Home
Грамадства

НА РАЗВІТАННЕ З “НАШЫМ СЛОВАМ”

НА РАЗВІТАННЕ З “НАШЫМ СЛОВАМ”

Чытаю перадапошні нумар “Нашага слова” з удзячнай думкай: колькі ж сабрала газета на сваіх старонках за гады існавання нашага беларускага дабра! Колькі светлых думак данесла! Пра колькі слаўных  лёсаў распавяла! У якія куточкі роднай зямлі завяла і колькі новых сяброў-аднадумцаў падаравала. Не пералічыць!

Валянціна Холадава, мая старэйшая сяброўка са  Свержаня,  падпісчыца газеты ад яе заснавання і захавальніца ўсіх нумароў,  супакойвае-разважае сябе, дый мяне таксама:

– А мы будзем чытаць і перачытваць “Наша слова”. Гэта ж не проста пажаўцелая падшыўка – гэта ж …энцыклапедыя! Гэта ж больш як трыццацігадовы летапіс нашай рупнасці дзеля галоўнай духоўнай каштоўнасці народа!

– Так, – пагаджаюся я і дадаю, ад сябе і ад ўсіх верных падпісчыкаў, – “Наша слова” застаецца з намі.

Цесныя стасункі з рэдакцыяй газеты  мела апошнія тры гады. Хоць усім вядома, што рэдакцыя “Нашага  слова”, яе выканаўчы штат – гэта адзін чалавек, рэдактар Станіслаў Суднік, на грамадскім энтузіязме якога трымалася і  выконвалася ўсё, што ў звычайнай газеце робіць  цэлы гурт спецыялістаў. Тым не менш, газета спраўна, без аніякіх затрымак выходзіла штотыдзень, несла весткі-навіны, дзе і як  жывецца роднаму слову.  Павага і ўдзячнасць Вам, шаноўны рэдактар!

Наталля Плакса,

Нясвіж.

 

Ты вернешся

 

Ты вернешся, я веру, “Наша слова”,

Як з выраю вяртаюцца буслы.

Хоць час цяпер далёка не мядовы,

Ён рэжа душу, думкі нам і слых.

 

Ты вернешся, бо нельга не вяртацца

Да сваіх гоняў, вёсак, гарадоў.

Ты вернешся, каб назаўжды застацца,

Як першае каханне, як любоў.

 

Ты вернешся і загучыш над краем,

Як пошчак жаўрукоў у паднябессі.

Бо без цябе мы Беларусь губляем,

Бо без цябе, як Беларусь без песні.

 

Ты вернешся, бо мы чакаем “… слова” –

Яно заўжды павінна з намі быць,

Як Бацькаўшчына, воля, сцяг і мова,

Нам на чужыя іх не замяніць.

 

Ты вернешся, мы верым, “Наша слова”,

Каб больш ад нас ніколі не знікаць.

Мы будзем лёгка, шчыра, адмыслова

Чытаць цябе, чытаць цябе, чытаць!

Сяргей Чыгрын, Слонім.

Previous article Папа Рымскі заклікаў да дыялогу і міру
Next article Да пабачэння, сябры “Нашага слова”

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201918
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

Верас 27th, 202416
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202016