Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Эфектыўная дзейнасць бібліятэчнай супольнасці ва ўмовах СOVID-19

Эфектыўная дзейнасць бібліятэчнай супольнасці ва ўмовах СOVID-19

4 лістапада 2021, 07:58 Культура 21
Эфектыўная дзейнасць бібліятэчнай супольнасці ва ўмовах СOVID-19

21-22 кастрычніка ў Менску праходзіў Міжнародны кангрэс ” Бібліятэка, як феномен культуры” – найбуйнейшае штогадовае міжнароднае навуковае мерапрыемства ў сферы культуры,  якое аб’ядноўвае кіраўнікоў і вядучых спецыялістаў бібліятэк, архіваў, музеяў, адукацыйных і навукова-даследчых установаў, грамадскіх арганізацый, вытворцаў праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі.

Такія мерапрыемствы праходзяць у краіне рэгулярна з 2012 года. Найбольш яркай падзеяй у 2017 годзе быў Міжнародны Кангрэс, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Праграма першага дня кангрэса была насычанай і цікавай: прайшлі секцыйныя паседжанні, круглы стол, майстар-класы і экскурсіі.

Значная частка дыскусіі на VIII кангрэсе была прысвечана дзейнасці бібліятэк у перыяд пандэміі COVID-19, абмяркоўваліся актуальныя пытанні бібліятэчнай сферы ў кантэксце новых выклікаў і праблем, якія ўнесла пандэмія, новыя формы працы з чытачамі.

Як адначыла ў сваім выступленні Анастасія Маслоўская, 2020 год сапраўды стаў беспрэцэдэнтным у нашай гісторыі і непрадказальным. Пандэмія COVID-19 умяшалася ў планы публічных бібліятэк, вымусіла перайсці да электроннага фармату кантактавання і абслугоўвання карыстальнікаў, а таксама – да часовага закрыцця чытальных залаў  і ўдаленай працы бібліятэкараў і бібліёграфаў. Працаўнікі бібліятэк вымушаны былі шукаць новыя спосабы менеджменту, развіцця ан-лайн праектаў і віртуальных конкурсаў, каб прыцягнуць і падтрымаць сваіх чытачоў. Але многія бібліятэкі з гэтым паспяхова справіліся нават у такі складаны час.

 Безумоўна, кантакт з кнігай, зварот да твораў нацыянальнай класікі – адна з важных формаў псіхалагічнай падтрымкі для людзей розных узростаў у перыяд выпра-баванняў. У творах беларускіх пісьменнікаў і замежных аўтараў можна знайсці жыццядайную энергію на пераадоленне крызісаў і адказы на эксстэнцыяльныя пытанні ў такі няпросты час…

На Кангрэсе “Бібліятэка, як феномен культуры” на адной з секцый абмяркоўвалася праца бібліятэк і архіваў па захаванні нацыянальнага дакументальнага фонда, алічбаванне ўсяго масіву перыёдыкі, якая захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў рэгіянальных бібліятэках і архівах.

Пра гэта распавяла ў сваім выступленні Ю.Б. Цвёрдахлебава. Супрацоўнікі абласных бібліятэк і архіваў з Берасця і Віцебска засведчылі пра працу па вывучэнні і адлічбоўцы друкаваных СМІ даціроўкай ад 18-га стагоддзя да сёняшняга дня. Архіў Віцебскай вобласці захоўвае з даўняга часу газеты ў друкаваным і электронным выглядах. Рэсурсы нацыянальнай перыёдыкі цалкам дасяжныя для прагляду і вывучэння даследчыкамі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі набліжаецца да святкавання свайго 100-годдзя. Пра навуковую працу па захаванні гісторыі бібліятэкі, стварэнне персаналій  і развіццё праекта  “Партрэт гісторыі бібліятэкі ў асобах” распавяла галоўны бібліятэкар НББ Ірына Кукета.

Пра ажыццяўленне віртуальнай праектнай дзейнасці ў час пандэміі і развіццё праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” распавяла  загадчыца сектарам Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Лаўрык.                            

Яе выступленне працягнула і дапоўніла галоўны бібліёграф НББ Юлія Амосава, распавядаючы пра конкурсы і іншыя творчыя ініцыятывы, які спрыялі пашырэнню стасункаў з рэгіянальнымі літаратурнымі музеямі, кантактам з роднымі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў – А. Александровіча,  Я. Скрыгана, З. Бядулі і іншых.

У 2021 годзе праходзілі многія ан-лайн мерапрыемствы, у тым ліку, ан-лайн – семінар “Шляхамі маладнякоўцаў” і конкурс для чытачоў “О, Беларусь, мая шыпшына”, прысвечаны У. Дубоўку. На конкурс былі прысланы 880 творчых прац з розных куткоў краіны.  Да 135-годдзя Змітрака Бядулі працягваецца літаратурны конкурс “Беларускі Салавей”, на які ўжо даслана 165 прац.

Шмат увагі ў абмяркаваннях удзялялася захаванню краіназнаўчай і краязнаўчай інфармацыі, стварэнню электронных краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў, паведамлялася пра выхад 12-тага выпуску метадычнага зборніка ў гэтай галіне.

Развіццё інфармацыйных тэхналогій, стварэнне віртуальных праектаў, рупная праца супольнасці высокаадукаваных спецыялістаў бібліятэчнай сферы, міжнародныя кантакты бібліятэк розных краін будуць спрыяць пераменам у грамадстве.

Цікава было пачуць на Кангрэсе выступленне дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Балгарыі імя Св. Кірыла і Мяфодзія – Красіміра Аляксандрава. Гэтая ўстанова не зачынялася ні ў Першую, ні ў Другую сусветную вайну, але вымушана была часова прыпыніць сваю дзейнасць падчас эпідэміі COVID-19.

У Кангрэсе віртуальна ўдзельнічала таксама прадстаўніца Усерасійскай бібліятэкі замежнай літаратуры імя М.І. Рудаміна Вольга Смірнова, якая дзялілася досведам сваёй установы, брала ўдзел у Zoom-фармаце генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Казахстана Умітхан Муналбаева і іншыя асобы.

У межах Кангрэса адбылася таксама цікавая культурная падзея – літаратурныя чытанні “Чытаем Купалу разам” з Юрыем Чорным, кіраўніком Цэнтра па вывучэнні праблем інфарматыкі Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках Расійскай акадэміі навук. З замілаваннем прачыталі ўдзельнікі лірычныя радкі паэмы “Яна і я”.

Удзельнікі форуму падзякавалі арганізатарам і выказалі спадзяванне, што наступны Кангрэс, які павінен прайсці ў 2022 годзе, будзе яшчэ больш прадстаўнічым і плённым.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Далучайцеся да нас