Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, археолаг, педагог Міхась Ткачоў нарадзіўся 10 сакавіка 1942 года ў Мсціславе. Паходзіў з настаўніцкай сям’і Алеся Рыгоравіча і Дамінікі Сямёнаўны Ткачовых. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасля вайны Міхася выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мсціславе ў сямігодцы.
Шыльда ў Мсціславе
У 1959 г. паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Першы курс давучыўся завочна, бо паводле адмысловых савецкіх законаў мусіў вярнуцца ў Мсціслаў, у калгас, працаваць паляводам. Студэнцкія гады ўмацавалі нацыянальнае пачуццё Міхася Ткачова. Пасля заканчэння вучобы і размеркавання ў 1964 г. амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіне, быў завучам. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў у 1968 г. у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. Там узяўся за распрацоўку тэмы “Ваеннае дойлідства Беларусі XII-XVII ст.”. З 1969 па 1972 гады вёў раскопкі замкаў і ўмацаванняў у Наваградку, Гародні, Лідзе, Койданаве, Крэве, Міры, Геранёнах, Мядзелі, Лепелі, Іказні, Камянцы, у іншых мясцінах. У 1972 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, на аснове якой былі выдан кнігі “Абарончыя збудаванні зямель Беларусі” (1978), а таксама “Замкі Беларусі” (1977).
Міхась Ткачоў ля сцяны Каложскай царквы
У 1978 годзе прыняў запрашэнне з Гародні на працу ў мясцовы ўніверсітэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-85 гг. – загадчык кафедры. Вазіў студэнтаў у розныя гарады Беларусі на раскопкі. У 1987 годзе вёў раскопкі Якушоўкі – родавага гнязда Каліноўскіх. У тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIII ст.”. У гарадзенскі перыяд Ткачоў меў некалькі сутыкненняў з мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец знішчэнню старажытнай гарадской забудовы. Справы даходзілі да Савета Міністраў СССР, Ткачова спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці “за клевету на органы Советской власти”, “за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР”. Аднак гісторык урэшце перамог. Напрыканцы 1980-ых гадоў Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Стаў кіраўніком легендарнага гістарычна-культурніцкага клуба “Паходня”. У 1989 г. вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР, супрацьстаяў камуністычнаму вылучэнцу, сакратару аблвыканкама Сямёнаву. У час выбарчай кампаніі на Ткачова камуністычнымі прапагандыстамі было выліта шмат бруду. Неўзабаве гісторык выйшаў з КПСС і дзеіў далей толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху.
Пасля пераезду ў Менск у 1989 годзе ўдзельнічаў у стварэнні “Мартыралогу Беларусі”, уваходзіў у Аргкамітэт БНФ “Адраджэньне”, стаў намеснікам старшыні Сойму БНФ. Быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі, з сакавіка 1991-га – старшыня Цэнтральнай рады адноўленай партыі БСДГ. Працаваў у рэдакцыі “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”, спярша загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 года – галоўным рэдактарам “Беларускай Энцыклапедыі”. Быў адным з ініцыятараў выданняў “Энцыклапедыя археалогіі і нумізматыкі Беларусі” і “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”. Ужо хворым, у апошнія гады жыцця ён перавыдаў “Замкі і людзі”, у суаўтарстве – кніжкі “Вялікае мастацтва артылерыі”, “Старажытны Мсціслаў”. Памёр Міхась Ткачоў 31 кастрычніка 1992 года ў Менску, яму было толькі 50 гадоў. Пахаваны на Усходніх могілках. У Гародні на доме, дзе ён жыў, усталявана памятная шыльда. У Мсціславе памятная шыльда ўсталявана на будынку, дзе ён вучыўся.
Уладзімір Хільмановіч,
г. Гародня.