Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Якуб Колас. НА РОСТАНЯХ

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Якуб Колас. НА РОСТАНЯХ

9 лютага 2022, 22:18 Мова 664
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Якуб Колас.  НА РОСТАНЯХ

Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу прыгожаю дугою, Нёман забіраў управа, пралёгшы роўнаю, бліскучаю стужкаю паміж лугамі і полем. На адным канцы дугі стаялі кучаравыя пышныя хвоі, звесіўшы над вадою махрыстыя галіны і аплёўшы пясчаны бераг цэлаю сеткаю смаляных каранёў. За імі пачыналіся маладыя сакавітыя баравіны, перамешаныя са старым лесам. Там-сям з зялёнага мора маладога хвойніку высока ўзнімаліся парасоны-верхавіны хвой-старадрэвін, што як бы аглядалі зялёныя прасторы свае маладое змены, цешачыся яе размахам і сакавітаю жыццёвасцю. І гэты малады хвойнік, і гэты лес, і гэтыя хвоі зліваліся ў адну сцяну лесу, вырысоўваючы прыгожую лінію паваротаў, разгортваючы сваё цёмна-зялёнае крыло і ахватваючы пясчанае поле, дзе раскінуліся маўклівыя пагоркі. А над усім гэтым ляжала цішыня і спакой раніцы.

Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня, і песня расплывалася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу, напаўняючы ясна-сінія разлогі надзем’я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснаю задумлёнасцю. Здавалася, усё навокала занямела, зачараванае цудоўнымі тонамі песні гэтага вольнага песняра ўзлескаў і пясчаных пустак між лесу.  Снуючыся высока ў небе, раняла птушка мяккія, ласкавыя мелодыі, сатканыя са звону срэбраных струн, з булькання лясных ручайкоў, шолаху красак. І ўсе гэтыя тоны спляталіся так гарманічна-своеасабліва ў песні ляснога жаваранка, што яна даходзіла да самых глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы.

(222 словы)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5430
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1116
Далучайцеся да нас