РАСПОВЕД ПРА ВЯДОМЫХ БЕЛАРУСКІХ ЛІТАРАТАРАЎ-ЗЕМЛЯКОЎ ІВАНА МЕЛЕЖА і ПАЎЛЮКА ПРАНУЗУ
МЕДАЛЬ ЖУКАВА
Усё часцей і часцей настойліва і небезвынікова турбую я свой багаты хатні літаратурны архіў. Апошнім разам адкапаў у ім запісы размоў з вядомым дзіцячым пісьменнікам і паэтам Паўлам Кузьмічом Пранузам. Адна з тых незабыўных гутарак адбылася на пачатку 1996 года на першым паверсе Дома друку. Тагачасны гора-рэдактар Яўген Сямашка, па ініцыятыве сваіх намеснікаў, прыблуды Альберта Страпчага і былога сябрука-беларуса Віктара Леганькова, за чатыры гады да гэтага зняў мяне з пасады адказнага сакратара і прызначыў загадчыкам аддзела навукі, культуры і экалогіі “Белоруской нивы”, у якую, і сёння не разумею, з якога перапуду, перайменавалі шырока вядомую ў свой час “Сельскую газету”, дзе я пяць гадоў адпрацаваў “начальнікам штаба”. Дзякуй Богу, у 2014-м назву аднавілі. У аддзел, дзе я быў сам сабе начальнікам, і прыходзіў Паўлюк Кузьміч, якому было тады ўжо… 78! Ён нарадзіўся 18 сакавіка 1918 года ў вёсцы Вылева цяпер Добрушскага раёна. Стаў, дарэчы, адным з трох паэтаў (яшчэ Мікола Федзюковіч і Браніслаў Спрынчан), якія рэкамендавалі мяне калісь у Саюз пісьменнікаў.
У той светлы студзеньскі дзень згаданага вышэй 96-га Кузьміч прывычна дастаў з папкі не толькі нізку вершаў, але і… медаль Жукава. Гэта была дзяржаўная ўзнагарода Расіі, прымеркаваная да 100-годдзя з дня народзінаў маршала. Прымаючы маё шчырае віншаванне, яе ўладальнік ўспомніў восень 44-га, калі яго адпусцілі з вайсковай часткі на некалькі дзён у Добруш да бацькоў. Па дарозе дадому франтавік спыніўся ў Менску, які ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыў за год да пачатку фашысцкай навалы. Тады Міхась Лынькоў запрасіў яго на курсы маладых пісьменнікаў, ён пачаў друкавацца ў добрушскай райгазеце ў 36-м. А ўжо летам 41-га выпускнік філфака Гомельскага педінстытута апынуўся ў зенітна-артылерыйскай дывізіі на Бранскім фронце і праслужыў там усю вайну, да пераможнага салюта. “Як сведчаць дакументы, – успамінаў ён, – усяго наша дывізія прайшла за 911 дзён і начэй вайны 5170 кіламетраў, збіла 504 самалёты”.
СПЫНІЎСЯ Паўлюк у 44-м у Менску – і не пазнаў сталіцу. Балюча, невыносна было глядзець на зруйнаваны горад, у якім захопнікі стварылі дзевяць лагераў і яўрэйскае гета, дзе знішчылі больш за 400 тысяч чалавек. Ад вакзала рушыў пешаком да Дома друку, у якім у 42-м набралі першы нумар падпольнай “Звязды”. Падняўся на трэці паверх, зайшоў у адзін з пакояў і, нібы на фронце, акунуўся ў сіне-чорны дым. У куце палілася “буржуйка”, а за сталом сядзеў чалавек у цёмным паліто і шэрай шапцы. Ён хуценька ўзняўся і падышоў да салдата, працягнуў яму сваю цвёрдую руку і пачціва прамовіў:
– Міхась Клімковіч, галоўны рэдактар выдавецтва. Можа, што прывезлі нам з фронту?
На вялікі жаль, былы настаўнік, першы старшыня створанага ў 1934-м Саюза пісьменнікаў Беларусі, пражыў усяго 54 гады. У канцы 1936-га яго абвінавацілі ў сувязях з “трацкістамі і нацдэмамі”, і ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам – перарэзаў сабе горла…
З дазволу гаспадара, які зусім нядаўна напісаў словы да песні Нестара Сакалоўскага “Мы, беларусы”, якую ў 55-м зацвердзілі Дзяржаўным гімнам БССР, Паўлюк асцярожна прысеў і выцягнуў з кішэні шыняля пацёрты сшытак з вершамі. Поту за тыя паўгадзіны, цягам якіх Міхась Мікалаевіч чытаў напісанае, сышло не менш, чым за іншы напружаны бой. Ад канчатковага прысуду мэтра быў шчаслівы: “Пакіньце, калі ласка, усё гэта нам. Скажу вам шчыра, што можа нарадзіцца добры зборнік!”.
Так яно пасля і атрымалася. У 46-м паэт трымаў у руках сваю першую кніжку “Разгневаная зямля”, рэдактарам якой стаў сам Клімковіч, які разам з Петрусём Броўкам рэкамендаваў яго ў Саюз пісьменнікаў. Праз пяць гадоў убачыў свет другі зборнік вершаў – “Добрай раніцы”. У сваім артыкуле “Паэзія, якая ратуе ад кулі і лагераў”, надрукаваным у сакавіку 2018-га да 100-годдзя з дня нараджэння Пранузы, Васіль Дранько-Майсюк адзначаў: “Калі чытаеш яго першыя кнігі, то ўзнікае ўражанне, што жыве ён не ў сталінскую эпоху, а з паэтамі “ўзвышаўцамі” дзіньдзівірыць, натхнення набіраецца. А затым – бах! Складае незвычайны, фантазійны верш пра тое, як нямецкі “Тыгр” душыць Белавежскую пушчу (які кінематаграфічна-востры вобраз!), каб затым быць знішчаным нашай артылерыяй. Пасля гэтай па-казачнаму слаўнай перамогі:
Зялёнымі далонямі дубняк
Заапладыраваў,
а рэха не змаўкала.
Лось выскачыў
з абпаленых кустоў,
Спіну падставіў
сонечным праменням.
Не бачыў лес яшчэ такіх звяроў,
І лось глядзеў
на “Тыгра” са здзіўленнем”.
(“У Белавежскай пушчы”).
Затым выйшлі кніжкі “У далёкім раёне”, “Калі верыш”, “Родныя мясціны”, “Дзе вясны пачатак”, “Ручаёк”, “Вясновыя тэлеграмы” ды іншыя. Яны адрасаваліся як дарослым, так і дзецям.
Цягам нашага сяброўства Кузьміч часта звяртаўся ў сваіх творах менавіта да ваеннай тэмы. Яна ўвайшла ў ягоныя душу і сэрца разам з самім франтавым маршрутам – Курская дуга, вы-зваленне Беларусі і Польшчы, узяцце Берліна:
Не экскурсантам, а салдатам,
Абпаленым агнём баёў,
З гранатамі ды аўтаматам
На дах рэйхстага я ўзышоў.
Глядзеў на ўсход я ў задуменні,
Здалёку бачыў родны край:
Палеткі ў зелені вясенняй,
Свой Гомель, па-над Сожам гай.
Як самыя дарагія рэліквіі, ён зберагаў і захоўваў ордэны Славы III ступені і Айчыннай вайны II ступені, шматлікія медалі. А яшчэ – пажоўклыя ад часу выданні са сваімі надрукаванымі ў іх вершамі. Адна з армейскіх газет была прастрэлена варожай куляй… Аднойчы атрымаў ад Кузьмы Чорнага, які пражыў толькі 44 гады, газету “Савецкая Беларусь”, дзе быў надрукаваны ягоны верш “Помста заве”:
Нас цалавалі ад душы,
Аж шчокі пурпурам гарэлі,
Ішлі на рукі малышы,
Іх сагравалі мы ў шынелях.
Я рад – бязвусага мяне
Дзяўчынка ахрысціла – тата,
У сэрцы узмацніўся гнеў,
Расла свяшчэнная расплата.
Кузьма Чорны, які ўдзельнічаў у выданні газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” і працаваў над раманамі “Вялікі дзень”, “Пошукі будучыні” і “Млечны Шлях”, пісаў аўтару: “Дбайце аб чысціні роднай мовы. Жадаю вам хутчэй быць на роднай вызваленай зямлі”. Прануза і сам меў дачыненне да сатырычнага выдання для партызанаў і насельніцтва, у якім друкаваўся.
Своеасаблівым водгукам на параду і пажаданне аднаго з найлепшых майстроў роднага слоаа стаў верш “Мова”, радкі з якога я ў хуткім часе з дапамогай аўтара занатаваў:
Яе тапталі, засыпалі друзам,
Заложніцай трымалі пад замком,
Скарына заставаўся беларусам,
Быў Каліноўскі нашым маяком.
Яна жыла і сілы набірала,
Звінела непадкупнаю струной,
Яе люлялі Колас і Купала,
І Багдановіч заспяваў на ёй…
ГАНАРАР ГІЛЕВІЧА
Любоў да роднай мовы Ганаровы грамадзянін Нясвіжа Павел Кузьміч Прануза прывіваў усё сваё доўгае, на шчасце, жыццё, ён пражыў 88 гадоў, сваім удзячным вучням. Пасля вайны выкладаў спачатку ў Нясвіжскім педвучылішчы, а пасля – у Нясвіжскай сярэдняй школе № 3. За дасягненні ў плённай выхаваўчай працы атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.
АДНЫМ з першых, хто павіншаваў яго з гэтай узнагародай быў Ніл Гілевіч, з імем якога звязаны дзіўна-цікавы выпадак у маёй журналісцкай практыцы. Калі б не Павел Кузьміч – не ведаю, чым бы ўсё для мяне ў выніку скончылася. А здарылася вось што. Да 60-годдзя першага на той момант, як ён сам лічыў, паэта Беларусі мне трэба было падрыхтаваць для газеты адпаведнае інтэрв’ю. На немалое здзіўленне, Ніл Сымонавіч адразу ж пагадзіўся: “Я ў гэтым плане нікому не адмаўляю, у тым ліку і паважанай мною газеце для вяскоўцаў. тым болей, як ведаеце, сам з вёскі. Прыходзьце з падрыхтаванымі пытаннямі праз два дні апоўдні да мяне дамоў”. Гаварылі мы ў шыкоўнай кватэры майстра шмат пра што. У выніку нарадзілася размова пад назвай “Я прысягнуў на вернасць Беларусі”, якую суразмоўца ўважліва, да апошняй кропкі, вычытаў і сказаў:
– Знакі прыпынку паўсюдна абавязкова пакіньце мае. І, па-жадана, надрукаваць не ў сам дзень нараджэння, а дні за два-тры да яго. Прачытаюць, успомняць ды павіншуюць.
Я так і не зразумеў, ці то жартам гэта гаварылася, ці то ўсур’ёз… У рэшце матэрыял быў надрукаваны пад рубрыкай “Імёны” ў нумары “Белорусской нивы” за 28 верасня 1996-га – за два дні да юбілею, як і жадалася.
Я атрымаў адпаведны ганарар, і мы з Кузьмічом пачалі замочваць публікацыю, якая аказалася па выніках месяца ў ліку лепшых, проста ў маім працоўным кабінеце, што было тады звычайнай справай. Не паспелі з’есці і паловы першых бутэрбродаў, як у дзверы пастукалі. Спачатку звычайна, прывычна, затым настойлівей, а пасля зусім ужо настойліва! Нічога не заставалася, як хуценька ўсё схаваць ды адчыніць.
На парозе стаяў… узрушаны Ніл Сымонавіч:
– Я толькі што з вашай бухгалтэрыі, дзе вы падзелі мой ганарар?!
Ад нечаканасці Прануза ледзьве не падавіўся кавалачкам бутэрброда, а я аслупянеў – упершыню за ўвесь час працы па ганарар прыйшоў суразмоўца! Справа ў тым, што плаціць яму грошы – такой практыкі проста ніколі не было. Але я пачаў тлумачыць Гілевічу, што атрымаў усю суму адзін, каб з яе менш вылічылі, і гатовы аддаць яму палову вось прама цяпер. Але ён і слухаць ні пра што не хацеў:
– Які кабінет у рэдактара, пайду да яго разбірацца, я хачу распісацца ў ведамасці!
І тут свой выратавальны голас падаў Кузьміч, які літаральна ўпрасіў народнага паэта супакоіцца і мірна, па-сяброўску, вырашыць пытанне. Прапанаваў Гілевічу чарку, ад якой ён гэтак жа хутка, як і пагадзіўся на інтэрв’ю, адмовіўся – ціск, сэрца… Але ж, нікуды больш не пайшоў, вымавіў:
– Ну, дзякуйце Пранузу, я яго вельмі паважаю, – і развітаўся.
СУМЛЕННЕ МЕЛЕЖА
Мы працягвалі абедаць, потым вячэраць. Павел Кузьміч расказаў мне шмат невядомага пра свайго гомельскага сябра-земляка Івана Мележа. З першых дзён вайны будучы аўтар вядомай трылогіі апынуўся на фронце. Ваяваў пад Уманню, Нікалаевам, Сінельнікавам, Растовам, Лазавой. У адным з жорсткіх баёў 42-га быў моцна паранены, і на фронт болей не вярнуўся. На бальнічным ложку ў шпіталі Тбілісі напісаў верш “Мы ноччу пакідалі вёску”:
Той ноччу, азірнуўшыся з пагорка
На вёску, што за намі, ў тую ціш,
Зазналі мы, як адступленне горка,
Як цяжка пераможаным ісці.
Мы йшлі, забыўшы голад,
ледзь ступалі,
Ад зморы, ад бяссілля, ад бяды.
І раненыя раны забывалі,
І не прасілі ласкі і вады.
– Звярні ўвагу, – казаў мне Кузьміч, прачытаўшы верш, – якая суровая ў гэтых радках праўда вайны, колькі ў іх болю, адчаю і жалю… .
Я тады прапанаваў былому франтавіку напісаць успаміны пра свайго слыннага земляка, на што ён пагадзіўся і зрабіў гэта ў выглядзе артыкула “Незвычайныя сустрэчы”, прысвечанага 75-годдзю Івана Паўлавіча, які быў надрукаваны ў “Белорусской ниве” 7 лютага 1996-га, праз 20 гадоў пасля ягонай смерці, якая напаткала пісьменніка ў 55…
У пачатку лютага 1971-га Пранузу выклікалі тэлеграмай у Саюз пісьменнікаў.
– Калі я зайшоў у памяшканне, – распавядаў ён, – сакратарка паведаміла, што мяне жадае бачыць Іван Паўлавіч. Я зайшоў і пачуў:
– Вось і добра, што ты прыехаў з Нясвіжа. Мне хутка споўніцца палціннік. Вечарына адбудзецца ў рэстарацыі “Беларусь”, і я цябе шчыра на яе запрашаю. Склікаю сваіх дарагіх землякоў, буду чакаць!
– На ўрачыстаць, – працягваў Кузьміч, – сышлося шмат пісьменнікаў, супрацоўнікаў газет і часопісаў. Кожны па-свойму віншаваў юбіляра, уручаў адмысловы падарунак. Крыху спазніўся Рыгор Барадулін. Ён хуценька ўбег у залу і накіраваўся да гаспадара “балю”. На далоні паэта ганарова сядзеў новенькі лапаць, у якім красаваўся прыгожы чырвоны яблык. Імяніннік і прысутныя былі ўражаны і сустрэлі незвычайную імпрэзу працяглымі воплескамі.
Перад тым, як разыходзіцца, юбіляр паклікаў Хведара Жычку, Міколу Гамолку, мяне, Яна Скрыгана, Алега Лойку і прапанаваў паехаць на чыгуначны вакзал. Марозным світанкам мы былі ў Гомелі. Праз вокны вагона ўбачылі на пероне дзяўчат у беларускіх нацыянальных строях з букетамі кветак у руках. Цягнік прыпыніўся. Нягледзячы на ўсе ўгаворы, Мележ пакінуў вагон апошнім, чакаў, покуль атрымалі кветкі мы. Гасцінна сустрэлі імянінніка і землякі роднай вёскі Глінішча, і студэнты педінстытута, і супрацоўнікі абласнога тэлебачання.
Хутка сябры сустрэліся зноў, у Кактыбелі на пляжы. Мележ быў у захапленні ад надвор’я, клімату і цёплага мора. Але дзён праз пяць падышоў да Пранузы з сумнаватым тварам і паказаў яму паперку:
– Вось глядзі, Паўлюк, Саюз пісьменнікаў просіць далучыцца да брыгады ў Сібір. Як ты думаеш, ці варта з маім здароўем ехаць?.. Да таго ж, тут са мной і жонка, і дачка.
Прануза не ведаў, што і адказаць. Але добра ведаў іншае: Мележ – чалавек абавязку, сумлення і вернасці сваім таварышам. Таму знаў, які выбар, незалежна ад яго адказу, зробіць Іван Паўлавіч.
– Разумееш, – сказаў ён ціха, – не магу, не маю я ма-ральнага права ім адмовіць, – і яны развіталіся. А літаральна праз тыдзень Паўлюк убачыў у “Літаратурцы” здымак пісьменнікаў, сярод якіх быў і Мележ.
Па словах Пранузы, Іван Паўлавіч вельмі любіў моладзь, якая прыходзіла ў родную літаратуру. Калі ў Саюзе пісьменнікаў праходзіў сход, ён запрашаў да сябе ў кабінет паэтаў ці празаікаў з абласцей, у ліку якіх былі, да прыкладу, Аляксей Пысін, Васіль Матэвушаў, Міхась Данілёнак… Цікавіўся іх творчасцю і клопатамі, даваў пры неабходнасці парады, дапамагаў выйсці на выдавецтва ці часопіс.
Светлай памяці Івана Паўлавіча Паўлюк Прануза прысвяціў такія свае радкі:
Сцяжынкі. Дарогі. Дарогі.
Бацькоўскае поле. Лугі.
Цябе яны помняць малога.
Ты стаў ім навек дарагі.
Смуткуюць яліны, бярозы,
Што вабілі сілай, красой,
Сам бачыў: з іх капалі слёзы
Празрыстаю цяжкай расой.
Калыска Палесся люляла
Твае маладыя гады.
І чуў я, як Прыпяць рыдала,
Што болей не прыйдзеш сюды.
Не бачна балотных туманаў,
Над краем – празрыстая сінь.
Пачуеш прыгожае – Ганна
І звонка-густое – Васіль.
Ты ўзняўся высока ў аблокі,
Мы рады тваёй вышыні,
У нашыя сэрцы глыбока
Пусціў сваіх дум карані.
Многія маладыя празаікі і паэты выхоўваліся на творах Івана Мележа і Паўлюка Пранузы, якія засявалі душы беларусаў дабрынёй, спагадай і годнасцю, за што я выказваю ім ад нас усіх вялікую падзяку.