Дыялог аб духоўных і маральных каштоўнасцях адбыўся ў 11 лідскай школе. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы старэйшых класаў, педагогі і прадстаўнікі Праваслаўнай царквы, епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, настаяцель храма Усіх Святых протаіерэй Уладзімір Яроміч.
У ходзе сустрэчы Архіпастыр распавёў школьнікам пра свой шлях да Бога, падзяліўся цікавымі фактамі з біяграфіі, акцэнтуючы ўвагу падлеткаў на пытаннях сэнсу жыцця чалавека.
Дыялог з навучэнцамі закрануў такія важныя і значныя для жыцця кожнага чалавека пытанні, як выбар жыццёвага шляху, сямейных каштоўнасцей, шчырасці ва ўчынках, добрага стаўлення да тых, хто з намі побач, разумення, любові, міласэрнасці да навакольных, інфармацыйнай дакладнасці ў інтэрнэт-прасторы.
Падлеткі актыўна ўключаліся ў дыялог. У сваю чаргу іх цікавілі пытанні: для чаго створаны чалавек; як ім неабходна разумець Божыя запаведзі; у чым заключаюцца асаблівасці душы чалавека і чаму душа несмяротная; значэнне споведзі для кожнага з нас; што такое свабода выбару і як адрозніваць сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасці.
Сустрэча атрымалася вельмі душэўнай і адкрытай. Размова закранула сэрцы і душы падлеткаў.
Па заканчэнні сустрэчы епіскап Парфірый пажадаў дзецям Божай дапамогі ў вучобе і паднёс у дар ікону і кнігі духоўнага зместу.
На памяць аб сустрэчы гасцям таксама была падорана кніга, але кніга асаблівая і значная для Лідскай епархіі: “Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць”. Выданне, на старонках якога прадстаўлены шырокі матэрыял аб праваслаўных храмах Лідскага дабрачыння, выйшла ў свет у чэрвені 2021 года, як вынік працы ўстановы адукацыі ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэалізацыі сацыякультурнага кластара”.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9″ Б ” класа
сярэдняй школы № 11 г. Ліды.