Новая кніга беларускага гісторыка мастацтва Галіны Аляксандраўны Флікоп-Світы “Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі ХVII – першай трэці ХIХ стагоддзя”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука”, была прадстаўлена чытачам 28 кастрычніка ў менскай “Акадэмкнізе”. На сустрэчу з даследчыцай прыйшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, вернікі розных канфесій, якія атрымалі каштоўнае выданне з дарчымі надпісамі.
Ураджэнка горада Ліды і выпускніца БДУКіМ па спецыяльнасці “Мастак народных рамёстваў” Галіна Флікоп-Світа шмат гадоў даследуе рэлігійнае мастацтва, іканаграфію ўніяцкіх храмаў Беларусі. Яна скончыла ЕГУ і магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі і з’яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац.
У 2014 годзе спадарыня Галіна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Мастацкія і іканаграфічныя асаблівасці іканапісу грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі ХVIII – першай паловы ХIХ стагоддзя”. Новая кніга з’яўляецца падсумаваннем дзесяцігадовай навуковай працы, у ёй глыбей распрацаваны некаторыя аспекты папярэдняга даследавання. У кнізе ідзе гаворка пра помнікі іканапісу, а таксама пра інтэр’еры грэка-каталіцкіх храмаў.
– Як спадкаемца праваслаўнай традыцыі Грэка-каталіцкая царква першапачаткова захоўвала адпаведны выгляд інтэр’ераў. Пасля інтэр’еры пачалі мяняцца, шмат дзе іканастасы зніклі, алтар стаў адкрытым, з’явіліся прысценныя алтары, назіраўся сінтэз традыцый, – пракаментавала змест новай кнігі Галіна Флікоп-Світа.- Шмат дзе суіснавалі і іканастасы, і прысценныя алтары. У кнізе разглядаецца, у якіх рэгіёнах якія тыпы алтароў прэваліравалі і ў чым былі іх былі асаблівасці.
Другая частка кнігі прысвечана іканастасам, апісанню таго, якімі яны былі, якія абразы ў іх уваходзілі. Трэцяя частка выдання прысвечана непасрэдна прысценным алтарам, а таксама скульптурам, якія аздаблялі алтары, і алтарнаму жывапісу.
У кнігу ўвайшлі матэрыялы экспедыцый аўтара па тэрыторыі Беларусі, фотаздымкі помнікаў мастацтва, якія знаходзяцца ў музейных зборах і маюць дачыненне да спадчыны грэка-каталіцкай царквы, і вялікі пласт здымкаў, зробленых супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнікі музея Мікалай Мельнікаў і Уладзімір Карэлін выязджалі ў экспедыцыі пачынаючы з 1970-тых гадоў і сабралі вялізны экспедыцыйны архіў, больш за 50 гадоў яны збіралі матэрыялы і працягваюць працаваць.Тое, што можна было ўбачыць у храмах ў 1970-80 гадах, на сёняшні час ужо страчана.
Да кнігі ёсць электронны дадатак на дыску, дзе прадастаў-лена інфармацыя пра 2600 грэка-каталіцкіх храмаў, якія некалі існавалі на тэрыторыі Беларусі. Былі выкарыстаны пратаколы візітацый цэркваў, прыводзіцца апісанне інтэр’ераў. Ёсць асобны раздзел, прысвечаны Царскім брамам, га-ворка ідзе пра саламяныя Царскія брамы, і пра найлепшыя ўзоры разьбарства.
Работа напісана пры выкарыстанні дакументаў з архіваў і музеяў Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Аўстрыі, у якіх адлюстраваны стан каля 2600 прыходскіх, манастырскіх і кафедральных храмаў Вялікага Княства Літоўскага.
Кніга прызначана для мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, рэлігіязнаўцаў, музейных супрацоўнікаў, краязнаўцаў, для усіх, хто цікавіцца айчыннай культурнай спадчынай.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.