Беларускае краязнаўства мае даўнія традыцыі і налічвае па меншай меры некалькі соцень гадоў. Згодна з Энцыклапедыяй гісторыі Беларусі існуюць звесткі па дзейнасці краязнаўчых суполак у сярэднія вякі, пэўная актыўнасць у гэтым кірунку, звязаная з дзейнасцю студэнцкіх таварыстваў, адзначаецца ў ХVІІІ-ХІХ стст.
Пра разуменне важнасці такой дзейнасці для развіцця беларускай нацыі сведчаць публікацыі ў газеце “Наша Ніва” (1908-1914 гг.), дзе мы можам знайсці матэрыялы этнаграфічнага характару і інш.
Аднак грунтоўнае развіццё і практычную значнасць краязнаўчы рух набывае ў 20-я гады ХХ ст. Так, створаны 30.01.1922 г. на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) меў у сваім складзе 2 секцыі (гуманітарную і прыроды). У канцы 1923 г. на правах пастаяннай камісіі было створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сувязі з планамі слоўнікавай камісіі Інбелкульта па стварэнні народнага слоўніка была распрацавана інструкцыя для збірання народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове. Дакумент быў выдадзены ў 1925 г. Значную ролю ў збіранні лексічнага матэрыялу адводзілі краязнаўцам. Дзеля эфектыўнай камунікацыі быў заснаваны штомесячнік “Наш край”. Так, у № 1 за 1925 г. былі надрукаваны такія матэрыялы, як Статут краязнаўчага тава-рыства, а таксама Інструкцыя для збірання народнага слоўніка тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове. У Інструкцыі падкрэслівалася: “Запісаць пажадана ўсе словы, якія ўжываюцца ў вашай мясцовасці. … Пажадана, каб былі запісаны найбольш характэрныя беларускія словы, што ўжываюцца… асабліва-ж тыя, якія адрозніваюцца ад слоў расійскай ці польскай мовы па вымове або па значэнні”. Падрабязна пазначалася, на якія часціны мовы звяртаць увагу: на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, выклічнікі, выразы і звароты, (запазычаныя) чужазем-ныя словы, уласныя імёны людзей, мянушкі жывёл і людзей.
Зразумела, што краязнаўцы займаліся не толькі збіран-нем лексікі, але і іншымі рэчамі. Так, на старонках штомесячніка “Наш край” друкавалася праграма першапачатковага азнаямлення з краязнаўствам, задачы школьнага краязнаўства, асаблівасці правядзення і ўдзелу ў перапісе, значны акцэнт рабіўся на правядзенне прыродазнаўчай работы. Акрамя таго, перыядычна падводзіліся вынікі краязнаўчай дзейнасці і друкаваўся аналіз па акругах.
Слоўнікавая камісія таксама рэгулярна падавала звесткі пра сабраны матэрыял, аналізавала якасць і рабіла заўвагі па афармленні дасланых картак. Такія публікацыі заўсёды падаваліся за подпісам сакратара камісіі М. Байкова. Акрамя таго, камісія заахвочвала збіральнікаў і матэрыяльна, дакляруючы прэміраваць найлепшых з іх. Усе гэтыя захады далі надзвычайны плён. Так, на пачатак 1927 года паступіла звыш 130 тысяч слоў ад мясцовых карэспандэнтаў, а на канец таго ж года картатэка налічвала больш за 400000 адзінак (паводле І.К. Германовіча). У выніку супольнай працы былі выдадзены наступныя слоўнікі: “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча, “Віцебскі краёвы слоўнік” М. Каспяровіча, “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” М. Шатэрніка, часткова былі падрыхтаваны матэрыялы слоўніка Мазыршчыны і інш.
У далейшым адпала вострая неабходнасць у працы па збіранні лексікі менавіта краязнаўцамі, што абумоўлена не толькі выданнем вышэйназваных краёвых слоўнікаў, але і рэпрэсіямі супраць актыўных грамадскіх і навуковых дзеячаў, а таксама неспрыяльнымі палітычнымі працэсамі, якія прывялі ў тым ліку да тэрытарыяльнага падзелу этнічнай беларускай тэрыторыі.
У ХХІ ст. істотна змяніліся ўмовы ажыццяўлення краязнаўчай дзейнасці. Наша краіна з вясковай стала адной з самых урбанізаваных у Еўропе. Акрамя таго, за апошнія гады значна зменшылася колькасць навучальных устаноў на нацыянальнай беларускай мове. Дзяржаўная па юрыдычным статусе, беларуская мова мала выкарыстоўваецца ў навуковай сферы, у афіцыйным ужыванні, у справаводтве і г.д. Гэты факт значна звужае магчымасці для развіцця краязнаўчай лінгвістычнай дзейнасці, бо носьбіты мовы масава перасяліліся ў горад, а моладзь не мае практыкі штодзённага карыстання роднай мовай ні ў горадзе, ні ў вёсцы. Штодня мы з’яўляемся сведкамі таго, як традыцыйна беларускамоўная дзейнасць па асвятленні традыцый нашага народа (святы, апісанне страваў, абрадаў і г.д.) ажыццяўляецца на рускай мове.
Тым не менш, мы павінны зазначыць, што запачаткаваная ў часы Інбелкульта дзейнасць краязнаўцаў па стварэнні агульнага слоўніка жывой беларускай мовы дала плён не толькі ў выглядзе вялікай картатэкі і выдання краёвых слоўнікаў. Была закладзена шырокая традыцыя па ўкараненні краязнаўчай дзейнасці ў школьную практыку, у ВНУ, у бібліятэчную сферу. Да нядаўняга часу існаваў курс у ВНУ “Беларусазнаўства”, падчас якога ў студэнтаў фармавалася натуральнае пачуццё павагі да нашай нацыянальнай культуры. А ў асобных універсітэтах выкладчыкі запачаткоўвалі свае спецкурсы. Так, у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце М.А. Даніловічам распрацаваны спецкурс “Лін-гвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны”, у якім вельмі грунтоўна разглядаюцца ўсе аспекты лінгвістычнай краязнаўчай дзейнасці.
Акрамя таго, не спынялася ў розных кутках нашай краіны дзейнасць па фіксацыі асаблівасцяў роднай гаворкі. Гэта і выданні настаўнікаў, сапраўдных аматараў-краязнаўцаў, а таксама і разнастайныя матэрыялы, найперш дыялектныя, падрыхтаваныя і апрацаваныя навукоўцамі. Зна-кавымі як для краязнаўчай супольнасці, так і для навуковай грамадскасці сталі наступныя нядаўна вы-дадзеныя слоўнікі: “Альпенскі дыялектны слоўнік” – аўтар І. Ляш-кевіч (Альпень-Берасце, 2004 г.), “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” – Алесь Зайка (Слонім, 2011 г.), яго ж Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны (2014), а таксама Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны (2015). Адметнае месца ў шэрагу такіх слоўніку займае “Дыялектны слоўнік Гілевіч Н.І.”, падрыхтаваны з дапамогай студэнтаў дзеля ўвядзення ў навуковы ўжы-так адметнай лексікі. У нашай краіне сіламі краязнаўцаў, часта сяброў ТБМ, выдаюцца часопісы, зборнікі краязнаўчай тэматыкі ў Лідзе, Нясвіжы, Мёрах, Гомелі і інш.
Набыткі і праблемы края-знаўчай дзейнасці часта служылі падставай для арганізацыі і пра-вядзення адпаведных канферэнцый. ТБМ таксама зрабіла свой унёсак у краязнаўчы рух. Так, у 2012 г. сіламі ТБМ была праведзена канферэнцыя “Сучасны стан бела-рускага краязнаўства” і краязнаўчы фестываль, у 2019 – канферэнцыя “Нашы вякі – наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны”. Паводле выступаў удзельнікаў, сярод якіх былі і лінгвісты, і краязнаўцы выдадзены зборнікі матэрыялаў.
У аснове беларускага краязнаўчага руху заўсёды былі прага да ведаў і любоў да роднага краю. Гэтым жа вызначалася дзейнасць супрацоўнікаў Інбелкульта, якія ахвяравалі свой талент, веды і сілы на развіццё беларускай мовы, беларускага мовазнаўства.
Навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі
Алена Анісім.