Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У цэнтры ўвагі – першы пераклад Бібліі на беларускую мову

У цэнтры ўвагі – першы пераклад Бібліі на беларускую мову

14 снежня 2021, 23:00 Грамадства, Навука 68
У цэнтры ўвагі – першы пераклад Бібліі на беларускую мову

1 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся круглы стол “Беларускія пераклады Бібліі”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел лінгвісты, выкладчыкі, выдаўцы, тэолагі, багасловы, прадстаўнікі царквы і духавенства розных канфесій, а таксама спецыялісты, зацікаўленыя ў пытаннях перакладу Бібліі на беларускую мову. Гэтае мерапрыемства з’явілася сваеасаблівым адвэнтавым аглядам беларускай біблеістыкі.

У межах круглага стала адбыліся: прэзентацыя факсімільнага выдання першага перакладу біблейскай кнігі на сучасную беларускую мову (“Паводле Лукі Святое Евангелле”), якое выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прэзентацыя перакладу Евангелля, які выканаў брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч ( першае выданне – 2021 г.), цырымонія перадачы рукапісаў перакладу Бібліі Уладзіслава Чарняўскага ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі. У пачатку мерапрыемства гучала скрыпка, якая раней належала Лукашу Дзекуць- Малею. Удзельнікам круглага стала была прадстаўлена выстава каштоўных дакументаў па гісторыі перакладаў Бібліі на беларускую мову.

На імпрэзе прысутнічалі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, ксёндз-канонік доктар Ян Крэмез, намеснік старшыні праўлення Біблейскага Таварыства ксёндз Францішак Рудзь, пастар Алег Габрусевіч, пастар Антоні Бокун, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, прафесар М. Прыгодзіч, доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая і іншыя. Мерапрыемства прайшло ў фармаце дыскусіі экспертаў. Кандыдат гістарычных навук Андрусь Унучак распавёў пра евангелізацыйную дзейнасць Лукаша Дзекуць-Малея ў 1926-27 гадах на Палессі. Пастар Антоні Бокун падзяліўся ўспамінамі пра кс. Уладзіслава Чарняўскага.

У  форме віртуальнага падключэння  ў круглым стале ўзяў удзел уплывовы тэолаг Ёханес Райнер, які засведчыў, як пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы ў Еўропе спрыялі сацыяльнаму развіццю і дэмакратызацыі ў грамадствах. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што кс. Уладзіслаў Чарняўскі і пастар Лукаш Дзекуць- Малей як перакладчыкі Бібліі на беларускую мову стаяць у адным шэрагу з Францішкам Скарынам.

Прафесар З. К. Прыгодзіч падкрэсліў, што міжканфесійная дыскусія спрыяе фарміраванню сучаснага моўнага “канфесійнага стылю”, а кс. Францішак Рудзь прызнаў, што ўзаемадзеянне ду-хоўных асобаў і прадстаўнікоў гуманітарных навук спрыяе развіццю багаслоўскай думкі ў Беларусі.

Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла падаравалі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кнігу “Мяне заўсёды ратавала вера…”, у якой прадстаўлены ўспаміны святароў, свецкіх асоб і дзеячаў культуры аб жыцці кардынала Казіміра Свёнтка. Кардынал зрабіў значны ўнёсак у развіццё літургіі на нацыянальнай мове, пакінуўшы заўважны след у гісторыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй нашай краіны.

 

Падрыхтавала

Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5447
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

31 ліпеня 2020, 19:5417
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2616
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Далучайцеся да нас