Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Валянціна Аксак: “Тварыць гармонію з хаосу”

Валянціна Аксак: “Тварыць гармонію з хаосу”

24 лістапада 2021, 21:54 Культура 66
Валянціна Аксак:   “Тварыць гармонію з хаосу”

Беларускае літаратурнае жыццё не перапыняецца. Новыя абставіны забаронаў, карантынаў, абмежаванняў, ізаляванасці мо яшчэ і спрыяюць  таму. Раз-пораз чуеш абвесткі пра з’яўленне ці прэзентацыю  новай беларускай кнігі. Месяц-паўтара таму прыхільнікі творчасці Валянціны Аксак даведаліся пра выданне яе дзявятага зборніка “Трэці Эдэм.” Мо і не варта распытваць паэтаў: яны ж у вершах усё выказалі, ды ўсё ж наважыліся задаць зямлячцы, ураджэнцы нясвіжскіх Смалічоў колькі пытанняў.

– Кажу і не сумняваюся, што паэзія – гэта стыль Вашай паўсядзённасці, вобраз Вашага жыцця. Гэта лёгка ці цяжка, камфортна ці не? Як жывецца з паэтычнай творчасцю?

– Жыву, як жывецца. А каб зразумець, ці лёгка гэта, ці цяжка, трэба пажыць  і неяк не так, бо, як вядома, усё пазнаецца ў параўнанні. Ну, а паколькі іншага зямнога жыцця нам не дадзена, то застаецца прыняць тое, якое наканавана. І лішне не пераймацца цьвяльбою пра лёгкае-цяжкае, камфортнае-прыкрае. Тое, з чым Бог паслаў нас у гэты свет, немагчыма перайначыць, і кожны мусіць прайсці свае святліні і цянёты. 

– Калі ў Вас быў усяго першы зборнік “Цвінтар”, мы сустрэліся ў Вашых Смалічах. Жылі яшчэ бацькі. Вы прыехалі вясной ім сёе-тое дапамагчы, пацешыць  унукамі. На пытанне школьнікаў – адкуль бяруцца вершы – адказалі: “З грады”. Які сёння адказ на тое ж пытанне?

– Ну, Вы ж заспелі мяне тады ў градах, то я і сказала так жартам. Але калі сур’ёзна, то я і сёння не ведаю адказу на гэтае пытанне. Кожнае новае трымценне гукаў недзе ў глыбінях непадуладнае вонкавым абставінам. Яно здараецца незалежна ад месца і часу, фізічных высілкаў ці разу-мовай напругі. І я сама не ў змозе пакіраваць гэтаю стыхіяй.

  – Гэта самая распусная кніга, – скажа каторы чытач. І слушна. А іншы запярэчыць, што самая цнатлівая. Межы раю і пекла рухомыя, і яны пралягаюць праз усе дзевяноста вершаў дзявятай кнігі Валянціны Аксак. “У яе “Трэцім Эдэме” гібее разбэшчанасць першага, сохне пыхлівасць другога, набухаюць бутоны ўсёдаравальнага новага”, – пададзена ў анатацыі да Вашага апошняга зборніка. Ці можаце што дадаць да гэтага наведвальніку кнігарні, які запыніўся ля паліцы і раздумвае: купіць – не купіць? Выпадковаму чытачу што скажаце пра дзявяты  зборнік?

– Думаю, што ў аддзелах кнігарняў, дзе прадаюцца паэтычныя кнігі, не бывае ці амаль не бывае выпадковых пакупнікоў маіх кніг. Пасля выхаду маіх першых – “Цвінтара” і “Капліцы” – я атрымлівала лісты ад невядомых чытачоў не толькі з розных месцаў Беларусі, а нават з далёкае Сібіры і яшчэ далейшае Амерыкі. Цяпер чуецца чытацкае рэха пераважна ад тых, каму маё імя ўжо знаёмае. Маю сціплы спадзеў, што яны заўважылі адметнасць “Трэцяга Эдэму” ад усіх маіх папярэдніх кніг.

 – Скажу ад сябе: мне вельмі імпануе гераіня менавіта гэтага зборніка. Амаль з кожнага верша бяру-прымяраю  яе параду, як жыць, якой быць…

– Не маю права нікому нічога раіць. Кожны чалавек – непаўторны, і ў кожнага свой кон, свой шлях. Сама сабе даю штодзённы наказ слухаць заданне Неба.

– Мо падтрымаеце мяне ў думцы: “Валянціна Аксак – паэтка  … і грамадзянскага гучання. Яе лісцік кляновы “трымціць на паўночным паўшар’і” як закладачка між старонак ад першага да апошняга зборніка. Для такой высновы мне дастаткова сярод 89 аднаго невялічкага верша.

– “Тут, у абрысах кляновага лісціка, магілы бацькоў нас трымаюць мацней за жалезныя засаўкі чужынскай улады”. Сапраўды, гэты вобраз радзімы не адпускае мяне і паўтараецца ў розных інтэрпрэтацыях у некалькіх маіх кнігах. Але я не прымаю падзелу паэзіі на так бы мовіць грамадзянскую і нейкую яшчэ. Рыфмаваныя плакатныя лозунгі і барыкадныя клічы ў маім успрыняцці – гэта ўсё ж публіцыстыка. Не мой жанр.

– Так, не Ваш. Але “тварыць гармонію з хаосу, ” як выказаліся Вы ў адной з гутарак, – гэта  справа сусветнага маштабу. Ваша грамадзянскасць – без патэтыкі і пафасу, без лозунгаў і клічнікаў.  Беларусам і беларускам  паболей бы якасцяў мудрай, годнай, разважлівай і рашучай Ліліт, якая змагла супрацьстаяць ганьбе, адважылася перайначыць лёс, каб  ствараць райскі сад для самой сябе. Мо гэта толькі жаночае, прыватна асабістае, але чаму б не прыняць гэта кожнаму. Усё ж “…сотню гадоў да сябе мы не рушым”.

Тут жа адзначу і Ваш грамадскі чын дзеля роднай мовы, у якую Вы вяртаеце напаўзабытыя ці зусім забытыя даўнія словы, а таксама  ўзбагачаеце густоўнымі новатворамі, вельмі натуральнымі для яе па гучанні і будове. Праўда, як падаецца мне з папярэдніх Вашых адказаў, гэта падсвядомае дзеянне, якое адбываецца само сабой. Ці так?

– Усё, што звязана з маёй гукаслоўнай творчасцю, не падуладнае маім нейкім планам ці мэтам. Яно ідзе з душэўных запатрабаванняў, а як яны ўзнікаюць, я не ведаю.

 – Ці ёсць у Вас асабліва дарагі, любімы ці памятны зборнік? Ці ўсе любімыя і дарагія, як дзеці для бацькоў? Ці, як тое бывае ў творчых людзей, такім  ёсць апошні плён, дзе самыя свежыя пачуцці і думкі?

– Кожны новы дарагі і любі-мы і здаецца самым лепшым, пакуль  з ім жыву сам-насам. А як толькі бяру ў рукі ўжо надрукаваны, і гэткім чынам адлучаны ад аўтарскай інтымнасці, адразу бачу ўсе ягоныя хібы. І накрывае расчараванне. Яно гусцее, калі праходзіць месяц, другі, год, а чытачы і крытыкі маўчаць. Гэта, як навальнічная хмара, якая знянацку насцігае ў полі, і ты бездапаможны. Ці калі адзін стаіш у лесе і гукаеш, а рэха няма. Цяпер магу з удзячнасцю ўзгадаць вельмі цёплы чытацкі прыём маёй першае кнігі “Цвінтар”, што дало неверагодную ўнутраную веру ў сябе і нарадзіла праз два гады “Капліцу”. Крытыкі ў рэцэнзіях асцярожна намякнулі, што другая кніга паўтарае першую. Гэта было балюча, але карысна. Праз пяць гадоў выйшаў “Антычны дождж”, які меў вельмі шырокі ўхвальны рэзананс. Чаго не магу сказаць пра “Віно з Каліфорніі” і “Ружоўніцу”. Нейкія водгукі былі, але я адчувала, што і ў ва мне перастае гучаць ранейшая музыка словаў. Дзевяць гадоў было так, як быццам мову заняло. А потым неяк нешта ціха затрымцела, і адзін за адным нарадзіліся гэтыя позьнія дзеці –  “Дзікая сліва”, “Завінены рай”, “Кава ў арліным гняздзе” і цяпер вось “Трэці Эдэм”.

– Ці вымалёўваецца-фармулюецца ідэя дзясятага зборніка? Асабіста мне “Трэцяга Эдэма” хопіць яшчэ на месяцы тры-чатыры, а пасля як апантаны аматар-калекцыянер пачну жыць чаканнем  новага.

– Ну Вы ж ведаеце прымаўку пра тое, што калі хочаш насмяшыць Бога, то раскажы яму пра свае планы.

– Будзем верыць, што Божыя планы  і надалей павядуць Вас па ледзь бачнай сцяжынцы, што завецца паэзіяй. Ад чытачоў “Нашага слова”, ад землякоў  шчырыя зычэнні поспеху.

Наталля Плакса,

Станіслава Вальчык.

Нясвіж.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2114
Далучайцеся да нас