Сёлета ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва як заўсёды рушыла на Дзень пісьменства. Свята адбывалася ў Капылі, і па дарозе мы наведалі яшчэ некалькі мястэчак. Маршрут наш быў наступны: Магілёў – Замосце – Пукава – Грозава – Капыль – Валок – Магілёў.
Варта адразу сказаць, што па такіх мясцінах магілёўцы паехалі ўпершыню, а таму нам было ўсё дужа цікава. Першае мястэчка, якое наведалі, было Замосце. Тут знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры былы кальвініскі збор, пабудаваны ў пачатку 17 стагоддзя. А зараз гэта касцёл святой Барбары. Храм знаходзіцца ў цэнтры мястэчка каля трасы, і таму досыць проста было пад’ехаць і аглядзець святыню. У 2012 годзе ў Замосці каля школы адкрылі памятны знак земляку Міхаілу Мукасею (1907 – 2008) – савецкаму разведчыку, палкоўніку КДБ, які працаваў у ЗША і краінах Заходняй Еўропы пад кодавай назвай “Зефір”.
Праз 20 кіламетраў па трасе Р91 у накірунку да Капыля наведалі цікавую мяс-ціну Пукава. Прычым, з правага боку дарогі знаходзяцца Сунаі – таксама гістарычная цікавая мясціна. А з левага боку – Пукава. Першымі ўладарамі маёнтка лічыцца князь Францішак-Ксаверы Друцкі-Любецкі, а наступнымі былі паны Ёдкі. Сядзібны дом першапачаткова быў драўляны, а ў 1846 годзе Тамаш Наркевіч-Ёдка прыбудаваў мураваную частку палаца, якая захавалася да нашага часу. У парку ёсць некалькі гаспадарчых будынкаў. Адзін з іх з стромкімі калонамі выглядае дужа таямніча і аб прызначэнні збудавання таксама не ўсё зразумела: адны мяркуюць, што тут была лазня, а іншыя кажуць, што вяндлярня. Але як бы там ні было, помнік выглядае вельмі прыгожа, і магілёўскія валацугі будынак гэты ўвесь аблазілі і ўдосталь нафатаграфаваліся. Яшчэ некалькі гаспадарчых будынкаў у парку знаходзіцца ў занядбаным стане, а некаторыя і дагэтуль выкары-стоўваююца мясцовым прадпрыемствам. У Пукаве ў парку дарога грунтовая, і толькі наш мікрааўтобус і мог сюды праехаць, і далей па грунтоўцы мы накіраваліся на Грозава.
Мястэчка Грозава – вялікае паселішча. На цэнтральным пляцы захавалася некалькі дарэвалюцыйных будынкаў, якія былі калісьці гандлёвымі крамамі. Тут жа ў цэнтры мы агледзелі і разам сфатаграфаваліся каля памятнага крыжа, які ўсталяваны ў гонар Слуцкага збройнага чыну. На помніку шыльда з наступным надпісам: “У Грозаве ў лістападзе 1920 года падчас Слуцкага збройнага чыну быў утвораны 2-гі Грозаўскі полк абаронцаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Памяці палеглых ге-рояў антыбальшавіцкага паўстання”. На ўскраіне вёскі знаходзіцца палац і парк Мержыеўскіх. Палац пабудаваны ў стылі класіцызму і зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі.
У Капылі першай справай мы…. узялі штурмам Замкавую гару. Давялося сапраўды няпроста на стромкую вышыню ўзбірацца, адкуль адкрываюцца прыгожыя краявіды гарадка. Затым пашпацыравалі ў цэнтр горада, дзе адбывалася святкаванне Дня пісьменства. На свята гэтае магілёўцы наведваюцца штогод, і кожны з нас знаходзіць для сябе нешта цікавае: нехта набывае новыя кнігі, іншы наведвае музейныя экспазіцыі, заўсёды можна сустрэць добрых знаёмцаў і вядомых пісьменнікаў і гісторыкаў. І, самае галоўнае, пабрындаць па горадзе і паглядзець яго помнікі і цікавосткі. Некаторым у гэты раз удалося нават пакатацца на верталёце!!!! Асабіста я наведаў мясцовы краязнаўчы музей, дзе на самым уваходзе помнік земляку Цішку Гартнаму. Аглядзеў перасоўныя выставы іншых музеяў, што месціліся на цэнтральных вуліцах. Сустрэў нашага вядомага літаратара Язэпа Янушкевіча, які мне падпісаў свае новыя кнігі. У цэнтры Капыля знаходзіцца праваслаўная царква Ушэсця Гасподняга 1866 года. А побач захаваліся прыгожыя дамкі былой гандлёвай плошчы. Адзін з будынкаў наведаў у свой час Народны паэт Янка Купала, аб чым говорыць мемарыяльная шыльда. На адной з галоўных вуліц памятны крыж, прысвечаны ахвярам рэпрэсій 20- 80 х гадоў 20 стагоддзя. Недалёка ад Замкавай гары захаваліся старажытныя хрысціянскія могілкі з цікавымі помні-камі. А вось габрэйскія могілкі давялося крыху пашукаць, пытаючыся месцічаў. І праз 10 хвілін хады я апынуўся ў гэтым цікавым закутку Капыля. Зараз могілкі ўжо не на ўскраіне горада, а можна сказаць, амаль у цэнтры раённага цэнтра на ўзвышшы. Відавочна, што пахаваннні прыбіраюць, і нядаўна тут прайшлі рэстаўрацыйныя работы, бо мацэвы, каменныя надмагіллі, добра ўсталяваны, дагледжаны. Пасярэдзіне могілак усталяваны памятны знак на якім напісана: “Габрэйскія могілкі ў Капылі 18 – 20 стагоддзі”. Прычым надпіс зроблены на трох мовах. У цэнтры горада на канцэртных пляцоўках выступалі цікавыя музычныя калектывы з усёй Беларусі, якія выконвалі народныя песні. Набыўшы на кірмашы сувеніраў і прысмакаў родным і сябрам, сабраліся ў вызначыны час у аўтобусе і рушылі ў апошняе мястэчка нашага маршруту.
Калі павярнуць з трасы Слуцк – Менск на трасу Р68 у накірунку на Мар’іну Горку, то кіламетраў праз 15 праязджалі мястэчка Валок. Адразу мы з паплечнікамі не планавалі тут спыняцца. Але, калі ехалі на Капыль, то з машыны каля трасы пабачылі цікавае збудаванне, якое нас дужа зацікавіла. Спыніўшыся на адваротным шляху, абыйшлі вакол будынак. Гэта аказаўся пратэстанцкі храм, які нядаўна быў пабудаваны. Архітэктура досыць незвычайная і не характэрная для нашай краіны.
Вандроўка атрымалася вельмі цікавая і насычаная. Надвор’е таксама паспрыяла. Да ўсяго, у сувязі з кавідам, нам, на жаль, рэдка ўдаецца куды выехаць у апошні час. Таму ўсе дужа рады былі зноў сустрэцца і рушыць разам па абшарах нашай Беларусі.
Алег Дзьячкоў.,
Магілёў.