Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
БУДЗЕ Ў НАШАЙ ХАЦЕ ЛАД

БУДЗЕ Ў НАШАЙ ХАЦЕ ЛАД

15 снежня 2021, 21:24 Культура, Навука 29
БУДЗЕ Ў НАШАЙ ХАЦЕ ЛАД

Як распавядаў сам Васіль Ліцьвінка, ён нарадзіўся ў лесе пад кажухом у саракаградусны мароз, калі немцы стаялі пад Масквой, – 7 снежня 1941 г. Сёлета вялі-каму беларускаму фалькларысту споўнілася б 80.

Палессе… Тут, у самым цэнтры, туліцца вёска Верхні Церабяжоў, што ў Столінскім раёне, а цераз рэчачку – Ніжні Церабяжоў. На берагах гэтай рачулкі і збі-раліся церабяжоўцы на Купалле, якое Васіль ведаў з дзяцінства. Усю ноч шугалі агні, хлопцы хадзілі з берасцянымі паходнямі… Васіль жывіўся культурай вёскі, яе святамі і нягодамі, песнямі і галашэннямі, радасцямі і турботамі. Праз некаторы час яго ўжо запрашалі з гармонікам на тутэйшыя вяселлі і вячоркі. Так і нараджаўся будучы фалькларыст. I было ж ад каго вучыцца! Першы ўніверсітэт фальклору Васіль праходзіў у народных прафесараў – бабкі Улляны ды дзядзькі Олека…

Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка прайшоў добрую школу жыцця. У дзяцінстве захоплена чытаў, часцяком пры свечцы на гарышчы, хаваючыся ад сясцёр, старэйшай – Жэні і малодшай – Ніны, спасцігаў таямніцы розных навук у сельскай школе роднага Церабяжова, пасля заканчэння якой настаўнічаў два гады. У 1961 г. Васіль паступіў на філфак БДУ, але прыйшла позва – і пяць гадоў службы на крэйсеры “Дзяржынскі” Чырванасцяжнага Чарнаморскага флота, на якім абышоў многія моры і акіяны і дзе асвоіў рэдкую для таго часу прафесію – звышхуткую радыёсувязь. Кідалі якар каля блізкіх берагоў – Балгарыі, і далёкіх – Інданэзіі, хадзілі ў звальненні ў гарады Варну і Джакарту. Гатовыя былі выканаць свой абавязак каля берагоў Кубы падчас Карыбскага крызісу.

Калі пасля службы ён вярнуўся працягваць вучобу на філфак, такіх спецыялістаў па звышхуткай сувязі ва ўсёй Беларусі, як ён распавядаў, было яшчэ трое. Таму на зборы маракоў-сувязістаў прызывалі ў Калінінград. З ліста 14.01.1975 г.: “Вось я і зноў служу. Мы ўчатырох – хлопцы з Салігорска, Койданава і Барысава (бацька чацвярых!!! дзяцей) – выехалі ў нядзелю ўвечар і раніцай былі ў Калінінградзе, знайшлі частку, і нас павезлі за 20 км ад Калінінграда. З намі яшчэ на зборах літоўцы – я ў іх камандзірам роты сувязі. Наогул, па ідэі, гэтыя зборы цікавыя, але, нажаль, мы патрапілі не на караблі, а ў тыл флота – забяспечвалі з берага караблі сувяззю”.

Потым была вучоба і праца ў Белдзяржуніверсітэце – 45 гадоў, аддадзеных навучанню і выхаванню нашага маладога пакалення. Стварыў сям’ю, нарадзіліся сыны.

Былі ўзнагароды, напрыклад, Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР, юбілейныя і памятныя медалі, ганаровыя граматы Белдзяржуніверсітэта (апошняя – за подпісам В. Стражава) і іншых устаноў, у тым ліку і міжнародных, напрыклад, з ГДР, Польшчы і г. д. Поспехі ў навуковай дзейнасці былі адзначаны прысуджэннем яму ў 1984 г. навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. Сабралася велізарная колькасць матэрыялу на доктарскую дысертацыю, аформіць якую з-за шматграннай практычнай дзейнасці так і не дайшлі рукі.

Мала хто памятае, што Васіль пасля службы на флоце, перавёўшыся на завочнае навучанне, захоплена ўзяўся за развіццё калектываў самадзейнасці БДУ, якія ўключалі тады харавую капэлу, аркестр народных інструментаў, танцавальны калектыў “Крыжачок”, эстрадны і духавы аркестры, драм-гурток.

Ніхто не можа аспрэчыць, што ў яго быў вялікі талент – талент арганізатара, як цяпер кажуць, менеджара. Калектывы  мастацкай самадзейнасці пад яго кіраўніцтвам за пяць гадоў аб’ехалі амаль усю еўрапейскую частку Савецкага Саюза: выступалі ў Маскве, Кіеве, Калінінградзе, Адэсе, Рызе, Вільні, Тарту, Гомелі і г. д. Удзельнічалі ў трох святах песні ў Прыбалтыцы. Бралі ўдзел ва ўсіх фэстах самадзейнасці ў Беларусі, выступалі ва ўсіх канцэртных залах г. Менска, атрымлівалі прызавыя месцы, граматы, узнагароды. У выніку, калектывы самадзейнасці БДУ “Крыжачок”, харавая капэла і аркестр народных інструментаў атрымалі званне народных, а ён, у 30 гадоў (!), – Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, пры ўручэнні якой апынуўся ў групе сівавалосых службоўцаў, умудроных шматгадовым досведам (у той час уладальнікі такой узнагароды маглі прэтэндаваць на вялікую палёгку – персанальную пенсію, якая ў некалькі разоў перавышала звычайную). Танцавальны ансамбль “Крыжачок” пачаў выступаць за мяжой. Усё гэта В. Ліцьвінка адлюстраваў у сваёй дыпломнай працы, прысвечанай станаўленню самадзейнасці БДУ.

Дзякуючы ўменню Васіля захапіць суразмоўцу, “ласкава яго запрасіць” ва ўніверсітэце ў тыя часы выступалі зоркі беларускай і расійскай, тады гэта называлася “савецкай”, эстрады, напрыклад, адбыўся першы канцэрт ансамбля “Песняры”, выступы Валерыя Абадзінскага, Эдуарда Хіля, сусветнай эстрады – Радмілы Караклаіч і Джорджу Мар’янавіча, балгарскай эстрады і іншых. Арганізоўваліся сустрэчы са знакамітымі артыстамі, напрыклад, Людмілай Хіцяевай.

Скончыўшы ўніверсітэт праз 10 гадоў пасля паступлення (5 гадоў марфлота і 5 гадоў вучобы), Васіль захапіўся тэхнічнымі сродкамі наву-чання і арганізаваў (філолаг!!!) пер-шую ў БДУ лабараторыю тэхнічных сродкаў навучання.

У 1981 г. ён прыняўся за стварэнне навукова-даследчай лабараторыі фальклору і дыялекталогіі, якую ўзначальваў амаль 25 гадоў – да 2005 года.

На пачатку 60-х гадоў XX ст. на філалагічных факультэтах Белдзяржуніверсітэта і ў педінстытутах былі ўведзены двухтыднёвыя вучэбныя і дыялекталагічныя палявыя практыкі, у межах якіх рэгулярна і сістэматычна запісваліся матэрыялы фальклору і традыцыйнай культуры.

Для каардынацыі ўсёй гэтай працы агульнанацыянальнага значэння ў 1981 г. Міністэрствам адукацыі Беларусі на філалагічным факультэце БДУ і была створана Навукова-да-следчая лабараторыя беларускага фальклору і дыялекталогіі, чатыры архівы якой цяпер, дзякуючы плённай шматгадовай дзейнасці В. Д. Ліцьвінкі, налічвалі:

рэгіянальны (усіх 118 раёнаў Беларусі) – больш за 4 млн тэкставых запісаў;

жанравы – усе сістэматызаваныя матэрыялы рэгіянальнага архіва;

аўдыёархіў – каля 500 тыс. запісаў мелодый і музыкі на розных, пераважна састарэлых, тыпах нось-бітаў;

відэаархіў – 233 відэафільмы аб усіх самабытных з’явах абрадава-святочнай культуры ў вялікай колькасці рэгіянальных варыянтаў (на жаль, на тэхнічна састарэлых відэакасетах).

На працягу больш як 20-гадовага існавання ў НДЛ беларускага фальклору БДУ паспяхова выкананы навукова-даследчыя работы “Фальклор Беларускага Палесся”, “Этналінгвістычнае даследаванне Беларускага Палесся”, “Рэгіянальная спецыфіка беларускага фальклору і яго месца ў адукацыі і культуры”, “Фальклор як сродак вучэбна-выхаваўчага працэсу”, “Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвой рэгіёнаў”, “Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ”. У выніку пры НДЛ паўсталі дзве навуковыя школы – рэгіянальна-арэальных даследаванняў і інтэрпрэтацыі фальклору.

НДЛ беларускага фальклору БДУ з’яўлялася калектыўным членам Міжнароднай арганізацыі па фальклоры ЮНЕСКА (ІОР) і актыўным членам яе камісіі рэгіянальнага даследавання фальклору. Архівы НДЛ улічваюцца ў працы камісіі, уключаны ў даведнік, які выйшаў з друку ў ЗША.

НДЛ беларускага фальклору актыўна ўдзельнічала ў правядзенні Міжнароднага сімпозіума ЮНЕСКА на Беларусі ў 2002 г. “Разнастайнасць моў і культур ва ўмовах глабалізацыі”, да якога НДЛ была перакладзена і выдадзена “Сусветная дэкларацыя культурнай разнастайнасці ЮНЕСКА” ад 2 лістапада 2002 года, якая адкрывала перспектывы працы НДЛ з дапамогай міжнароднай супольнасці. У лістападзе 2002 г. навукова-даследчая лабараторыя правяла Міжнародную навуковую канферэнцыю “Жыццесцвярджальнасць культуры славянскай цывілізацыі”, а ў красавіку Першая этналінгвістычная міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю расійскага акадэміка Мікіты Талстога, які шмат гадоў плённа супрацоўнічаў з НДЛ і стварыў Палескі архіў у Інстытуце славістыкі РАН. Цесная сувязь НДЛ з музыказназнаўцамі, інструменталістамі, харэографамі, кіраўнікамі большасці лепшых фальклорных калектываў Беларусі, метадыстамі па фальклоры аддзелаў адукацыі і культуры і шматлікімі іншымі практыкамі выкарыстання фальклору ператварылі яе ў навуковы цэнтр інтэрпрэтацыі фальклору, якой пасля Шырмы і Цітовіча ніхто на Беларусі не займаўся. З гэтай мэтай створаны штогадовыя Шыр-маўскія навуковыя чытанні і навукова-мастацкая студыя “Узроўні інтэрпрэтацыі фальклору”.

У розныя гады НДЛ былі арганізаваны тры вучэбна-метадычныя фалькларыстычныя школы для кіраўнікоў дзіцячых, маладзёжных і старэйшых вясковых фальклорных калектываў, якія стварылі лепшыя самабытныя калектывы ў розных рэгіё-нах Беларусі і падтрымліваюць сталыя навукова-творчыя сувязі са школай. НДЛ каардынаввала ўсю шматаблічную па формах, метадах, рэгіянальнай і мастацкай спецыфіцы, у тым ліку і сучасную мадэрновую ў рок-фольк-калектывах інтэрпрэтацыю фальклору на Беларусі, кансультавала арганізатараў шматлікіх святаў, дажынак, фальклорных фестываляў, конкурсаў, радыё- і тэлеперадач і многія іншыя формы выкарыстання фальклору ў сучаснай культуры. Кафедральныя фальклорныя архівы перараслі ў багатыя рэгіянальны і жанравы (у кожным каля 4 млн тэкставых запісаў), аўдыё- (больш як паўмільёна) і відэа- (больш як 200 відэафільмаў аб усіх найбольш самабытных з’явах абрадава-святочнай культуры) архівы НДЛ.

У розныя гады фальклорныя запісы склалі выдадзеныя Нілам Гілевічам фундаментальныя зборнікі “Песні сямі вёсак”, “Песні народных свят і абрадаў”, “Казкі і апавяданні беларусаў”, “Лірычныя песні”, “Лірыка беларускага вяселля”, “Замовы”. Уні-кальныя запісы на Палессі як адным з асноўных рэгіёнаў праславянскай радзімы, па словах акадэміка Мікіты Талстога “гэтым своеасаблівым запаведніку стараславянскай культуры”, склалі заснаваную Верай Захаравай серыю “Беларускі фальклор у сучасных запісах”, у якой выйшла 5 зборнікаў традыцыйнага фальклору Берасцейскай, Гомельскай і Менскай абласцей і асобна “Палескае вяселле”.

Кіраўнік НДЛ Васіль Ліцьвінка (1981-2005 гг.) у абароненай дысертацыі “Р. Р. Шырма – фалькларыст” і двойчы выдадзеным зборніку “Песня – душа народа” раскрыў асноўныя метадалагічныя прынцыпы выкарыстання фальклору ў сучаснай адукацыі і культуры, а фальклорны калектыў БДУ “Тутэйшая шляхта” пад яго кіраўніцтвам паспяхова выканаў на працягу 2000-2002 гг. навукова-даследчую працу “Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ”.

Рыгор Шырма стаў для Васіля Ліцьвінкі своеасаблівым узорам сапраўднага рупліўца-збіральніка і захавальніка скарбаў, створаных народам. У ягоным рабочым кабінеце вісеў партрэт Рыгора Шырмы, і гэта сімвал працягу традыцый, наследавання, пераемнасці.

Другое імя, якое высока ўзняў Васіль Ліцьвінка ў сваіх даследваннях – гэта Ян Чачот. Беларускі гістарычны эпас Яна Чачота не мог застацца па-за ўвагай навукоўца такога ўзроўню. У 2004 годзе выйшла кніга: Васіль Ліцьвінка “Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года”. Гістарычны эпас беларусаў. У кнізе не толькі пададзены ўсе 55 балад Яна Чачота ў перакладзе Кастуся Цвіркі і Стані-слава Судніка, а пададзены з нотамі. Дзякуючы неўтаймоўнай энергіі Васіля Ліцьвінкі, былі задзейнічаны многія кампазітары, і ўсе балады былі пакладзены на музыку. 

В. Д. Ліцьвінка ў межах сваёй лабораторыі заўсёды працаваў у найбольш перспектыўных кірунках сучаснай фалькларыстыкі, такіх як:

арэальнае даследаванне фальклору, які існуе ў аўтэнтычным выглядзе толькі ў рэгіянальнай мастацкай шматвобразнасці і бясконцай варыянтнасці: толькі ў гэтым сэнсе з’яўляецца самацэнным, а таму можа быць фінансаваны з мясцовых бюджэтаў;

адукацыйна-культуралагічная інтэрпрэтацыя фальклору як ас-новы этнічнай і традыцыйнай культуры народа, яго свят і абрадаў, эстэтыкі побыту, менталітэту, высокай маралі, прыроднай філасофіі, асновы літаратуры і прафесійнага мастацтва, вызначэння самабытнасці яго культуры сярод славянскіх і індаеўрапейскіх народаў;

даследаванне ўзроўняў інтэрпрэтацыі фальклору ў адукацыі і культуры; аналіз форм і метадаў выкарыстання фальклору ў разнастайных узроставых (дзіцячых, маладзёжных і студэнцкіх, старэйшых), вясковых і гарадскіх, рознанацыянальных і некаторых іншых фальклорных калектывах;

стварэнне методыкі перанясення на сцэну песеннага, інструментальнага і харэаграфічнага фальклору;

выкарыстанне фальклору пры правядзенні свят і абрадаў, рэгіянальных і агульнанацыянальных фестываляў і знамянальных падзей;

вывучэнне знешняга і ўнутранага фалькларызму ў творах літаратуры і прафесійным мастацтве;

інтэрпрэтацыя фальклору ў опернай, тэатральнай і харавой творчасці; даследаванне дзейнасці рок-фолькгуртоў;

аналіз форм і мастацкіх узроўняў інтэрпрэтацыі фальклору ў друку, перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні.

Васіль Дзмітрыевіч аб’ездзіў у пошуках пярлін народнай творчасці шмат запаветных мясцін Беларусі, але асабліва цікавіла яго роднае Палессе. Менавіта там адшукаліся вельмі рэдкія матэрыялы. Так, сенсацыяй у вучоным свеце стала тое, што Васіль Ліцьвінка запісаў унікальны абрад радзімічаў “Ваджэнне і пахаванне стралы”, а таксама не менш старажытны – “Ваджэнне куста”. I падобных рарытэтаў у архіве фальклорных твораў, сабраных ім, студэнтамі і выкладчыкамі БДУ, надзвычай многа.

Значнымі этапамі ў выву-чэнні Палесся былі Міжнародныя навуковыя канферэнцыі “Комплексyае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся”. ІІ канферэнцыя прайшлда ў Менску 14-15 красавіка і была прысвечана 220-годдзю яшчэ аднаго вялікага беларуса Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага (Адама Чарноцкага).

Дзейнасць В. Ліцьвінкі як кіраўніка НДЛ беларускага фальклору прадоўжыла вяртанне запісаных матэрыялаў у навукова-мастацкую практыку выданнем 18 фальклорных зборнікаў і штогадовай публікацыяй каля 50 друкаваных аркушаў фальклорных матэрыялаў, з 1994 года – “Календара свят і абрадаў беларусаў”, больш як сотні навуковых артыкулаў, матэрыялаў і тэзісаў, метадычных матэрыялаў да каляндарных і абрада-вых свят. Ліцьвінка ўдзельнічаў у папулярызацыі фальклору ў перыядычным друку, радыёклубе “Фальклор”, фальклорных праграмах тэлебачання. З 1987 па 2002 год ён – вядовец адной з самых папулярных і даўгавечных тэлепраграм “Запрашаем на вячоркі”.

Ён быў душой гэтых праграм, настолькі гарманічна ўпісваўся ў іх стылістыку сваёй натуральнай манерай паводзінаў перад камерай, ладам гаворкі, абліччам, нават самым што ні на ёсць беларускім прозвішчам, што здавалася, нібыта ён сапраўды гасцюе і вядзе рэй на вяселлі, провадах у армію або ў калядаванні. Васіль Дзмітрыевіч сядзеў воддаль ад выканаў-цаў і, здавалася, спакойна назіраў за танцамі і спевамі, не ўмешваўся ў работу кіраўніка ансамбля. Але потым тактоўна папраўляў-падказваў, як зрабіць лепей. I ў выніку кожная з перадач была іншай, не падобнай на папярэднія, кожная адкрывала нешта новае і адгукалася ў душы гледачоў, нягледзячы на тое, што не заўсёды яны бачылі абрады і святы, якія бытуюць менавіта ў іх мясцовасці.

Асабісты ўклад навукоўцы таксама значны – больш як 200 друкаваных прац. Адно пералічэнне асноўных выданняў гаворыць само за сябе: “Зімовыя святкі”, “Веснавыя святы і абрады” (1995), “Калыханкі і забаўлянкі” (1992), “Дзіцячы спеўнік” (1994). У суаўтарстве – “Песня на ўсё жыццё” (1983), “Слова міма не ляціць” (1985), “Песні і строі Піншчыны” (1994). А кніга “Святы і абрады беларусаў” за кароткі час вытрымала ў выдавецтве “Беларусь” тры перавыданні. Такое не часта бывае. Акрамя таго, штогод з 1994 г. В. Ліцьвінка рыхтаваў і выпускаў папулярны насценны “Каляндар свят і абрадаў беларусаў”.

Васіль Ліцьвінка хацеў, але не паспеў стварыць Рэспубліканскі фальклорна-камп’ютарны цэнтр і перавесці недаўгавечныя аўдыё- і відэазапісы на электронныя носьбіты, каб перадаць нашчадкам усё прыгожае, што стварылі нашы продкі: Вялікдзень і Дзяды, Зялёныя святкі і Купалле, Дажынкі, Каляды, Шчодрык, Радзіны, Вяселле.

І, калі ён сышоў 12 ліпеня 2007 г. за межы дасяжнага, прырода рыдала трапічным ліўнем, дарогі не было відаць, калі, выконваючы апошні наказ, везлі яго на радзіму ў вёску Верхні Церабяжоў. Лівень ішоў увесь дзень, усю ноч, калі сядзелі каля труны, і ўсю раніцу наступнага дня. А калі трэба было яго хаваць, дождж раптам скончыўся, як нажом адрэзала, выйшла сонца, і Зямля прыняла яго золатам чыстага пяску ля падножжа прыгажуні хвоі, побач з бацькамі, бабуляй, сябрамі дзяцінства.

У 2012 годзе з ініцыятывы жонкі, доктара навук Наталлі Ліцьвінкі НАН Беларусі выдала кнігу: Васіль Ліцьвінка “Крыніца народнай мудрасці”. З Літаратурнай спадчыны.

Васіль Ліцьвінка быў шчырым сябрам ТБМ і “Нашага слова”, амаль што няштатным супрацоўнікам. Ён любіў казаць: “Будзе ў нашай хаце лад”. І ён будзе, мы яго зробім, бо ў нас былі такія папярэднікі.

Паводле Наталлі Ліцьвінкі, Алеся Лозкі, Міхася Кенькі і кнігі “Крыніца народнай мудрасці”.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Далучайцеся да нас