Тры гады таму, 30 снежня 2018-га, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі скончыла сваю работу найунікальнейшая выстава апошніх часоў аднаго з самых выбітных і неардынарных мастакоў нашай краіны “Сусвет Язэпа Драздовіча”. У акрэсе Новага года мы прапануем увазе нашых шаноўных чытачоў не толькі ўспамін пісьменніка пра гэтую гістарычную падзею. Аўтар нарыса распавядае ў ім увогуле пра шматгранную, “касмічную” творчасць непаўторнага майстра і яго складаны, цяжкі лёс, уражанні ад якіх застаюцца ў сэрцы на ўсё жыццё.
ВІЗІТНАЯ КАРТКА, Язэп Нарцызавіч Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён) у сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. У два гады малы застаўся без бацькі. Яго і яшчэ пяцёх старэйшых сыноў выхоўвала маці Юзэфа. Неўзабаве сям’я засталася без роднага дома і мусіла часта мяняць месцы жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучыўся Язэп у прыватнай настаўніцы, у Дзісенскай гімназіі і ў Віленскай мастацкай школе ў вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева. Творчае станаўленне мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога і пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў нашага гістарычнага жывапісу адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду нацыянальнага адраджэння. У гонар “павятовага Мікеланджэла”, як назваў Драздовіча ў сваім прачулым вершы Рыгор Барадулін, яго імя носяць вуліцы ў Менску, Воршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах і Наваградку. У Траецкім прадмесці сталіцы яму ўсталяваны помнік.
ПЕРШЫ КАЛЯНДАР
ПАЧАТКОВЫМІ крокамі ў мастацтве сталі для Язэпа Нарцыза-віча серыя графічных работ з краявідамі Дзісеншчыны, народную лексіку якой ён апрацоўваў для слоўнікаў, і аздабленне вокладкі “Першага беларускага календара на 1910 год”. У названым годзе мастак удзельнічаў гэтаксама ў афармленні часопіса “Дыямант”. Пасля, укладваючы, як і раней, у свой твор сімвалічны сэнс, упрыгожваў “Саху” і “Рунь”, “Курганную кветку” Канстанцыі Буйло, “Лемантар” і “Школьны спеўнік” збіральніка нашага музычнага меласу Ан-тона Грыневіча. Часта бываў, як сведчаць даследчыкі, на маладзёжных сходках і вечарынках, у тэатры Ігната Буйніцкага, сярод удзельнікаў хору Рыгора Шырмы, на мастацкіх выста-вах, у рэдакцыях газет. Увосень 1910-га яго прызвалі на службу ў расійскае войска. За год да пачатку Першай сусветнай, якую сустрэў у дзейнай арміі ў якасці ваеннага фельчара, марыў і разважаў над тым, калі “ў Беларусі хараства прыйдзе час”. У фальварак Лявонаўка, дзе сям’я арандавала тады зямлю, вярнуўся ў 17-м. Адразу ж арганізаваў там кааператыў “Беларус” і культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”.
Выдадзены “Нашай Нівай” першы каляндар хутка разышоўся па ўсіх кутках Беларусі. Адным з такіх куткоў стаў і мой родны Фабрычны пасёлак на Аршаншчыне, у якім жыў і па-майстэрску рабіў сваю вельмі паважаную і карысную справу маленькі, сціпленькі, ціхенькі стары шавец Міхей. Ні дзеці, ні дарослыя гэтага занадта адукаванага, як лічылі адна-вяскоцы, мужа маладой своеасаб лівай Тасі інакш ніколі не называлі. У старэйшых класах мы з сябрам па жыцці, будучым вядомым не толькі ў нашай акрузе доктарам Лёнькам Ларыёнавым, рэгулярна да яго заходзілі. Адрамантаваць чаравікі ці боты, ахайна пажартаваць з “кукуватай” жонкай, з якой ведалі ўжо, што можна рабіць, але ўсё яшчэ баяліся, і якую больш дарослыя зацягвалі то ў лес, то ў баронаўскі парк, то на рэчку, то на чый-небудзь хатні дах. Але найперш наведвалі цікавага ва ўсіх сэнсах гаспадара дзеля таго, каб у чарговы раз пагартаць ці паспець пачытаць ягоныя шматлікія, у асноўным царкоўныя кніжкі. Яны займалі асноўную частку наскрозь пракуранай хаты, у якой пах тытуню перамешваўся з “водарам” гумы і клею. Асабліва ўрэзаліся ў памяць выданні Бібліі і … той самы (!), бо адрозніваўся ад усяго астатняга, каляндар з невядомымі на вокладцы, але з якіх можна было зразумець словы, літарамі.
Пра Міхея і Тасю мы ўспаміналі з Лёнем рэгулярна. А вось тая кніжка з пералікам усіх дзён 1910 года ўзгадалася мне толькі ў… 2008-м, у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі. Я наведаў яго (па звычцы, заходзіў у спецыфічную культурную ўстанову ўсюды, дзе быў) падчас чарговай камандзіроўкі ад газеты “На страже”. Музей прапаноўваў як раз сваім наведвальнікам выставу арыгінальных твораў легенды беларускай зямлі Язэпа Драздовіча. Вельмі ўразілі, як сёння помню, розныя гістарычныя сюжэты і малюнкі архітэктурных помнікаў. Дакладныя назвы створаных з нацыянальным каларытам работ тады ў блакнот не запісаў – згубіў недзе ручку! І зрабіў запіс толькі ў кастрычніку 2018-га ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе працягвала працу добра арганізаваная і вельмі пазнавальная выстава “Сусвет Язэпа Драздовіча”, прымеркаваная да 130-годдзя з дня ягонага нараджэння.
Для агляду на ёй было прадстаўлена, здаецца, работ семдзясят. У іх ліку (ручку на гэты раз не згубіў!) “Усяслаў Полацкі ў порубе над палатамі кіеўскага князя”, “Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні”, “Усяслаў Чарадзей пад Гародняй”, “Менск. Выгляд са Шпітальна-Траецкага завулка”, “Менск. Абрыў Замкавай гары і прыбярэжная грэбля на правым беразе ракі Свіслач”, “Глыбокае. Кармеліцкі касцёл і кляштар” і “Германавічы. Касцёл”. Яны былі намаляваныя ў перыяд з 1917 па 1925-ты. Дарэчы, крамя “Друкарні…” нашаму першадрукару прысвечаны работы Драздовіча “Са свету з навукай” і “Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або ў свет па навуку”. З імі я ўважліва пазнаёміўся крыху раней, падчас працы над “Дзённікам часу”, прысвечанаму 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Глыбока сімвалічна, у сувязі з вышэй згаданымі работамі, што ў Глыбокім, дзе Язэп Нарцызавіч працаваў настаўнікам павятовай школы, яму ўстаноўлены бюст, а ў Германавічах Шаркаўшчынскага раёна, побач з якімі выбітны зямляк арганізаваў школу з навучаннем на роднай мове, створаны музей мастацтва і этнаграфіі. Там дзейнічаў, на колькі ведаў ад свайго вайсковага саслужыўца, выпускніка філфака Анатоля Крачкоўскага, культурна-асветніцкі цэнтр імя Драздовіча.
ДАЛЁКІЯ ПЛАНЕТЫ
ПАДЧАС згаданай выставы спецыялісты распачалі і ладзілі кожную нядзелю (да чацвёртага лістапада) розныя лекцыі пра шматбаковы талент глыбоцкага генія. Першую з гэтых лекцый прачытала падчас майго наведвання вядучы навуковы супрацоўнік паважанай установы Надзея Усава. Па яе словах, значнасць Драздовіча як першага нацыянальнага мастака, народнага філосафа-ўтапіста, самабытнага і арыгінальнага мастака-візіянера выключная для ўсёй нашай культуры. Спецыяліст даходліва і пазнавальна распавядала тады пра ягоны футурызм, зямныя і нябесныя шляхі. Падкрэслівала, што творчасць вялікага майстра – гэта свайго роду балансаванне паміж прафесійным і наіўным мастацтвам. Такія “сумежныя” феномены часам бянтэжаць нас, ставяць, як кажуць, у тупік, бо яны ніяк не ўпісваюцца ні ў якія сістэмы каардынатаў. Але менавіта гэтая адмысловая харызматычнасць і прыцягвае гледача, і зачароўвае. Аўтарам другой лекцыі (“Язэп Драздовіч: ствараючы сусветы…”) была куратар выставы Вольга Архіпава. Пасля яе я сустрэўся з кандыдатам мастацтвазнаўства, мастаком-жывапісцам, сябрам Беларускага саюза мастакоў Галінай Горавай. Яна расказала мне пра касмалагічныя ўяўленні самабытнага мастака, якія зусім незвычайныя. Пішу гэтыя радкі, а перад вачыма – касмавізіі рамантыка-генія “Над безданню”, “Абсерваторыя на кальцы Сатурна”, “Сустрэча вясны на Сатурне”, “Сатурнянка”, вяршыня філасофскіх і мастацкіх вобразаў “Космас”, урбаністычныя пейзажы з Марса…
Адпраўной кропкай іх з’яўлення сталі скляпенні Віленскай бібліятэкі. Яшчэ ў юнацтве яны ўразілі Язэпа недасягальнай, як тады не магло не здавацца, нябеснай сферай, знакамі планет і партрэтамі старажытных вучоных. Чым больш ён вывучаў астранамічную літаратуру, тым мацней пачынаў верыць у магчымасць пранікнення чалавека ў Сусвет. У кожным чарговым сне пераносіўся на далёкія планеты. Раніцай запісваў у дзённік уражанні аб загадкавых збудаваннях, нябачаных раней раслінах і жывёлах. Вынікам тых запісаў стала фантастычная аповесць “Жыццё на Месяцы”. Пунькаўскі малец верыў у той дзень, калі астраномія перастане займацца вызначэннямі адлегласцяў і мас суседніх планет, а “зоймецца іх фізічным складам, геаграфічнымі ўласцівасцямі іх паверхняў, іхняй кліматалогіяй і ме-тэаралогіяй, памкнецца ў таямнцы іх жыццёвай арганізацыі і на ас-татку пяройдзе да пытання аб іх насельніках”. На рахунку даследчыка-тэарэтыка – першая на беларускай мове кніга па астраноміі “Нябесныя бегі”. На падставе скрупулёзных падлікаў ён імкнуўся высветліць у ёй пытанні, звязаныя з вярчэннем Зямлі. Пра Сатурн шмат малюнкаў у майстра не выпадкова. У кнізе ён асобна спыніўся на яго абручах, лічыў планету самай цікавай у Сусвеце. Марыў аб выданні манаграфіі “Тэорыі рухаў у касмалагічным значэнні”, у якой падвёў вынікі саракагадовай працы па вывучэнні “нябесных бегаў”. Між іншым, зазірнуў і ў “чорныя дзіркі”, называючы іх “ператваральнымі зонамі”. Ствараў наш небавед і чарцяжы “касмічнай тарпеды”, на якой “зямныя турысты” павінны адправіцца ў падарожжа на пла-неты Сонечнай сістэмы. Па асабістым прызнанні, найбольшым здабыткам усяго свайго жыцця заснавальнік касмічнай тэматыкі лічыў “Гармонію планет сонечнай сістэмы”. Адсылаю-чы гэтую працу ў Акадэмію навук БССР, суправадзіў яе такім пісьмом: “Магчыма, што для Акадэміі Навук такое пытанне, скуль свет паўстаў, паўстала гэта зямелька, на якой мы жывём, і гэта ўсеянае зоркамі неба, зусім неактуальнае, але для мяне, як аўтара, які знайшоў сваё тлумачэнне паходжання планет сонечнай сістэмы і іх самакручэння, а таксама гармоніі руху планет, для мяне гэта вельмі паважная рэч…” Водарам касмічнага, сусветнага размаху было прасякнута ўсё, што рабіў выбітны майстар. Адсюль і вынікае фенамена-льнасць ягонай неабдымнай творчасці.
У апошнюю нядзелю таго памятнага кастрычніка кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык БДПУ імя Максіма Танка Аксана Коўрык “падарыла” мне яшчэ адзін здабытак жывапісца. Як мастак-мадэрніст, ён унёс свой важкі ўклад у развіццё народнай творчасці. Прафесіяналізаваў многія яе віды, якія ўзбагаціў сваім самабытным і высокім прыкладам. Маю на ўвазе разьбу па дрэве і асабліва – маляваныя дываны, якіх паслядоўнікі налічылі не менш за сорак. Сярод іх – мае ўлюбёныя “Дзве дзяўчыны на мастку”, “Месяцовая ноч”, “Красналюдка – казачнік-бай”, “Як мужык з панам цягаецца”. Яны, па словах Аксаны Іванаўны – узорны прыклад мастацкага сінтэзу народнага і прафесійнага, вобразнай явы і мроі, выяўленчай прастаты, эстэтычнай выразнасці і гармоніі. Як зазначыў на гэты конт наш вядомы мастацтвазнавец Яўген Шумейка, нездарма гэтыя дзіўныя, прыемныя душы і воку рэчы так доўга захоўвалі сяляне, пакуль імі не зацікавіліся дзяржаўныя мастацкія музеі. Драздовіч вельмі тактоўна пашырыў выяўленчыя магчымасці дывановай кампазіцыі. Увёў у яе пейзаж, жанравыя і анімалістычныя (маюцца на ўвазе жывёлы) вобразы. Сакрэт адпаведнасці розных творчых элементаў у тым, што мастак не парушыў ідылічную карцінку, якая мае глыбокія карані менавіта ў народнай культуры. Гэта відавочна і зразумела без усялякіх дадатковых ведаў і назіранняў. Ра-мантычны загадкавы пейзаж, напрыклад, не пярэчыць традыцыйнаму кветкаваму арнаменту, а яго мадэрнізацыя і вытанчанасць супадаюць з народнай прагай чыстай красы.
Творча і захапляльна займаўся Язэп Нарцызавіч і разьбой па дрэве. Ствараў спецыяльныя кіі з выявамі людзей і жывёл, куфэркі і табакеркі. Выразаў фігуркі Маці Божай, святых і анёлаў. Спецыфічныя вырабы першым ацэньваў у Антаполлі яго старэйшы брат Канстанцін, у якога ён нейкі час жыў. Плённа працаваў Драздовіч-малодшы і ў галіне скульптуры. Пра гэта яскрава сведчаць, да прыкладу, такія яго работы, як бюст таго ж Францішка Скарыны, “Плач Гарыславы”, партрэты-барыльефы Антона Грыневіча, свайго сябра, агранома, паэта, празаіка і фалькларыста Яна Пачолкі, вельмі папулярнага ў канцы 30-х у Заходняй Беларусі паэта і грамадскага дзеяча Міхася Машары. Высечаныя аб’ёмныя рэчы нараджаліся падчас працы ў беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, літаратурных выдавецтвах, Таварыстве беларускага мастацтва, даследавання рэчышча Нямігі, археалагічных раскопак у Заслаўі і яго ваколіцах.
Хапала часу (як тут не дацца дзіву!) і на літаратуру. У 1923 годзе ў Вільні была надрукавана першая частка ягонай аповесці “Вар’ят без вар’яцтва”. Крамя яе (на вядомым біёграфам рахунку мастака) найбольш значная, прысвечаная старажытнай Полаччыне паэма “Трызна мінуўшчыны”, гістарычная аповесць “Гара-дольская пушча” (пра падзеі на роднай Дзісеншчыне ў XІІІ стагоддзі) і апавяданне “Сон гараноса”. З ілюстрацыямі самога аўтара яны захоўва-юцца ў рукапісах. Адзінай выдадзенай стала кніжка пад назвай “Пабрацімы і вялікая шышка”. Першым на гэтыя ды іншыя творчыя здабыткі глыбоцкага летуценніка звярнуў увагу ў прысвечаным яму грунтоўным нарысе “Вечны вандроўнік”, які пабачыў свет асобнай кнігай у 84-м, вя-домы фалькларыст, літаратар, доктар філалогіі Арсень Ліс, які пайшоў з жыцця ў свае 84 гады ў траўні 2018-га.
БЯСКОНЦЫЯ ВАНДРАВАННІ
ДОЎГА на адным месцы актыўны, цікаўны і дапытлівы Драздовіч не затрымліваўся. “У белых льняных пінжаку і портках, у самаробнай бяроставай шапцы з казырком, у дзеравяшках з раменьчыкам цераз нагу – успамінае яго ўнучатая пляменніца і хросніца Марыя Баравік з шаркаўшчынскай вёскі Дворнава, – спяшаўся ўлетку ў чарговае падарожжа”. Вядома, што ў экспедыцыі на Піншчыне, дзе з’явілася серыя малюнкаў сялян, ён запісаў народную лексіку і песні. Іх рукапісны зборнік, як і зборнік здабытага на Дзісеншчыне, захоўваецца ў бібліятэцы Нацыянальнай акдэміі навук. У Вільні і Радашковічах стварыў пры беларускіх гімназіях мастацкія майс-тэрні, арганізаваў там выставы. Абышоў пешшу ваколіцы Любчы, Шчорсаў і Міра, замаляваўшы з натуры помнікі архітэктуры. Правёў археалагічныя раскопкі ў Наваградку. У сваім краі вывучыў гарадзішчы і замкі каля Паловіцы, Гарадца, Язны і Псуі. Працуючы настаўнікам малявання, выязджаў улетку ў Трокі, Меднікі, Крэва, Гальшаны і Ліду, дзе зрабіў з натуры малюнкі замчышчаў. Вельмі часта, не маючы сям’і, губляў пастаянную працу, але трымаўся. Каб зарабіць нейкую капейчыну, браўся за любую, нават самую дробную, работу. Маляваў дэкарацыі для аматарскіх спектакляў і шыльды, прыносіў кніжкі для музея… Пра гэта і не толькі распавёў у сваім дзённіку, які вёў ў 30-50-я гады, надрукаваным упершыню ў 91- 92-х гадах у “Маладосці”.
У водгуку на доўгачаканую публікацыю паэт, публіцыст і драматург Галіна Каржанеўская зазначыла, што старонкі дыярыюша раскрылі перад намі багаты духоўны свет мастака і дапамаглі ўсвядоміць, што мы мелі і што страцілі ў асобе Язэпа Драздовіча. Акрамя ўсяго, ён адмыслова валодаў родным словам, што дазволіла яму з выключнай выразнас-цю занатаваць перыпетыі свайго нялёгкага жыцця, думкі і пачуцці, яву і сны. А ява была бязрадаснай. Праз тры гады вандроўнай працы з’явіўся, напрыклад, такі запіс: “Шчасліў той, хто маець час на вольную творчую працу. Хто пры добрым здароўі і без клопату аб заўтрашнім дні. Хто не маець патрэбы прадаваць свой час на грош дзеля хлеба”. Зарабляючы на жыццё “так званымі”, як піша аўтар дзённіка, “каўрамі”, ён, тым не менш, ніколі не апускаўся да халтуры і ясна ўсведамляў сваю мастакоўскую звышзадачу: “Людзям даю. Хай узгадоўваюць у сабе пачуццё эстэтыкі”.
Сам ён схільнасць да ўсяго прыгожага захаваў да самай смерці, якая напаткала яго ў верасні 1954 года. Па словах пляменніцы, якой было тады 17, “памёр дзядзька у страшнай галечы, заваліўся на дарозе наўпроць бальніцы ў Падсвіллі, дабіўся ўжо да апошняга. А праз многа гадоў пасля смерці Язэпа прыязджалі да радні, пазабіралі ўсё, што пасля яго за-сталося. У маёй цёткі Ядзі як не цэлы воз усяго назбіралі. У мяне фотазды-мкі былі, дык таксама пааддавала”.
Магіла Язэпа Драздовіча ў глыбоцкіх Ліплянях унесена ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Яго справу працягваюць сёння многія жывапісцы, гісторыкі і даследчыкі. Творча пераасэнсоўвае багатую непараўнальную спадчыну ягоны таленавіты зямляк, ураджэнец вёскі Мнюта-2 Эдуард Мацюшонак. Выпускнік Віцебскага педінстытута жыве і працуе ў Вілейцы, выкладае ў мясцовай гімназіі “Логас” сусветную мастацкую культуру і маляванне. Адначасова кіруе мясцовай выяўленчай студыяй “Вясёлка”. У яго каля дваццаці асабістых выстаў на радзіме і за мяжой. Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Германіі ды іншых краін. Разам з іншымі беларусамі ён паправу ганарыцца сваім старэйшым земляком, які так таленавіта і ўражліва ўвасобіў у выяўленчым мастацтве нашу родную, непаўторную Бацькаўшчыну, яе адметную культуру і багатую гісторыю.
На здымках: Ул. Барысенка ў Нацыянальным мастацкім музеі падчас выставы “Сусвет Язэпа Драздовіча”, 2018 г.; Ул. Барысенка каля помніка Францыску Скарыну, што пабач з Нацыянальнай бібліятэкай, 2017 г.; Творы Язэпа Драздовіча.