Беларуская культура панесла вялікую страту. На 90-тым годзе жыцця скончыў свой зямны шлях вядомы літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс.
“Адораны ад Бога вясковы хлапчук змог вырасці ў энцыклапедычна падрыхтаванага, шырока прызнанага ў свеце навукоўца, рознабакова раскрыць свой талент літаратара, публіцыста, асветніка, культурнага дзея-ча нашай краіны, – пісаў пра шаноўнага прафесара Генадзь Кісялёў. – Творчая актыўнасць стала выяўляцца ў будучага літаратуразнаўца яшчэ са школьных гадоў, калі юнак з вёскі Расолы ў Астравецкім раёне, дзе ён нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў сям’і земляроба, пачаў дасылаць свае вершы і допісы ў мясцовыя газеты. У 1951 годзе, пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы, Адам Мальдзіс паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Пасля вучобы ў БДУ Адам Мальдзіс тры гады працаваў адказным сакратаром раённай газеты ў Радашковічах.
У 1959 годзе ён паступіў у аспірантуру пры Інстытуце імя Янкі Купалы АН Беларусі і засяродзіўся на вывучэнні беларуска-польскіх літаратурных узаемасувязяў ХIХ стагоддзя. На гэтую тэму ён паспяхова абараніў у 1963 годзе кандыдацкую дысертацыю. З інстытутам літаратуры звязана больш трыццаці гадоў напружанай працы А. Мальдзіса як літаратуразнаўца, даследчыка і папулярызатара, навуковага кіраўніка-арганізатара, а пазней стваральніка і перашага дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, заснавальніка і ганаровага старшыні Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”.
Адам Мальдзіс прымаў чынны ўдзел як у напісанні акадэмічных гісторый беларускай літаратуры (за што ў 1980-тым годзе быў заслужана ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі), так і ў выкананні Скарынаўскай праграмы, распрацаванай напярэдадні 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара і асветніка. Надзвычай грунтоўнае даследаванне “На скрыжаванні славянскіх традыцый” 1980 г. атрымала міжнароднае прызнанне і заслужана прынесла аўтару высокую ступень доктара філалогіі.
А. Мальдзіс пачынаў свае пошукі як захоплены і апантаны даследчык літаратуры ХIХ стагоддзя. Яго кніга “Творчае пабрацімства” (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі была па-сапраўднаму наватарскай, адкрывальніцкай. У ёй было мноства фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах. Кніжка “Падарожжа ў ХIХ стагоддзе” ( 1969) стала настольнай для ўсіх, хто цікавіцца культурнай спадчынай. У ёй былі пададзены яскравыя партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызвольнага руху.
Адам Іосіфавіч паходзіў са збеларушчаных у даўнія часы літоўцаў Астравеччыны. Адам Мальдзіс спрабаваў сябе і ў белетрыстыцы. Яго аповесць “Восень пасярод вясны” (1984) была пастаўлена як п’еса ў Барысаўскім тэатры.
Бліскучай і арыгінальнай у жанравых адносінах стала яго кніга “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” – сплаў мемуарыстыкі, эсэістыкі і літаратуразнаўства.
У кнізе “Як жылі нашы продкі ў ХVIII стагоддзі” (2001) Адам Мальдіс стварыў партрэты магнацтва, шляхты, мяшчанства і сялянства, расказваў пра грамадскае і сямейнае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі ХVIII стагоддзя.
Яшчэ адно шчырае захапленне Адама Мальдзіса -краязнаўства – рэалізавалася ў кнізе “Астравеччына – край дарагі…” і шматлікіх артыкулах па краязнаўстве. Блізкія па духу, па імкненні глыбей спазнаць родны край кнігі “Шляхі вялі праз Беларусь” ( 1980, сумесна з гісторыкам Валянцінам Грыцкевічам) і “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIII cтагоддзя” ( 1982), якая ў 2001 годзе была перавыдадзена ў абноўленым выглядзе.
Тытанічным навуковым подзвігам Адама Мальдзіса з’явіліся падрыхтоўка і выданне шасцітомнага біябіб-ліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”, выдадзенага ” Беларускай энцыклапедыяй” ў 1992-1995 гадах. Гэта была даўняя мара-задума Адама Мальдзіса. Дзякуючы яго намаганням, была створана рэтраспектыўная картатэка па беларускай літаратуры (каля мільёна картак). Яна лягла ў аснову ўнікальнага энцыклапедычнага даведніка, які змяшчае неацэнную інфармацыю пра амаль 1200 пісьменнікаў Беларусі ХII-ХХ стагоддзяў.
Далёка ў свеце ведалі Адама Мальдзіса як пры-знанага паўпрэда беларускай культуры. Ён удзельнічаў у рабоце шматлікіх міжнародных форумаў навукоўцаў, з’ездах славістаў, канферэнцыях, сімпозіюмах, “круглых сталах”. Яго змястоўныя даклады і выступленні гучалі ў Вільні і Варшаве, Лондане і Сафіі, Рыме і Венецыі, Берліне і Парыжы, Празе і Браціславе, Нью-Ёрку і Токіа. Агульнапрызнана і прамоўніцкае майстэрства Адама Мальдзіса, выдатнага лектара-прапагандыста беларускай літаратуры, нацыянальнай культурнай спадчыны.
Яго шматгранная дзейнасць і творчасць мела энцыклапедычны характар. Шмат каму ён дапамагаў: кансультаваў, рэцэнзаваў, рэдагаваў, выступаў апанентам на абароне дысертацый і г.д. Без дапамогі Адама Мальдзіса не абышлося стварэнне Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку.
Яго ініцыятывы і намаганні дапамаглі стварыць унікальную бібліятэку Скарынаўскага цэнтра (самавітыя тамы “Альбарутэнікі”, “Вяртання”), штомесячны бюлетэнь “Кантакты і дыялогі”. У апошняе дзесяцігоддзе Адам Іосіфавіч працаваў у рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”, даследаваў жыццёвыя шляхі нашых суайчыннікаў у замежжы. У сталым веку шмат працаваў ён і дома.
Чынны ўдзел браў слынны літаратуразнавец у падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе.
Пісьменніца Людміла Рублеўская назвала Адама Мальдзіса Чалавекам Адраджэння.
“Кнігі доктара філалогіі даўно выйшлі за межы літаратуразнаўчых пошукаў, – напісаў у прадмове да кнігі “Ад Скарыны і Фёдарава – у ХХI стагоддзе” Алесь Карлюкевіч. – Жаданне вучонага разгледзець мінуўшчыну праз літаратурныя помнікі, праз артэфакты прыгожага пісьменства, што ў розны час ствараліся на тэрыторыі Беларусі, прывяло да будаўніцтва сістэмнага ведання пра ўплывы на далейшае літаратурнае і культурнае развіццё народа і нацыі, краіны”.
Ва ўдзячнай памяці нашчадкаў застанецца навечна верны рыцар навукі і пісьменства, паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны, сапраўдны энцыклапедыст Адам Іосіфавіч Мальдзіс.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.