У Гародні адкрылася калядная выстава намаляваных дзецьмі абразоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстава працуе ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, дзе прадстаўлена больш за 50 абразоў. Усе яны створаны выхаванцамі дзіцячай іканапіснай студыі. Цяпер у студыі займаюцца 28 дзяцей, самаму малодшаму з іх 8 гадоў.
– Дзецям падабаецца гэтым займацца, хоць работа і вельмі карпатлівая. На напісанне аднаго абраза ідзе нямала часу, можа быць і месяц, і год. Важна захоўваць усе неабходныя патрабаванні, паколькі кожная дэталь на абразе нешта сімвалізуе. Калі дзеці малююць абразы, то ведаюць, што і для чаго выкарыстоўваецца, гэта значыць на занятках яны атрымліваюць і шмат інфармацыі, пра якую наўрад ці дзе-небудзь змаглі б даведацца, – расказала выкладчык студыі Дар’я Пестунова.
Ствараюць абразы на розных матэрыялах – ад дрэва і тканіны да каменю. Важна строга выконваць пэўныя правілы, вытрымліваць паслядоўнасць этапаў.
– Гэта карпатлівая работа, якая патрабуе ўвагі, стараннасці, спакою ў душы, увагі да дэталей, а таксама глыбокіх ведаў. Але мне гэта падабаецца. Займаюся іканапісам ужо больш за 7 гадоў. Напісала каля 35 абразоў, – расказала адна з выхаванак студыі Маргарыта Пятрова. Частка яе абразоў захоўваецца дома, частка ў якасці падарункаў перададзена сваякам і сябрам. Цяпер дзяўчына ў асноўным піша імянныя абразы з выявай апекуна або заступніка таго ці іншага чалавека.
Больш за тры гады займаецца ў студыі 11-гадовая Марыя Аляшук.
– Гэта вельмі цікавы занятак, хоць і няпросты. Трэба шмат ведаць, трэба ўмець працаваць з фарбамі, быць вельмі ўважлівай, – падзялілася яна.
Дар’я Пестунова адзначыла, што заняткі ў студыі садзейнічаюць творчаму развіццю дзяцей, развіваюць маторыку і ўважлівасць. Для многіх шлях у мастацкую школу пачынаўся менавіта праз іканапісную студыю.
Усе работы можна ўбачыць у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы да 14 студзеня.
Кар. БЕЛТА.