Адзначыць юбілей самага старэйшага пісьменніка горада Ліды Уладзіміра Васько сабраліся вучні 8 класа СШ № 1. Уладзіміру Гаўрылавічу Васько 2 студзеня споўнілася 85 гадоў. Імпрэза пад назвай “Эх, каб радкі мае ляталі, як тыя ластаўкі ўгары!” прайшла ў цёплай абстаноўцы, па-хатняму. Бо мерапрыемства было арганізавана таксама ў Доме, дзе жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Такія сустрэчы, дарэчы, адбываліся часта і пры жыцці В. Таўлая ў гэтым жа, на той час драўляным, доме (хаце). Сёлетні юбіляр расказаў вучням пра сутнасць паняцця “паэзія”, пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, пра майстэрства ў напісанні вершаў. З задавальненнем зачытаў свае вершы, якія ім былі нядаўна напісаны.
Уладзімір Васько нарадзіўся 2 студзеня 1937 года ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. Уладзімір Гаўрылавіч – асоба даволі вядомая на літаратурнай Лідчыне (ды і не толькі Лідчыне). Амаль трыццаць гадоў ён аддаў працы ў “Лідскай газеце” (раней “Уперад”), у тыя ж гады быў кіраўніком літаратурнага аб’яднання пры ёй (дарэчы, ён жа даў літаб’яднанню назву – “Суквецце”). Як пісьменнік друкуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Пераможца конкурсу рэдакцыі газеты “Звязда” і Саюза пісьменнікаў Беларусі на найлепшае апавяданне. Выдаў кнігі паэзіі “Прасветленасць” (1981), “На схілах берагоў” (1997), “Кругазварот жыцця” (2011), кнігі прозы “Лясная рапсодыя” (2013), “Зігзагі лёсу” (2017, аўтабіяграфічная кніга), кнігі паэзіі і прозы “Энергія душы” (2018), “На перавалах часу” (2021).
Трэба зазначыць, што, нягледзячы на сталы ўзрост, У. Васько – паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана на імпрэзе. Ад супрацоўнікаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея юбіляру была падаравана кніга Уладзіміра Ліхадзедава “Ліда. Падарожжа ў часе”.
Але ж на сустрэчу быў запрошаны і сённяшні кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, што пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Аляксандр Мацулевіч. Шаноўны паэт, вядучы карэспандэнт раённай газеты звярнуўся да аўдыторыі з просьбай, калі хто піша вершы, то каб звярталіся да яго, з задавальненнем падтрымае, выслухае і змесціць на літаратурнай старонцы творы. Гэта шанец для маладых асоб, хто спрабуе сябе ў паэзіі і такім чынам можа патрапіць у друк. А. Мацулевіч таксама зачытаў свае вершы, напісаныя паводле гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Лідчыны.
У сваю чаргу куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун падзяліўся гісторыяй дома, у якім жыў В. Таўлай, расказаў пра свой асноўны накірунак у працы – пра навукова-даследчую дзейнасць, якую праводзіць у Доме-музеі паэта Валянціна Таўлая. Зачытаў свае вершы і гумарынкі.
Для знаёмства з творчасцю Уладзіміра Васько і Аляксандра Мацулевіча былі прадстаўлены зборнікі і іншыя архіўныя матэрыялы.
Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
Уладзімір ВАСЬКО
На перавалах
На перавалах часу і прасторы
Задумацца над пройдзеным хачу,
Бы стужку фільма,
шлях свой раскручу,
Які распачынаў малым з каморы.
На ім хапала радасці і бед.
Насіў і абіванікі, і чуні.
Каровы голас мой спрасоння чулі,
Іх гнаць у поле давяраў мне дзед.
Заядлы быў да ўражанняў заўжды,
Як малако, я піў іх на прасторы.
А зараз мы дзяцей у кватэрах морым
Без рос і без крынічнае вады.
Матуля-школа, ты маё святло,
Што далятае з тых пяцідзясятых.
У вобліках, над партамі прыўзнятых,
Маё юнацтва весела цвіло.
Настаўнікаў забыць не ў сілах я.
Яны стаяць і зараз перад мною.
Іх словы ранняй, сонечнай вясною
Жывуць ва мне і цепляцца штодня.
Салдатам стаў у дзевятнаццаць год,
Вучыўся поўзаць, бегаць і не гнуцца.
Дзе наша рота, дзе наш першы ўзвод?
Эх, хоць бы раз туды
ў свой строй вярнуцца.
Была вучоба, быў педінстытут
І ў сценах школы дух былой сістэмы,
Дзе мне ўдавалася за сорак пяць мінут
Апытваць вучняў і тлумачыць тэмы.
Пасля паклікаў журналісцкі шлях –
І я адчуў, што ў ім мая стыхія.
Любіў бываць на фермах і ў палях,
Пісаў і пра часы вайны ліхія.
А зараз завіхаюся на дачы,
Кашу, капаю, сею і пішу.
Мне салавей ва ўсім жадае ўдачы.
Я тут жыву, пацею, не тужу.
Мой шлях
Не, не знікне майго роду дрэва,
Бо нікога не кіну ў бядзе.
Я не з Ліпнішак, я не з Крэва,
Я адтуль, дзе гняздо на гняздзе.
Шлях праклаў з Ліпічанскае пушчы
Да лідзян і да лідскіх муроў.
З паэтычнай падсоленай гушчы
Браў энергію ў палкую кроў.
Абміналі мяне чарадзеі.
Лёс кідаў ад мяжы да мяжы,
Ды ніколі не траціў надзеі,
Што пачну больш упэўнена жыць.
Палюбіўся мне лідскі затулак
З феерверкам квітнеючых ліп.
Тут мой дом, мой трывалы падмурак,
Мой Парнас, мой славуты Алімп.
Дуброўня
Стаілася над возерам Дуброўня.
Калісьці тут Вайдыла з Маняй жыў –
Дачкой Альгерда,
стройнай і чароўнай,
І піраваў, і правіў – не тужыў.
А зараз я ў Дуброўню прыязджаю,
Лаўлю бліз дамбы спрытных акунёў,
Якія на нажыўку нападаюць
З-пад маладых альховых каранёў.
Гляджу, як хаты, яблыні і грушы
Прыгожа адлюстроўвае вада.
Ніякая спякота не засушыць
Ні душ людскіх, ні дрэваў, ні атаў.
А як музычна плюскаюцца хвалі
І дражняцца з прыгнутаю лазой!
У вёсцы шчасце кавалі кавалі,
Ну, і мячы ўсім ворагам на зло.
Праедуся па вуліцы памалу,
Пастаўлю каля плоту дрындулет
І папрашу ў дзяўчыны яркіх мальваў.
Яна ўсміхнецца: “Ты, відаць, паэт?”
Гісторыяй багата вёска гэта.
Тут пабываў славуты князь Міндоўг.
Выхоўвай трактарыстаў і паэтаў,
Жыві, Дуброўня, тысячы гадоў.
На змярканні
Асенні сутунак, задумліва-ціхі.
А птушкам утульна
пад цёплай страхой.
Стары верабей з маладой вераб’іхай
Схаваліся дзесьці на крокве старой.
Шпакі адляцелі, шпакоўні пустуюць.
Апошняй лістотаю плача вярба.
Каровы разжоўваюць сечку тугую,
Слюнявячы корм на шурпатых зубах.
Сутунак… Я помню, як некалі ў хаце
Сядзелі на лавах старыя дзядзькі.
Былі ў іх шапкі – лата на лаце,
А на нагах ва ўсіх – хадакі.
Расказвалі былі, часцей – небыліцы
Альбо ўспаміналі бабуль і дзядоў,
Ці коньмі, бывала, любілі хваліцца,
Ці гаманілі пра нораў катоў.
Такая карцінка запала ў памяць.
Тады мне было мо чатыры гадкі,
Ды я ўжо ведаў кульбачку і лямяць,
Вучыўся ў мамы размотваць маткі.
Так проста
Так ярка росы зіхацяць,
так шпарка дзядзька з вудай крочыць,
так смела новы дзень прарочыць,
што шчасце будзем з неба браць.
Так здатна яблыні цвітуць,
так спрытна мёд збіраюць пчолы,
так шчыра моляцца анёлы,
каб нас ніхто не здолеў здзьмуць.
Так ціха рыбакі стаяць
на сонным беразе Лідзейкі,
так хораша смяюцца дзеўкі,
што бляск вачэй іх не суняць.
Так проста ўвесь сусвет абняць,
так мірна круцяцца планеты,
так звыкла сноўдаюць паэты,
каб дзе хоць што надрукаваць.
Так гучна коціцца цягнік
па мосце – вунь! – на Маладзечна.
Няхай так будзе ў свеце вечна,
каб подых радасці не знік.
Так хораша ступаеш ты
у скверыку па тратуары
і рассяваеш шчодра чары
на хлопцаў бравых, маладых.
Не проста мне цябе абняць:
баюся моцнай аплявухі.
Хто я? Паэцік аблавухі.
Табе ж раўні не падабраць.