Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі. Як бачаць і разумеюць сітуацыю з мігрантамі немцы

Навіны Германіі. Як бачаць і разумеюць сітуацыю з мігрантамі немцы

1 снежня 2021, 20:53 У свеце 21
Навіны Германіі. Як бачаць і разумеюць сітуацыю з мігрантамі немцы

Уцекачы, якія сабраліся на беларуска-польскай мяжы, называюць канчатковай мэтай свайго падарожжа ФРГ. У самой Германіі таксама шмат гавораць пра падзеі, якія разгортваюцца на ўсходніх межах ЕС – абмяркоўваюць гэта і палітыкі, і абывацелі.

Стаўленне немцаў да драмы, сведкамі якой стаў у апошнія тыдні ўвесь свет, вызначаецца траўмай, якую іх краіна перажыла 6 гадоў назад. Тады гэта адчувалася катастрофай, але, да шчасця, ёй не стала. Што ж бачаць і як разумеюць падзеі на цывілізацыйных межах немцы?

На дварэ толькі лістапад, а Германія ўжо патроху апускаецца ў шчаслівую перадкалядную мітусню: на вуліцах і плошчах гарадоў разгортваюцца святочныя кірмашы, ставяцца ўпрыгожаныя гірляндамі батлейкі, паўсюдна фланіруюць павольныя натоўпы – людзі чакаюць святочных цудаў і чароўнага збавення ад абрыдлай жыццёвай руціны. Пра міграцыйны крызіс на Усходзе тут ведаюць і памятаюць, але ён сапраўды не праходзіць па разрадзе самых галоўных навін.

З палітыкамі ўсё ясна: яны канчаткова вызначылі міграцыйны крызіс як гібрыдную вайну, якую абвясціў Еўрасаюзу ці то Менск, ці то Масква – і ніякіх змен у рыторыцы, падыходах, палітычнай стратэгіі тут пакуль не відаць.

З грамадзянамі справы ідуць інакш. Немцы даволі спакойна ставяцца да таго, што ў іх краіну масава прыбываюць уцекачы з Азіі і Афрыкі. Пра гэта сведчаць вынікі апошніх парламенцкіх выбараў: адзіная мясцовая цвёрда антыімігранцкая партыя “Альтэрнатыва для Германіі” набрала ў верасні 10 %, страціўшы праз чатыры гады каля мільёна галасоў і 11 дэпутацкіх мандатаў. Астатнія палітсілы, хоць і супраць некантраляванай міграцыі, але, калі перасяленню народаў вызначыць берагі і рамкі, цалкам гатовыя такое перасяленне пад-трымаць. Сярод абывацеляў даволі масавай з’яўляецца сімпатыя да бяздольных, да людзей, якія шукаюць выратавання ад ваенных бедстваў і гуманітарных катастроф. Муніцыпалітэты многіх буйных і малых гарадоў дэкларуюць гатоўнасць прыняць уцекачоў – хутка, без бюракратычных зацяжак, у адпаведнасці з квотамі ці нават звыш такіх: пра гэта ўжо заявілі ўлады Мюнхена, Кёльна, Фрайбурга, Гетынгена, Гісена. У падтрым-ку адкрыцця меж для курдаў, якія захраслі на польскіх межах, праводзяцца адзінкавыя пікеты, студэнцкія мітынгі, шматлюдныя маніфестацыі.

Гуманітарныя арганізацыі на ўсю моц збіраюць для ўцекачоў адзежу і ежу, дзецям рыхтуюць цацкі, для ўсіх без разбору ўзросту і полу – медыцынскі догляд і цёплае жыллё. Нават перавозку да новага месца жыхарства актывісты гатовыя ўзяць на сябе, не абцяжарваючы гэтым федэральны бюджэт.

Тарык Алаўс, актывіст арганізацыі Seebrucke Deutschland (Германія):

– Я не здзіўлюся, калі ўрад не дазволіць нам даставіць мігрантаў у Германію на аўтобусе. Гэта будзе адпавядаць прынцыпам цвёрдай палітыкі абмежавання міграцыі, якой Еўропа прытрымлівалася шмат гадоў. Але, мне здаецца, у Ангелы Меркель пад канец палітычнай кар’еры з’явілася магчымасць зрабіць выключны гуманістычны палітычны жэст.

Уласна, досвед уцякацкага патопу, які здарыўся ў 2015-м, моцна паўплываў на стаўленне немцаў да цяперашніх калізій. Тады, як вядома, Ангела Меркель прамовіла: “Мы справімся!” – і гэта дало старт нападу на Еўропу адразу з многіх кірункаў мільёнаў азіятаў і афрыканцаў. Нават высокапастаўленыя службоўцы ўспамінаюць, што іх не пакідала тады адчуванне непазбежнай катастрофы: тагачасны кіраўнік МУС дэ Мез’ер кажа, што сітуацыя нярэдка выходзіла з-пад кантролю, а вышэйшыя службоўцы ў Германіі вельмі асцярожныя ў словах. У першы год быў пададзены мільён заяў пра прытулак, у наступным годзе – 750 тысяч. Паміж немцамі і новапрыбылымі была культурная прорва, што не магло не прывесці да канфліктаў: паліцыя зафіксавала 76 падпалаў у гарадках для перамешчаных асобаў. Але больш за ўсё палохаў дзень не сённяшні, а заўтрашні – якое прымяненне знайсці мільёнам уцекачоў:   

Рэпартаж Deutsche Welle. 2015 г.: “Па падліках Інстытута германскай эканомікі, Германія выдаткуе на ўтрыманне ўцекачоў да 50 млрд еўра. А ў 2017-м урад нават вымушаны быў залезці ў пазыкі, па меркаванні міністра эканомікі Шойбле. А вось потым эканоміка краіны можа нават выйграць ад прытоку ўцекачоў: яны маглі б працаваць у сферы догляду за састарэлымі”.

Наўрад ці гэта гаварылася сур’ёзна – пра некалькі мільёнаў санітараў і санітарак. Але на кожнага ўцекача штомесяц даводзілася выдзяляць па 360 еўра, неабходна было адшукаць па 6 квадратных метраў на кожную новапрыбылую душу… А перспектывы інтэграцыі былі прывідныя – сярод уцекачоў досыць было тых, якія ваявалі,  галадалі, гадамі не працавалі, паколькі якая можа быць праца ў пекле: вось толькі кваліфікаваных спецыялістаў практычна не было. І, дарэчы, дагэтуль праблема прафадукацыі мігрантаў не вырашана. Але, у любым выпадку, катастрофы не адбылося: у 15-16 гадах злачыннасць вырасла адсоткаў на 5-7, але затым звалілася ніжэй дакрызісных паказчыкаў. Выдаткі бюджэту на перасяленцаў змяншаюцца: з 9 мільярдаў пяць гадоў назад, да 4 з паловай летась. Германія, хоць і не канчаткова, пераварыла новапрыбылых.

Тым не менш, Берлін адхіліў прапанову Менска забраць 2000 мігрантаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнік урада Германіі, піша Deutsche Welle.

Паводле Алега Раманава.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3117
Далучайцеся да нас