Быў снег і мароз. Каштан дыміўся, як рота курцоў. У Мінойтах-вёсцы пяцьдзесят роўненькіх слупоў ружовага дыму. Усё, зрэшты, было ружовае: сонца толькі ўсходзіла і тое марознае. Нават снегіры, што скакалі па прыдарожных кустах не выдзяляліся. Іхняя чырвань была толькі лёгкім перабольшваннем.
Атулены ў кажух, ехаў. Бацька і словам не адазваўся на тэму маіх ганебных уцёкаў*. Размаўлялі, зрэшты, скупа: вецер з усходу, з-за Нёмана напаўняў марозам рот, як толькі яго адкрываў. З горкі Каштан патрусіў подбегам. Вецер зрабіўся нязносны, залазіў праз любые дзіркі пад кажух. Якой палёгкай быў дом!
Цёмныя сені, цёплая кухня. Маці цалуе мяне, як бы нармальна, на свята… Сёстры падскакваюць. У той “галоўнай” хаце зялёны стаяк раскалены так, што нельга дакрануцца.
Я прыехаў якраз перад куцёй. Вельмі добра, бо столькі перадсвяточных заняткаў, што можна прамаўчаць усялякія прыкрыя тэмы.
Ёлка ўжо стаяла ў той чвэртцы хаты, якая выконвала функцыі “салона”. Відаць, высеклі яе недзе па-за ўчасткам: ні адной з “нашых” нельга было зачапіць. Я мусіў быў узяцца за клеенне ланцугоў (гірляндаў) з глянцавай паперы, саломы і да таго падобных традыцыйных інгрыдыентаў. Маці ў перадбанеўскі перыяд мела больш часу, колькі гадоў перад Божым Нараджэннем рабіла сама розныя, цалкам добрыя цацкі: арлекінаў, Святых Мікалаяў, страўсаў, неграў. Вечарам мы засядалі пры вялікай газавай лямпе, павешанай над сталом і браліся за работу. Некалі маці гэта рабіла для мяне і трохі без мяне – бо было пастаноўлена, што да апошняй хвілі я не павінен нічога пра тыя забаўкі ведаць Потым я быў дапушчаны да ўдзелу: рабілася без старэйшай сястры. Цяпер і яна даступілася да таго гонару. Засталася толькі малодшая. Тую ўкладвалі спаць, і толькі потым маглі мы, старэйшыя, прыступаць да паважнай работы.
Перад куцёй “дзяцей” выстаўлялі на двор, прыбіралі ёлку, і толькі потым дапускалі выгнанцаў на яе паглядзець. Гэтай шляхетнай традыцыі я не захаваў у сваёй уласнай сям’і, сын мой ад самых ранніх гадоў быў дапушчаны да ўдзелу ў ёлачнай містэрыі і таму адносіцца да яе надзвычай лёгка.
Запаленыя свечкі, халодныя агні (бянгальскія), што сыплюць іскрамі маюць сваю абыяльнасць, “іграюць” толькі на фоне газавай лямпы, у дадатак зусім патушанай. На фоне замкнёных акяніц, з-за якіх выглядаюць заснежаныя шапкі найбліжэйшых сасёнак і блакітныя зоркі марознай ночы. На фоне самога марозу, цемнаты і цішы, якія атачалі засыпаны снегам дом.
Але ёлка – на “пасля вячэры”. Містэрыя пачыналася з куці.
Мы мелі ў сям’і ўсталяваны рытуал, у якім на фоне традыцыйна рэлігійным многія годы квітнелі ўстаўкі часцей чыста звычаёвыя, вузка сямейныя.
У прынцыпе стол на куцю складаўся са страў посных. Селядзец з цыбулькай, боршчык з вушкамі, шчупак фаршыраваны або смажаны, найчасцей і такі, і гэтыкі, нарэшце лазанкі (лапша ў выглядзе квадрацікаў) з цёртым макам і кампот з сушанай садавіны.
Падавалася гэта ўсё з першай зоркай. Спачатку пост быў абсалютны, ад самага ранку. З бегам часу з’явілася сціплае снеданне з гарбатай, хлебам, селядцом.
Элементам традыцыі былі не толькі стравы, але і дзейнасць, звязаная з іх прыгатаваннем. Было прынята, напрыклад, што гэта я мусіў смажыць вушкі для баршчу. Гэта быў надзвычайны прысмак: крохкае цеста і начынка з грыбоў, спачатку сушаных, потым вараных, потым прысмажаных з цыбулькай. Тады рабіліся вушкі, ставілася на вялікі агонь патэльня, давалася шмат шмальцу, калі ён даходзіў да кіпення, кідаўся тузін вушак. Іскраў было без меры, тлушч трашчаў і пырскаў агністымі кропкамі, у імгненне вока вушкі румяніліся, пераварочвалі іх на другі бок, і ўжо наступная партыя магла падаць на чорны круг патэльні.
Я прыехаў якраз на куцю. Гэта стала адной з першых прычын маёй занятасці, пэўна, каб цяжэй было дайсці да размовы пра мой правал.
Голад перамагаў. Перад змярканнем то той, то гэты выскокваў на марозны паполудзень, шукаючы зорку. Маці прынесла бярэмя сена. Паклала яго на стол, прыкрыла сурвэтай.
Вострую атаку перажывала першая страва. Селядзец з бульбай – варанай у мундзірах – і з кружкамі тонка нарэзаных бурачкоў знікаў у імгнене вока. Боршч з маімі вушкамі ішоў, як вада. Ужо смажаны шчупак дэманстраваў выразна зніжаныя тэмпы наступлення. Дэсерт у вялікай меры заставаўся некрануты. Елі яго ўсё свята, асабліва кампот.
Ёлка запалена. Соннасць. Выходзім на двор. Снег па калена, толькі сцежкі, як злучальныя равы – да брамы, да студні. Сабака Бурак, названы так насуперак салонным выдумкам, скакаў на ланцугу пры сваёй будзе. Атрымліваў большую порцыю яды і танцаваў, прадчуваючы яе загадзя. Ноч поўная, зорная, марозная, ціхая. Можа толькі цяпер прыгадваю сабе ўсю глыбіню той цішыні і яе значнасць. За шэсць кіламетраў брахалі сабакі ў Дакудаве. За дванаццаць кіламетраў ішоў цягнік у Мінойтах. Вялікія асіметрычныя шкілеты дубоў выглядалі з-за даху. Якім цёплым і блізкім станавілася святло газавай лямпы ў шчыліне акяніцы!
Пасля ішлі спаць, і сны прыходзілі дзівосныя, недалёкія ад кашмараў, якія перарываліся мармытаннем і крыкам.
Паводле Jerzy Putrament. Pol wieku. Mlodosc. Czytelnik, 1962.
Пераклад Станіслава Судніка.
* Ежы Путрамант кінуў вайсковую школу падхарун-жых, куды яго адправіў вучыцца бацька, палкоўнік польскага войска, і ехаў дадому з пачуццём віны перад роднымі.