Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ: ГУЛЬНЯ ЦІ ПАТРЫЯТЫЧНАЯ СПРАВА

ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ: ГУЛЬНЯ ЦІ ПАТРЫЯТЫЧНАЯ СПРАВА

8 сакавіка 2022, 23:16 Мова 62
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ: ГУЛЬНЯ ЦІ ПАТРЫЯТЫЧНАЯ СПРАВА

Дзень  роднай мовы зноў святкавала  Нясвіжчына. Як паведаміла на сваім сайце раённая газета, ва ўстановах адукацыі прайшоў шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні роднага слова. Так, у сярэдняй школе № 4 г. Нясвіжа адбылася квэст-гульня “З любоўю да роднга слова”, у сярэдняй школе № 3 – квэст-гульня “Пагуляем у роднае слова”, у Карцэвіцкай школе – квэст “Свята роднай мовы”. У яслях-садку № 4 “Караблік дзяцінства” родную мову ўшанавалі “Хвілінкай беларускага вершыка”.

Як высветлілася, не ў кожнай школе падтрымалі Агульнанацыянальную дыктоўку. У гэтым годзе яна пазначана лічбай 15. Аднак сталыя прыхільнікі АНД і на гэты раз не праігнаравалі яе. У Лысіцкай школе настаўніца роднай мовы Ірына  Мышкавец, як і ў папярэднія гады,  да ўсіх святочных дзеяў далучыла і дыктоўку з кранальным моўна-патрыятычным тэкстам. Гэтак жа штогод робіць і настаўніца школы №3 г. Нясвіжа  Вольга Варэнік, адно што ўдзельнікаў тут значна больш, чым ў вясковай школцы.

Пяць апошніх гадоў праводзяцца беларускія дыктоўкі ў Раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Кожны раз збіраюцца сюды  новыя ўдзельнікі: пенсіянеры, наведвальнікі сацыяльнага цэнтра, сябры БРСМ, а  сёлета – нясвіжскія дзевяцікласнікі. Але нязменныя і абавязковыя – урачыстасць моманту,  святочнасць сустрэчы ды  ноткі лёгкай усхваляванасці: не памыліцца, напісаць як найлепш!

Нязменным лідарам не толькі па колькасці, але  па творчым, свядомым і душэўным падыходзе да напісання дыктовак  з’яўляюцца навучэнцы Нясвіжскага педагагічнага каледжа імя Якуба Коласа на чале з дырэктарам Аленай Жураўлёвай і выкладчыцай роднай мовы і літаратуры Марыяй Енчык. Шырокі тэматычны выбар тэкстаў дапасуецца тут  да кожнага курса, групы і спецыялізацыі! Колькасць удзельнікаў ідзе на сотні!  Ужо стала традыцыяй напісанне дыктоўкі выкладчыкамі і іншымі супрацоўнікамі каледжа; сёлета іх – 47! Добры прыклад кожнай установе! А тэкст “Калыска маленства” прысвечаны,  як і належыць, Якубу Коласу,  140 гадавіне ад нараджэння вялікага беларуса.

– Усё атрамалася, як задумалі, як хацелі, бо рабілі ўсё ад душы, – кажа Марыя Фабіянаўна, – бо  пачатак гэтаму шчыраму дню нашага жыцця даў вольны  мікрафон “Гучы, роднае слова”.

Экс-сябры ТБМ правялі хатнія дыктоўкі ў вузкім сяброўскім коле. Гарадзейцы выбралі для напісання верш Ганны Палын са зборніка “Нясвіжскі ўток”. Ды не толькі пісалі, але і чыталі іншыя любімыя вершы, дзяліліся думкамі і ўражаннямі. Для жыхароў в.  Карцэвічы  была  прадыктавана краязнаўчая замалёўка з падрыхтаванай для друку кнігі “Кунтуш Радзівіла або 100 эцюдаў нясвіжазнаўства”. А Валянціна Холадава пажадала напісаць верш Васіля Казачка “Пагавары са мной па-беларуску” нават  пад дыктоўку па тэлефоне.

Наведвальнікі студыі вядомай нясвіжскай мастачкі Марыны Канавалавай далучыліся да спасціжэння верша Наталлі Плаксы “Маляванкі”. Да таго ж разгледзелі яе калекцыю твораў наіўнага жывапісу ды  перанеслі ўсё пачутае і пабачанае на свае “палотны”. Падчас перапынку пацешыла студыйцаў гульня “Салодкія словы”. Натхненне, узнёсласць, ак-рыленасць, асалода, спасціжэнне, замілаванасць… – гэтыя і іншыя беларускія словы былі акурат да месца і настрою сустрэчы. Яны як найлепш засведчылі вядомую ісціну, што  мова – душа народа,  і што трэба быць з роднай мовай не хвілінку, не адзін святочны дзень, а кожны дзень свайго жыцця, не  “гуляць у роднае слова”, а вывучаць, засвойваць як каштоўны набытак, каб мець на вуснах штодня.

Вольга Карчэўская.

Нясвіж.

Фота 1. У Лысіцкай школе.

Фота 2, 3, 4. Дыктуе Барыс Шпак, пішуць гарадзейцы.

Фота 5. На сустрэчы  з навучэнцамі педкаледжа.

Фота 6 У студыі Марыны Канавалавай: не толькі пішам, але і малюем.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ  З  НЯБЫТУ
Культура

Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

28 кастрычніка 2019, 18:5315
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас