой доўжылася сем гадоў. У 1869 годзе А. Сапуноў паехаў паступаць у Пецярбурскі ўніверсітэт, дзе вучыліся пераважна дзеці дваран. Па заканчэнні гістарычна-філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта Аляксей Сапуноў вярнуўся ў Віцебскую гімназію і пачаў выкладаць старажытныя мовы, адначасова ён займаўся вывучэннем і зборам гістарычных дакументаў. Першая яго публікацыя, прысвечаная гісторыі горада, з’явілася ў 1881 годзе. Першы том “Віцебскай даўніны” выйшаў з друку ў 1883 годзе. Яго адметнай асаблівасцю была вялікая колькасць уведзеных аўтарам у тэкст ілюстрацый – факсіміле асобных дакументаў, пячатак, гравіраваныя партрэты гістарычных асобаў і помнікаў архітэктуры, планы і карты. Першы том Віцебскай даўніны напаткаў шумны поспех. Праца, якая выйшла ў правінцыі, была заўважана ў сталіцы і буйных навуковых цэнтрах Расійскай імперыі. Пасля выхаду “Віцебскай даўніны” ў Аляксея Сапунова склаўся план усёй серыі. Абапіраючыся на зробленыя ў архівах напрацоўкі, А. Сапуноў распрацаваў змест наступных пяці тамоў кнігі.

А.П. Сапуновым усяго напісана каля 50 кніг і брашур, а таксама дзесяткі навуковых артыкулаў і нарысаў, прысвечаных гісторыі, этнаграфі, археаграфіі Віцебскага Падзвіння. Навуковец упершыню выявіў, сабраў, пераклаў і выдаў вялікі пласт першакрыніц на гісторыі рэгіёна. Найбольш вядомымі выданнямі з’яўляюцца кнігі ” Віцебская даўніна” і        ” Рака Заходняя Дзвіна”.

А.П. Сапуноў з’яўляўся дзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, Гістарычнага таварыства пры Санкт-Пецярбургскім універсітэце, Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, Смаленскай вучонай архіўнай камісіі, Таварыства вывучэння Магілёўскай губерніі, Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і іншых установаў.

“А.П. Сапуноў у галіне даследавання Віцебшчыны пакінуў значыню спадчыну, што яго імя будзе бессмяротным сярод вучоных Беларусі,– адзначаў М. Багародзіцкі ў 1925 годзе.

Усе працы Аляксея Парфёнавіча шматбочныя па закранутым тэмах і характарызуюць Віцебшчыну з усіх бакоў. Імі прыходзіцца карыстацца  і археолагам, і географам, і натуралістам. Можна толькі здзіўляцца, як мог прарабіць такую тытанічную працу адзін чалавек, выключна забяспечаны мізерным заробкам настаўніка правінцыйнай гімназіі, які правёў большую частку свайго працоўнага жыцця сярод правінцыяльнай штодзёншчыны.”

На адкрыцці выставы 15 сакавіка выступілі намеснік дырэктара Віцебскага краязнаўчага музея В. А. Шышанаў, вядомы віцебскі краязнавец, кандыдат гістарычных навук Мікалай Васільевіч Півавар, культуролаг і кнігазнавец Алесь Суша і іншыя.

На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі віцебскай грамадскасці, студэнты гістарычнага факультэта, навукоўцы, а сярод іх знаходзілася  таксама аўтар кнігі пра А. Сапунова                ” Гісторык з Віцебска” Людміла Хмяльніцкая.

М.В. Півавар адзначыў, што прыклад краязнаўца Аляксея Сапунова з’яўляецца сёння вельмі важным для моладзі, для тых, хто хоча пазнаваць і вывучаць родны край.

Супрацоўніца  краязнаўчага музея Н.П. Варламава правяла для гасцей экскурсію па выставе  і распавяла пры жыццёвы шлях і дзейнасць Аляксея Сапунова.

 

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Навукова-практычная канферэнцыя  "ХIІ Лідскія чытанні".
літаратура

Навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні".

26 красавіка 2025, 06:4016
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову
Мова

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

2 лютага 2022, 07:5516
Далучайцеся да нас