4 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў круглы стол да 140-годдзя Я. Коласа і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На круглым стале адбылася прэзентацыя юбілейных мерапрыемстваў, былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея з Нацыянальнай бібліятэкай, установамі адукацыі і турыстычнымі фірмамі.
Дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа Ірына Мацяс і яго навуковыя супрацоўнікі Аляксандр Крыжэвіч, Вольга Наважылава і Іван Дубовік падзяліліся разнастайнай інфармацыяй, якая знаёміць з дзейнасцю музея па пашырэнні ведаў пра беларускага класіка, аўтара паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”.
Дом-музей Я. Коласа з’яўляецца цэнтрам культурнага жыцця, захоўвае дух свайго часу і падтрымлівае атмасферу гасціннасці і сардэчнасці. Пра гэта распавяла яго дырэктар Ірына Уладзіміраўна Мацяс.
У 2022 годзе музей прапануе сваім наведвальнікам лекцыі пра жыццёвы і творчы шлях Я. Коласа, інтэрактыўныя праекты: квэст-гульню па экспазіцыі музея “Таямніцы дома Песняра”, інтэрактыўную гульню ” Жыццё па Коласу”, цыкл творчых мерапрыемстваў: літаратурны чацвер, сустрэчы з творчай інтэлегенцыяй у Доме-музеі Я. Коласа, спецпраекты музея: “У дзень вяселля – у музей”, “Выпускны ў Доме Коласа”, літаратурна-музычныя вечары ” Кватэрнік у дзядзькі Якуба”- сустрэчы з таленавітымі паэтамі, музыкантамі.
Школьнікам, студэнтам, творчай інтэлегенцыі будзе прапанавана здзейсніць экскурсіі па мясцінах, звязаных з дзейнасцю Якуба Коласа. З дапамогай турыстычных фірмаў можна будзе наведаць Акінчыцы, дзе нарадзіўся Я. Колас, а таксама – Смольню, Ласток і іншыя мясціны. Пра гэта паведаміў супрацоўнік музея Аляксандр Крыжэвіч. Філіял “Мікалаеўшчына” прапануе наведанне мемарыяльных і літаратурных экспазіцый, экскурсійны маршрут “Акінчыцы-Альбуць – Смольня”, паход выхаднога дня “Свет раслін на службе сям’і”, збор лекавых раслін, кансультацыі траўніка.
Нацыянальная бібліятэка і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў межах святкавання юбілею 140-годзя з дня нараджэння народнага песняра.
– Цягам года адбудуцца супольныя мерапрыем-ствы разам з літаратурным музеем, пройдуць канфе-рэнцыі, круглыя сталы, лекцыі коласазнаўцаў для шырокай публікі, – паведаміў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі спадар Алесь Суша.- Змогуць адбыцца шматлікія выставачныя мерапрыемствы з прадстаўленнем выданняў Я. Коласа, дэманстрацыяй рукапісаў народнага песняра, музычных дакументаў, нотных запісаў песнь на вершы народнага паэта. Будуць запланаваныя музейна-педагагічныя заняткі адукацыйна выхаваўчага характару.

Нацыянальная бібліятэка валодае вялікі рэсурсамі, звязанымі з творчасцю Я. Коласа. У галоўных сховішчах галоўнай скарбніцы краіны захоўваецца першая кніга Я. Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, тут зберагаецца каля 100 выданняў Я. Коласа, 70 аўдыёвізуальных дакументаў, каля 200 нотных запісаў музычных твораў, вялікая колькасць мастацкіх твораў (вядомых мастакоў-графікаў В. Шаранговіча і Г. Паплаўскага, і іншых), 42 аўтарэфераты кандыдацкіх дысертацый айчынных навукоўцаў на тэмы творчасці Якуба Коласа.

– Асаблівая ўвага будзе нададзена педагагічнаму аспекту спадчыны Якуба Коласа, бо ён пачынаў сваю працу як педагог, потым перайшоў да літаратурнай і навуковай дзейнасці, – адначыў А.А. Суша.

10 гадоў таму да 130-годдзя Я. Купалы і Я. Коласа Нацыянальная бібліятэка рыхтавала віртуальны праект на сваім партале, прысвечаны творчасці літаратурных кла-сікаў. Такі праект можа быць адноўлены.
Эла Дзвінская, фота аўтара.

