Бачыце цымбалы, а пад імі дуду на сцяне Музея Івана Луцкевіча ў Вільні? Нехта скажа – “Гэта можа быць што заўгодна”. Можа і так. Але давайце зірнем на верш паэта Міхася Машары з цыклу “Падарожжа” (“Родны край”, 25.03.1933), напісаны з нагоды наведвання музея.
XVII
Пакой другі… На першым пляне,
На столе лапці і гаршкі
(Хаця і сёньнека сяляне
Яшчэ ад лапцяў не ўцяклі).
Там на сьцяне дуда, цымбалы
Спакойна ціхімі вісяць;
Іх час прайшоў,
І сэрцаў сьмелых і удалых
Яны ўжо больш не весяляць.
Вершаваную справаздачу з наведвання музея Міхася Машары пацвярджае таксама польскі часопіс Сігналы (Sygnaly nr. 75 за 1939), які змясціў дакладнае апісанне калекцыі беларускага музея Івана Луцкевіча. З публікацыі даведваемся, што апрача дуды, колавай ліры і цымбалаў, у калецыі музея былі таксама жалейкі, рагі і пастушыныя трубы. Іх дарэчы таксама бачна на старым фотаздымку аднаго з пакояў музея.
Дуда з Беларускага музея ў Вільні – гэта тая самая дуда, якую Ігнат Буйніцкі падарыў дырыжору Міхалу Рагоўскаму пасля заканчэння сімфанічнага канцэрту кампазітара і дырыжора ў Вільні (12 лістапада, 1910 г.). Калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то ахвяраваў падораныя інструменты (апрача дуды рэдакцыяй “Нашай Нівы” кампазітару была падораная таксама колавая ліра) у фонд калецыі Івана Луцкевіча. У 1921 годзе тыя зборы сталіся часткай Беларускага музея ў Вільні. Дуда была страчана ў канцы 1944 года падчас ліквідацыі Беларускага музея ў Вільні. Многія экспанаты чакаў незайздросны лёс. Праз некалькі дзён пасля арышту апошняга дырэктара Янкі Шутовіча, быў прызначаны новы дырэктар – Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР кандыдат навук К. Мякас. У склад камісіі ад БССР уваходзілі людзі адарваныя ад беларускай культуры. Камісіі падзялілі ўвесь збор на чатыры часткі. Гэтая працоўная група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага (летувіскага) і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве… Беларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася выключна беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў. Большасць экспанатаў засталася ў Літве, або трапіла ў Маскву. Некаторыя экспанаты ўсё ж трапілі ў Беларусь. Напрыклад колавая ліра (падораная Рагоўскаму) 1809 года, якая трапіла ў збор Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе.
Савецкая прэса ўмудрылася прадстаўляць вяртанне часткі калекцыі як “Дар беларускаму народу” ад “Кіраўніцтва Літоўскай ССР”…
Некаторыя ж экспанаты былі незваротна знішчаны, як драўляныя гербы гарадоў, зробленыя Язэпам Драздовічам. Па словах тагачасных работнікаў музея, іх проста загадалі спаліць.
Насуперак маім ранейшым меркаванням дуда Ігната Буйніцкага, дзякуй Богу, знішчана не была. Нядаўна наткнуўся на яе ў адной з новых літоўскіх публікацый. Дуда захоўваецца, як і многія іншыя дуды з нашага рэгіёна, у фондах літоўскага музея пад нумарам LNM EM95. Як і многія іншыя дуды, яна прадстаўленая ананімна, без інфармацыі пра беларускі музей Івана Луцкевіча. Аднак сувязь з музеем пацвярджае несціральны надпіс на мяху дуды “Беларускі музэй. Le Musee Blancruthenien а Vilna” (“Беларускі музей ў Вільні” – па французску).
Такім чынам Ігнат Буйніцкі сімвалічна вяртаецца да нас у 160-годдзе з дня свайго нараджэння. Цяпер агульнымі намаганнямі трэба падбаць яшчэ пра тое, каб на свет з’явілася і нашая ўласная копія гэтай дуды. Папярэдне яе пагадзіўся зрабіць майстар Сяргей Чубрык, якія ўжо выканаў таксама іншыя копіі дуд з Глыбоцкага краю – “Глыбоцкай дуды” (экспануецца ў Глыбоцкім гістарычна-этнаграфічным музеі) з вёскі Верацеі і рэплікі дуды з паштоўкі з дударом з Дзісенскага павета.
Віталь Воранаў.
Фота з архіва Сяргея Чубрыка.