Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
РОДНАЯ МОВА – НАША ПАМЯЦЬ

РОДНАЯ МОВА – НАША ПАМЯЦЬ

16 сакавіка 2022, 09:43 Культура 60
РОДНАЯ МОВА – НАША ПАМЯЦЬ

Слова наша роднае, хапала

На стагоддзі доўгія цябе.

Багдановіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе.

Генадзь Бураўкін.

 

Мова народа захоўвае самую поўную і самую глыбокую памяць.

Менавіта праз мову – пісьмовыя помнікі, летапісы, разнастайныя архіўныя дакументы –  дайшлі  да нас,   выяўляюцца яшчэ да гэтай пары   дакладныя і аб’ектыўныя звесткі  з розных часоў, далёкіх і не вельмі. А праз вусныя ўспаміны старажылаў  вяртаецца ці  ўдакладняецца  памяць бліжэйшага часу. Таму слушна назваць вусную і пісьмовую мову асноўным інструментам, рэтранслятарам і захавальнікам памяці.

Адно кароткае  слоўка ці словазлучэнне можа падаць цэлы пласт нашай гісторыі,  культуры і веры, народнага майстэрства.  Яцвягі, судавы, зніч, касінер, гальштукі Мураўёва, капліца, слуцкія паясы, заходнікі, партызанскі лагер, выцінанка, талака, балея, маляваныя дываны, скудзельніца… Прыгадайце іх значэнні ці даведайцеся, калі не выпала ведаць, –  і перад вамі расчыніцца акно ў мінуўшчыну, годную, слаўную, таленавітую, гераічную, а то і  трагічную.

А колькі пракаветнага  тоіць-зберагае ў сабе кожны родны тапонім! Мовай зямлі назваў мясцовыя найменні даследчык-тапаніміст Вадзім Жучкевіч, а Леанід Лыч яшчэ дакладней – эфектыўным сродкам захавання гістарычнай і духоўнай спадчыны. Так, у нас, на Нясвіжчыне, урочышча непадалёк ад Сейлавіч займела назву Касцянева, бо  спачываюць там бясслаўныя парэшткі няпрошаных валацуг-заваёўнікаў. Вёска Карцэвічы захоўвае ў саёй назве даўнюю легенду аб працавітых першапасяленцах, што здолелі выкарчаваць лес, каб ператварыць  яго ва ўрадлівы палетак. Вёска Арда на памежжы Нясвіжчыны і Клеччыны трымае  памяць пра тых  татараў, што прыйшлі сюды не з лукамі і стрэламі, а  каб мірна жыць і працаваць на гэтай божай зямлі; асвоілі яны і тутэйшую мову, адно што запісвалі нашы словы сваёй прывычнай арабскай вяззю. А ёсць жа яшчэ на Нясвіжчыне і непадалёк Кунаса і Баяры, Гірыч Поль і Гавязна,  Ванжовец і Грыдзева, Ракашыца і Дунай як даўнія адгалоскі шматлікіх падзей на вятрах гісторыі, разнастайных стасункаў беларусаў з іншымі народамі.

А шматвяковая народная творчасць, найперш песні! Іх  вобразы-паралелізмы   найвышэйшага гатунку, што па сваёй метафарычнай напоўненасці  пад сілу не кожнаму навамоднаму паэту  з акадэмічнай адукацыяй.

Цераз рэчаньку, цераз быструю

Я не пераскочу.

Аддайце мяне, мая мамачка,

За каго я хочу.

 

За  сямейна-пабытовымі, здавалася б простымі абразкамі даўнейшага жыцця  –  памяць  сэрца,  водгулле  жаночых лёсаў не аднаго пакалення, трымценне тысяч  тонкіх струн беларускай душы (фота “Жыццё як песня”: Наталля Пятроўна Вініцкая і колішнія ўдзельніцы Малеўскага фальклорнага гурта).

Год гістарычнай памяці, год юбілеяў  Купалы і Коласа павінен стаць для  нас яшчэ і годам вяртання сваёй мовы, роднай мовы – найлепшага  леку  ад нацыянальнага бяспамяцтва і найважнейшага духоўнага складніку незалежнасці краіны.

Наталля Плакса.

Нясвіж.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам
Выданні

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам

4 снежня 2018, 16:2531
Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта
Выданні

Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта

14 лістапада 2018, 11:2030
Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў
Грамадства

Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў

15 лістапада 2018, 21:3930
Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў
Грамадства

Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

16 лістапада 2018, 11:3330
Далучайцеся да нас